Выбрать главу

— Авой, Казіміраўна, ты плачаш? — Манька пляснула далонямі.— Колькі цябе ведаю, адно і тое: як вып’еш — адразу Ў слёзы. Казала сотню разоў, што грэх так рабіць. Твае хлопцы на тым свеце ў вадзе ляжаць ад бязмерных слёз. Нездарма ж і Колечка мне сніўся, прасіў, скажы, цётачка, мамцы, каб больш не плакала, а то мокра нам, плаваем у вадзе. Во як, Казіміраўна.

— Ат, Манька, няхай плача,— гэта Міцька не ўтрымаўся, — менш у тувалет хадзіць будзе. Гарэлка плача, а не яна сама.

— Цыц, скаціна! — размахнулася Манька з ляўшы.— Як садану — дык пад дзверы скоцішся. Кабялюга ты, і душонка твая цвіллю зацягнута. Пра каго ты плявузгаеш? Яе два сынкі голавы склалі ў б…м Афганістане. Там сваёй кроўю зямлю налілі. Калі прывезлі першага, Колечку, то і груну не адчынілі. А ты, нягоднік…

Усе маўчалі. Казіміраўна быццам не чула гамонкі. Слёзы, толькі слёзы… Яны ўжо сцякалі на далоні, на запясце рукі, якой надпірала жанчына галаву.

У Андрзя ад болю зашчымела сэрца. Яго быццам прашчыкнулі шпількай. Ён зараз бачыў не Казіміраўну, а сваю маці. Сваю любую і дарагую Марыю Сямёнаўну. Адзінага чалавека ў сусвеце, дзеля якога ён жыў, дзеля якога будзе жыць.

Няведама да якой пары цягнулася б маўчанка, каб не шчоўкнуў замок уваходных дзвярэй.

— Мая Люська,— усхапілася з месца Манька.— Донечка, зачакаліся ўжо цябе, хадзі хутчэй, толькі-толькі адкаркавалі пляшку! — гукнула гаспадыня кватэры.— Паглядзіш, якая яна ў мяне лялька,— піхнула Манька нагою пад сталом Андрэя.— Некалькі соценных — і цешся хоць да раніцы,— нахіліўшыся, шапнула яна хлопцу.— Ядраная. што восеньскі качан капусты. Ды сам пабачыш, навошта па-пустому мянцеліць языком.

Люська ўвайшла на кухню з распушчанымі косамі. Доўгія русыя валасы закрывалі плечы і даходзілі да пояса. Яе невялікія грудкі адтапырвалі лёгкую сукенку, танклявыя пальцы рук былі пераплецены ніжэй жывата. Люська беглым позіркам акінула кампанію, крыху даўжэй затрымалася на Андрэю. Сустрэўшыся вачыма з хлопцам, яна нібы засаромелася. павярнула галаву да акна.

— Сядай, донечка. Набегалася, нагулялася ўжо. Ну то і добра. Казіміраўна, дастань чарку з буфета. А ты, Міцька, не лыпай зенкамі, налівай. Донечка ж дамоў прыйшла. Золата маё, карміцелька.

Люська прысела. На выгляд яе можна было прыняць за васьмікласніцу, якая толькі што вярнулася са школы. Стомлены танклявы тварык падаваўся абыякавым да ўсяго, што робіцца навокал.

Да яе, як да новага чалавека ў застоллі, прычапілася некалькі п'яных мух. Яны кружлялі над галавой, перад носам — Люська не паспявала адмахвацца рукою. Нарэшце, стаміўшыся, яна перастала звяртаць увагу на надакучлівую заедзь.

Усе выпілі залпам, а Люська маленькімі глыткамі, нібы смакуючы халодны ліманад.

Моўчкі відэльцам клеванула астылых макаронаў. Міцька зноў схапіўся за бутэльку.

— Паміж першай і другой — перарыўчык небальшой,— ён рагатнуў.— Дочка ж твая, Манька, цвярозая, дык будзе брыдка глядзець ёй на нас, п’яных. Няхай даганяецца.

— Выпі, донечка, выпі, расслабішся хоць. Ты б мо перасела да Андрэя. Глядзі, які гжэжны кавалер. Усё пры ім. Пусці, Казіміраўна, Люську да хлопца. Няхай цяпло адно аднаго адчуваюць.

— Ой, падруг, як ты ўпяклася мне ў пячонкі, ну горш, чым халера. Ты б хоць разок паднялася ды паглядзела ў люстэрка, у свае бясстыжыя вочы. Але матка і дзіцятка — адно-адзінае, то няхай будзе па-твойму. Сунься, Андрэйк, да дзеўкі. Можа, трохі павесялееш. А то цалюткі дзень — што той груган на бязлістым дрэве.

Хлопцу падалося, быццам Люська зачырванелася: шчочкі сталі пунсовыя, вочы бліснулі агеньчыкам, як у кацяняці, што закрыта ў цёмным пакоі.

Андрэй памяняўся месцам з Казіміраўнай.

— Слухайце, людцы, я ж зусім забылася, шго ў мяне на антрэсолях стаіць літраў з шэсць піва ў каністры. 3 учарашняга засталося. Прыходзіў Віцька з напарнікам. Ты, Казіміраўна, яго ведаеш.

— Каго толькі я не ведаю з тваіх бобікаў,— азвалася жанчына.

— Няхай будзе так,— адмахнулася Манька.— Я пра другое — дастаць трэба піва. 3 гарэлкай яно дужа добра галаву дурыць. Ускоч, хлопча, дастань нам.

Андрэй паслухаў

Выпілі зноў, забіваючы пах гарэлкі цеплаватым півам.

— Мне пахарашэла,— першае за ўвесь час слова прамовіла Люська.— Спецыяльна раней сарвалася дамоў, як быццам адчувала, што нешта цікавае мяне чакае тут. А ці даўно з імі? — дзяўчына вачыма паказала на кампанію.

— 3 самага ранку.

— Ну ты і даеш, стары! — Люська аж прыўзнялася з месца.— I яшчэ не скіс ад іхніх гаворак? Стойкі! Давай па чарцы ды пойдзем да мяне ў пакой. Ты як?