Выбрать главу

Зоська (глядзіць на Сымона перапалоханымі вачыма). Сымонка! Не гавары так, братка! Мне страшна робіцца ад твае гэткае гутаркі. А тут тата не варочаецца... Каб скарэй гэта ўсё скончылася. Неспакойна мне, каб хаця з ім што кепскае не прылучылася?

З'ява XII

(Тыя ж і двое дворных людзей.)

Адзін з людзей. Чаго седзіцё? Бацька павесіўся!

Зоська (кінуўшыся з хаты). Ах, Божа мой, Божа! Такі даканалі старога!

Марыля (хоча сысці з ложка і валіцца на зямлю.) Сымонка, памажы мне!

Сымонка сядзіць на адным месцы і зларадасна пазірае. Людзі падыходзяць браць ложак.

Сымон (хапае тапор і падбягае к ложку, заціснуўшы зубы). Толькі паважцеся штоколечы крануць з хаты!!!

Заслона.

Акт другі

Сцэна прадстаўляе раскіданыя будынкі: тырчыць шулле, печ; валяецца бярвенне, латы, салона, хатняя абстаноўка. У глыбіні сцэны — сад, бліжэй к рампе стаіць адно дзерава, непадалёк ад яго ў непарадку: стол, лавы, табурэткі. Дзеці (Аленка і Юрка) як бы перапужаныя, гульня ў іх не клеіцца. Час — праз два тыдні пасля першага акта. Перад захадам сонца.

З'ява І

Mapыля, Данілка, дзеці.

Данілка (прыбіваючы абраз да дзерава). Ну, ужо, мамка, усе гатова! Давёў у парадак хату, як лепей быць не можа, нават божаньку павесіў, каб было перад кім маліцца. А цяпер мушу за сваю работу брацца. (Садзіцца воддаль і майструе скрыпку.)

Марыля (апускаецца на зямлю і прытульваецца к дрэўцу). Эх, дажыліся, божухна, божухна! Не вісіць твой абразок у хатачцы на пачэсным куточку, а тут — на гэтым дзераве, сярод гэтае руіны. Як сірата, вісіць твой абразок тутака. Дождж яго будзе мыць, сонейка паліць, вецер хістаць, як той бярозкай у полі хістаць. Патапталі, божухна, вярбу тваю свянцоную, пакрышылі тваю свечку грамнічную. А мы, служкі твае верныя, сядзім тут, як пагарэльцы на папялішчы, і сонейка твайго яснага за слязьмі не бачым. Ох, ох! Людзі твайго сонейка не бачаць, праўданькі твае не бачаць, голасу твайго не чуюць. Асвяці ты, Божа, душу маю грэшную, не пакінь майго ўдовінага сіроцтва,— пашлі мне сілачкІ гэтых малых выхаваць! Укрый іх ад галоднае і халоднае смерці і ад благіх людзей укрый іх, Божа!

Данілка. Мамка, мамачка, не галасіце гэтак, а то аж мне на слезы збіраецца, як пагляджу я на цябе!.. Шкода таты, ведама, што шкода, але што ж ты зробіш? Дык не бядуйце, мамка! Я незадоўга ужо скрыпку сваю скончу і так тады заиграю, так заиграю, што ўжо нікому з нас так галасіць не захочацца! А цяпер лепей будзем аб чым іншым гутарку вясці. Мне як вельмі сумна зробіцца, што скрыпка не ўдаецца, дык я тады сам з сабою гутару і гутару... Ну, што ж бы такое? Э! Трудна неяк і да розуму прыйсці. Ага! Вось скажыце мне, мамка, чаму гэта так доўга гэту не хавалі? Усё ніяк дагэтуль не сабраўся папытацца цябе аб гэтым.

Марыля. Не хавалі, бо так трэба было,— следства рабілі. Закон, бачыш, такі ёсць: як хто сам праз сябе памрэ, дык датуль няможна хаваць, пакуль не дойдуць, як і праз што ён душой загавеў.

Данілка. Ага! Ведаю цяпер. Значыцца, як і я памру, дык не будуць датуль хаваць, пакуль не даведаюцца ў мяне, нашто я памёр. А-а-а, скажыце мне, мамка, нашто гэта людзі родзяцца, каб пасля ўміраць? Бо ж, я думаю, невялікі цымус ляжаць засыпанаму зямлёй.

Марыля. Гэтак ужо Богам устроена на свеце. Нічога не парадзіш.

Данілка. Несамавітае, як так, гэтае устройства. А ці праўда, мамка, што ёсць такая старонка, праз каторую плывуць крыніцы з жывой вадою? Кажуць, калі напіцца тае вадзіцы жыватворнае, дык чалавек ніколі не ўмрэ.

Марыля. Можа, і ёсць. Хто ж яго ведае! Але яшчэ тае крыніцы ніхто не бачыў і не піў з яе, бо каб хто-небудзь піў, то хоць адзін чалавек жыў бы і жыў на свеце больш, як усе людзі жывуць, а так няма: усе як ёсць рана-позна ўміралі, уміраюць і ўміраць будуць. Такая ўжо воля боская.

Данілка. Але ўсё-такі жывая вада ёсць, як сабе, мамка, хочаш! Бо і нашто ж бы ўсе так аб ей гаварылі? Як я вырасту такі вялікі і дужы, як наш Сымонка, тады пайду з сваей скрыпачкай шукаць гэнае крыніцы, а як знайду — сам нап'юся і вас усіх пачастую, і будзем мы жыць і жыць, аж пакуль не памром!