Уваходзіць Паніч; Зоська часіну любуецца ім, а пасля вісне ў яго на шыі.
Заслона.
Акт чацвёрты
Час — позняя восень. 3 саду апала лісце. Сцюдзёна.
З'ява І
Марыля, Аленка, Юрка.
Марыля (уваходзіць з Аленкай і Юркам, сама нясе галлё, а Аленка з Юркам — бульбу ў прыполіках). Ціха, дзеткі, ціха! Зараз абагрэемся і павячэраем. (Кідае галлё.) А бульбачку сюды сыпце! (Дзеці высыпаюць.) Кажаце — халодна? Ну, дык зараз агоньчык вам распалю. (Распальвае.) Цяпер садзіцеся, дзеткі, і грэйцеся, а бульбінкі на агоньчык, на жарок кідайце, каб скарэй пякліся. Не бойцеся, яшчэ не замерзнеце і з голаду не памрацё, пакуль я тут жыву! Але пакуль што не так вельмі халодна. Во як прыйдзе канец восені ды зіма з снегам загуляе, тады — рэч іншая! Ну і тады нічога, дзеткі, нічога! Мінае лета, міне восень, зіма, а там і вясна прыйдзе. Цёпленька будзе, сонейка будзе грэць, траўка зелянець, птушачкі пяяць, садочкі цвісці... А цяпер грэйцеся, дзеткі, грэйцеся! Каб толькі Сымонка наш скарэй з суду вярнуўся.
З'ява ІІ
Тыя ж і Данілка.
Данілка (падыходзячы к агню). А! як добра, што мамка разлажылі агоньчык і бульбачку печыцё, бо мне, праўду кажучы, дрыжыкі па целе так і скачуць, не раўнуючы, як смык па скрыпцы, а тут (паказвае на жывот) кішка з кішкой у такія між сабой кулачкі ідуць, што хоць ты ўрадніка кліч разбараняць іх! (Садзіцца і грэецца.) А-та-та! Як цёпленька! Страшэнна не люблю сцюжы! Так, здаецца, на тэты час закапаўся б дзе ў бярлог, як мядзведзь, i праспаў бы да самае вясны, бяда толькі, што на скуры мядзведжая шэрсць не вырасла!.. Мамка, чаму я не мядзведзь?
Марыля. Бо ты дурненькая варона! Сам не ведаеш, што чаўпеш.
Данілка. Э-э! Каб я быу хоць варонай!.. Ужо б даўно са сваёй скрыпачкай паляцеў адгэтуль куды-колечы ў цяплейшую хату. Але што з пустога ў паро-жняе пераліваць! Mo я трохі i мядзведзь, i варона, але ўсё роўна толькі — Данілка: на льва ці на сакала трудна пры цяперашніх варунках выкіравацца. Окончу скрыпачку — ужо нямнога засталося каля яе работы — i пачну сабе іграць. Каму — вяселле, каму — хрэсьбіны, а каму... Бяда толькі, што няможна іграць на хаўтурах, а то такога «Лазара» завёў бы, што хоць упрысядкі ідзі!
Марыля. Ну, і дагаварыўся! Ці ж пад «Лазара» ідуць упрысядкі?
Данілка. А чаму ж не пайсці? Я сам першы пусціўся б. Мне, калі музыка зайграе, дык і ўсярэдзіне ўсё іграе, а ногі так і чэшуцца да падскаквання.
Марыля. У цябе ўсё нялюдскае. Толькі б і скакаў там, дзе іншыя плачуць.
Данілка. Э! Бо скакаць не ўмеюць, дык i плачуць; як мокрыя вароны, сноўдаюцца, або як блёкату аб'еў-шыся... Ну, хоць бы так, як наша Зоська.
Марыля. А што — Зоська? Дзе ты яе бачыў?
Данілка. Дзе бачыў? Я з двара ішоў, а яна ў той бок цягнулася, распусціўшы валасы, як русалка якая.
Марыля. Няшчасная дзяўчына! Дарэшты губіць яна сама сябе гэтай гульнёй непатрэбнай. Не кажы хаця аб гэтым Сымону.
Данілка. Камедыя — хто не ведае, а хто i ведае, дык усё роўна — камедыя. Чаго тэты Сымон хоча ад ix? Там зусім добрыя людзі жывуць. Вось, хоць бы я... Пайшоў сягоння да ix у пазыкі: прашу, каб далі жылаў ці кішак на струны i хваста на смык. Ну, яны мне так усё гэта і пазычылі, але толькі на струны дроту далі, бо кажуць, што ў іх кішкі і жылы ўсе выйшлі і няма ў запасе. Не кажыце толькі, мамка, Сымону, што я ў гэтыя пазыкі хадзіў туды, а то яшчэ з хаты вон выганіць.
З'ява ІІІ
Тыя ж і Сымон.
Сымон (уваходзіць і садзіцца. Панура). Ці няма чаго з'есці?
Марыля. Зараз бульба спячэцца. Ну, што? Як?
Сымон. Усё прапала: мы прайгралі! Не даказалі сведкі, свае людзі не даказалі нашае даўнасці на тэту зямлю. Усе сведкі праз некага былі падкуплены і споены. Дванаццаць чалавек прысягнула крыва, і суд не мог уважыць нашага прашэння: пацвярдзілі першы прыгавор і прысудзілі выносіцца адгэтуль. Аканчальную па-станову выдалі... далей няма куды падаваць.