Незнаёмы. Час, Сымоне, час! Агляніся кругом сябе і ўспомні ўсё. Дагэтуль ніколі ты сцежкі свае не бачыў, бо вечна нязмытыя слезы на вачах тваіх віселі, хоць чырвоная кроў з цябе капала на сляды твае. Нага-няў ты сабе мазалі непазбытыя, як араў і сеяў, а груга-ны пражорлівыя зярняты твае спелыя клявалі. Як нарадзіўся ты — штось думаў, штось рабіў, тварыў, а што? Нядолю сваю толькі з году ў год гадаваў і пашыраў панаванне яе. Песень і казак чароўных шмат табе матка над калыскай тваёй напяяла; яны доўга ў душы тваёй жылі і радавалі цябе, а што з іх сягоння засталося? Асмя-ялі, аплявалі іх табе нязваныя госці, мучыцелі твае — гора ды крыўда! Агляніся, Сымоне! Успомні, разваж усе! Ус-помні матку, сястру сваю ўспомні, га! і тую вяроўку, на якой бацька твой павесіўся! (Шыбка выходзіць.)
З'ява V
Тыя ж без Незнаёмага.
Сымон (як бы збудзіўшыся). Ах! Ён выйшаў ужо! (Хоча бегчы за Незнаемым.)
Марыля. (хапаючы за руку). Сымонка! Куды ты, дзеткі?
Сымон. Пусціце, мамка! Я хачу папытацца, у якім месцы той сход склікаецца.
Марыля. Не трэба! Не ідзі! Нашто ён табе? Я цябе прашу, дзеткі, астанься!
Сымон. Я толькі папытаюся і вярнуся назад.
Марыля. Не ведаеш дзе, і не трэба! Нашто табе гэны сход страшны? Я не пушчу на яго цябе! Не пушчу!
Сымон. Мамка, пусціце, я толькі даведаюся, і больш нічога!
Марыля (віснучы Сымону на шыі). Усё роўна — не трэба! Там згуба твая і наша. Ах, божухна мой! Чаго яго, гэтага шалёнага клікача, прынясло сюды? Што яму трэба ад нас? Няшчасце за няшчасцем так і ідзе на бедную маю галаву! (Плача.)
Сымон. Чаго плачаш, мамка? Яшчэ ж нічога тако-га страшнага не сталася. Не плачце, мамка! Калі ўжо так хочаце, дык не пайду і пытацца нават.
Марыля (апускаючыся на зямлю). Дабіваеце мяне! 3 усіх старой дабіваюць! Жыццё, якое ёсць, адбіраюць. Кара божая звалілася на увесь род наш. Ах ты, долечка мая няшчасная!
Сымон (адышоўшыся ў старану). А ўсё-такі мушу даведацца, дзе гэны сход склікаецца, каб там і немаве-дама што! I трэба ж было мне не папытацца ў яго? Ці не сказаў ен толькі часам Зосі гэтага? (Да Марылі.) Мамка! Дзе Зося?
Марыля (відавочна манячы). Бог яе ведае! Недзе выйшла. Мусіць, ці не пайшла ў грыбы.
Данілка. Я ж табе, мама, казаў! Зоська пайшла... (Глянуўшы на матку, не дагаварвае.)
Сымон. Куды пайшла?
Данілка. А мусіць, у грыбы, як мамка казала, я не ведаю.
Сымон. Маніш! Добра ведаеш, а толькі не хочаш казаць, кажы! А то...
Марыля. Нашто яна табе? Пайшла і прыйдзе. Ці ж першы раз?
Сымон. Першы ці не першы, а сягоння я мушу ведаць, куды пайшла. (Прыступаючы да Данілкі.) Кажы, шэльма, а не — то біць буду!
Данілка. Я ж табе кажу, што не ведаю. А біць мяне не маеш права: на тое маці ёсць.
Сымон. Яшчэ ен, жаба, будзе са мной абрыдацца! Калі пытаюся, то мусіш сказаць. Я старэйшы за цябе і не які прыблуда, а брат твой.
Данілка. Хоць ты і старэйшы, хоць ты і брат мой, а ўсё роўна, калі і ведаю, то не скажу! Што ж ты са мной зробіш?
Сымон. Выбрашаш усе, аж міла будзе, як юху гаду спушчу!
Марыля (да Сымона). Кшь ты да яго чапіцца! Што з табой сягоння зрабілася?
Сымон. Калі пытаюся, то няхай кажа! (Да Данілкі.) Ну! Чуеш ці не?
Данілка. А як жа! Чую! Нашто ж у мяне вушы?
Сымон. Ну дык кажы! А не — то, як бачыш, душу з цябе выматаю.
Данілка. Не скажу!
Сымон. Скажаш!
Данілка. Хоць зарэж!
Сымон (хапаючы сякеру). Кажы, вужака! а то як стой на дробныя кусочкі скрыпку пашчапаю!
Данілка (хаваючы над сябе скрыпку). I скрыпкі не дам шчапаць, і не скажу!
Сымон (вырывае з-пад Данілкі скрыпку і хоча сеч). Скажаш?
Данілка (кідаючыся к Сымону на каление і цалуючы рукі). А братачка, а родненькі! Пасячы лепей мяне самога на дробныя кусочкі, а скрыпку не чапай! Богам цябе прашу!