Выбрать главу

Данілка. Дык хай бы татка купіў ад двара.

Лявон. Купіў, купіў! А закон пазваляе такім, як мы, купляць? А чынш плацячы, я не выкупіў тэту зямлю? Ды што ты знаеш...

Марыля. (як бы праз сон). А цяпер — на бадзянне, на вечныя мукі, вечныя здзекі, на бадзянне вечнае!...

Зоська. Служыць ісці ў чужую хату, да чужых людзей. У няволю ісці!

Лявон (глуха). Чым я вінен? Чым я вінен? Што любіў тэту зямлю, тэту родную нашу!.. За тое вінен я? За тое любіў яе, каб яна мсцілася нада мной, над нам! і ў свет гнала... Ха-ха-ха! Зямля гоніць тых ад сябе, што з веку ў век свенцяць яе сваёй крывёй гарачай і потам салоным? I за што? За што? (Звесіў галаву і няўзнак уцірае слезы.)

Зоська (падыходзщь і гладзщь па галаве бацьку). Не марыкуйце вельмі, татачка! Юньце вельмі бедаваць! Не згінем на свеце... Што ж рабіць? Неяк жа ды будзем жыць. Не маркоцьцеся, татачка. Я сягоння сон добры сніла.

З'ява VIII

(Тыя ж і Сымон.)

Сымон (убягаючы). Гэта! Чаго сядзіш? Дворныя сохі гародніну і пшаніцу заворваюць!

Зоська. Няхай заворваюць! Іх зямля — іх права.

Марыля (кашляючы). Дайце мне вадзіцы! Душна мне!

Зоська падае вады, падтрымлівае матку — тая п'е.

Сымон. Калі іх зямля, то няхай з'ядуць яе, але дабро наша — мы сеялі!

Лявон (наругаючыся). Мы сеялі, а людзі жнуць, ну дык што ж табе з гэтага прыбудзе што ці адбудзе? Га?

Сымон. Тата сваімі судамі гаспадарку ўсю прасудзіў, а цяпер апошняе двару на здзек аддаў!

Лявон. Не я аддаў, а зямля сама сябе аддала ім на здзек. Я, ты, пяты, дзесяты штосьці ей не ўгадзіў, ну, дык і чураецца сваіх дзяцей.

Сымон. Але нашае працы яна не чураецца. I мы затое павінны бараніць яе ўсёй сваей сілай.

Лявон (насмешліва). Ха-ха-ха! Будзе бараніць той сілай зямлю ад людзей, што тая ж зямля і тыя людзі даўно гэту сілу забралі ад яго! Разумненькі — няма чаго сказаць!

Сымон. У таткі забралі, але ў мяне яшчэ не паспелі, і ў мяне хопіць моцы ў крыўду не дацца, я і не дамся! (Хапае з-за лавы тапор і хоча бегчы, бацька адбірае.)

Лявон. Ані мне важся чапаць іх! А не, то сваей жа рукой заб'ю цябе гэтым тапаром!

Сымон. Я свайго толькі буду бараніць!

Зоська. Тапаром?

Сымон. Хоць бы і сваей галавой! Хто ж мне забароніць? (Тузаюцца.)

Зоська. (разбараняючы і цалуючы рукі Сымона). Кінь, Сымонка! Не йдзі проці волі бацькі! Што ты там адзін зробіш? Мамку хворую толькі перапужалі.

Данілка. I мяне напалохалі. Пакіньце! Што вы — малыя дзеці — гэтак тузацца?

Лявон (да Сымона). Пушчай, разбойнік, тапор. (Вырывав.)

Сымон. Эх, тата, тата! А што нас чакае, як мы гэтак будзем папускацца?!

Лявон (апусціўшыся на лаву, панура). Трэба праўды шукаць не тапаром, а розумам. Дзед твой не меў розуму, я не маю, але ты яго мей, каб з часам цябе і тваіх дзяцей не ганялі гэтак, як сягоння.

З'ява IX

(Тыя ж і Аленка з Юркам.)

Аленка і Юрка. (убягаюць у хату, уціраючы кулакамі слезы). Тата! тата! нейкія людзі страху з нашае хаты здзіраюць!

Лявон. Няхай здзіраюць! Не вашае дзела!

Зоська. Я пайду папрашу іх, можа...

Лявон (з сілай). Не трэба! Не йдзі! Годзе ўжо бацька твой спіны нагнуўся і парогаў наабіваў. Я сам вінен і за ўсіх вас адвет панясу перад людзьмі і перад Богам. Трэ было мне ў сваім часе выехаць з гэтае хаты і не чакаць, пакуль аж прыйдуць выкідаць. А цяпер... сам сабе яму выкапаў сваймі рукамі! (Пасля некаторае паўзы.) Так, так, сам сабе яму глыбокую выкапаў... Без часу прыходзіцца ў яе лезці. Згіненне якоесь прыступае і душыць мяне з усіх старой... У вачах цёмна робіцца... думкі туманяцца... штосьці горла сціскае, дыхнуць не дае. Тара нейкая навалілася на плечы і цісне мяне, як каменнем усяго прыгнятае, а звяр'ё нейкае абсядае і на косці мае трухлявыя ласіцца. (Як памешаны.) Дзе я? Што я? Цёмна, страшна кругом!..