Марыля (убок). Скажу яму, усе чыста скажу! Можа, ён мае сумленне заспакоіць. (Да Патча, змагаючыся з сабою.) Скажыце, панічок, скажыце, сакало-чак... не загневайцеся на мяне!.. (Валіцца к яго нагая.) Не губіце яе, панічок! Яна яшчэ дзіцянё і нічога не знае... Не губіце! Мейце ласку над маткай! Можа ж, і вам калі дзетак Бог пашле... Не губіце! Я яе гэтымі самым! грудзьмі карміла, што і цябе!.. Зжальцеся над беднай удавой! Ці праўда, што яна к вам... што яна? (Слезы не даюць ёй вы-гаварыць. Ашраецца адной рукой аб услончык.)
Зоська. Мамка нічога не ведае... Я аб нічым ёй не казала... Даруйце ёй, панічок!
Паніч (устаючы). Што? што, Лявоніха, хочаш ад мяне? Я нічога не разумею! Я ж не магу пазволіць ізноў тут хату ставіць, калі мне тэту сялібу трэба прылучыць да двара. Раз выкінулі вас, то і ўсё тут. А калі захочаце служыць у мяне, то я ў дварэ дам хату.
Марыля. Я не аб гэта. Я... я малю цябе: не зводзь яе, мае Зоські! Табе, панічок, нічога не станецца, а яна згіне, прападзе за нямашто!
Паніч. Якая Зоська згіне? Што ты выдумала?
Зоська. Я, мамачка, не згіну, а калі і згіну, то мой цень астанецца і будзе жыць на свеце да сканчэння вякоў. Так! Цень будзе жыць, калі я згіну.
Марыля. Чуеце, панічок, што яна кажа? Гэта ты яе ачараваў. Гэта ты мне дачку выдзіраеш! Лепей сэрца ў мяне, яе маткі, выдзеры і зрабі з яго свечку сабе, але дачкі не вырывай у няшчаснай удавы!
Зоська (падыходзячы к матцы, абымае і цалуе ў галаву). Зязюлька мая падстрэленая! Усе роўна тады ці сяды рассыплюцца твае дзеткі па беламу свету, І будуць каршуны кляваць цела іх і хлёптаць кроў цёплую, а шумны вецер паразмятае перайка і чорным пясочкам костачкі іх прысыпе. Толькі ты, зязюлька, гэтага саколіка цяпер не кляні — ён нічога не вінен; я лепей за цябе ведаю.
Марыля (пасоўваючыся з услончыка к нагам Патча). Панічок! Я цябе дзіцянём пры сваіх грудзях выпесці-ла, выняньчыла!.. Я ж цябе магла ўтапіць, задушыць, але ты жывеш і цвіцеш. Не забівай жа ты мяне і адваражы, вярні мне маю Зоську! I ў цябе матка была...
Паніч. Позна ўжо, цётка!
Марыля. О, чаму лепей не плыла атрута з маім малаком у той час, калі...
Пры апошніх словах Паніча ўваходзіць Сымон з тапаром у руках, каторым увесь час пакручвае. Зоська першая ўгледзела Сымона і адышла ўбок.
З'ява VII
Тыя ж і Сымон.
Сымон. Эгэ! Шчырая малітва, відаць, адбываецца перад панічом.
Марыля ўстае і адыходзіць убок.
Зоська. Гэта мамка так сабе! Прасілі паніча, каб пазволіў яшчэ час які тут пасядзець.
Сымон. А ты прасіла, каб ён табе пазволіў там, у яго, ночкі праседжваць.
Паніч. Ты, мой міленькі, азвярэў і не помніш сам, што кажаш. Ведай тое: што кіўну я толькі пальцам, і ты зараз жа зазвоніш ланцугамі за напад на маіх людзей з тапаром, калі ягамосця з хаты выпрошвалі.
Сымон. Ведаю, ведаю! Але пакуль гэта мая сяст-рычка не абрыдне панічу, то ён на яе брата і на матку не кіўне пальцам.
Зоська (увесь час сочыць за Сымонам і тапаром). Братачка! Нашто ты сваю сястру так у балота топчаш? Яшчэ і паміма цябе яе людзі натопчуцца! Кінь дакучаць панічу і мне: гэтым бядзе не паможаш!
Сымон. Ха-ха-ха! Можа, на калені скажаш стаць і маліцца перад ім? (Да Паніча.) Чаго, паніч, прыйшоў сюды? Ці ж табе мала, што яна туды, пад твой палац, бегае? Ці ж табе гэтага мала?
Паніч. Я прыйшоў табе сказаць: дакуль вы будзеце сядзець на маім полі?
Сымон. Я не на панічовым сяджу, а на сваім, і ніхто мяне згэтуль не згоніць!
Паніч А закон нашто?
Сымон. Я і чакаю закону: суд будзе, І праўда верх возьме.
Паніч. Каб за табой праўда была, то не сядзеў бы гэтак пад голым небам.
Сымон. Нашто ж нас да гэтага давёў? Нашто хату раскідаў?
Паніч. Бо з майго лесу была пабудавана.
Сымон. А хто будаваў гэтай вось сякерай? (Трасе сякерай.)
Зоська (становіцца між Панічом і Сымонам). Братачка! Адна сякера пабудавала, а другая раскідала,— прычым жа тут паніч? Ен яе ніколі і ў рукі не бярэ.
Уваходзіць Данілка.
З'ява VIII
Тыя ж і Данілка.