Выбрать главу

Аношнія словы дачкі пачула Манька.

— Не, не, так не пойдзе,— п'яна завуркацела яна.— Назаві яму спачатку таксу, а пасля і ў пасцель. На дармаўшчыну разумнікаў многа набяжыць. Ты пра грошы кажы, Люська, пра грошы. Калі кішэня тоўстая — будзь ласкавая, а калі там адны дзіркі — вон гані. Няхай гэты хлопец мне задатак дасць, большую палову, а рэшту ўжо табе, пасля таго, як зробіце дзела. Я праўду кажу, Казіміраўна, га?

— Адвяжыся, навала. Бяры Міцьку ды сама адпачні. А яны як-небудзь разбяруцца.

— Разбяруцца яны, як бы не,— Манька не сунімалася.— Абдурыць, дык з каго грошы я спасцігну? Ты ж, падруг, за яго не заплоціш. Прастачка мая Люська, пэўна, укляпалася ў гэтага смазліўца. Ён кідкі з выгляду. Па мне дочка, па мне пайшла, абы з кім не абдымецца. I я некалі такой прастачкай жыла, а во, бач, навучылася. Цяперака мне падавай не красаўчыка, а мужчынку, у якога грошай, што блох у пляшывага сабакі… Плаці, хлопец, і ідзіце пазабаўляйцеся. Спачатку шэсць соценек. Усяго шэсць. Гэта ж не грошы сёння, а слёзы. Гарушчыя слёзы.

— Я даю, я! — палез у кішэні Міцька.— Ну, Манечка, даражэнькая, я заплачу. Няхай Люська са мною пацешыцца. Якая табе розніца, чые грошы. Мае такія ж, як і ў хлопца. Во, бяры, бяры — тут тысяча.— Міцька саўгануў Маньцы скамечаныя паперчыны.— Тысяча рублёў, як лёду. Гэта толькі задатак, задатак, Манечка. А пасля дзела яшчэ дам.

— Старыты цюцька, на дачку палезці захацеў.— Казіміраўна коршунам узнялася з седала.— Толькі, поскудзь, рыпніся! Чуеш мяне?! Вось гэтай пяцярнёй! — Казіміраўна падсунула Міцьку пад нос растапыраныя пальцы.

— Пайшлі, Андрэй, адсюль. Няхай сварацца. Цяпер ім будзе не да нас.— Люська першая шмыганула з-за стала, следам — Андрэй.

Пакой з голымі сценамі і старэнькай канапай паўз акно быў невялічкім, як дваім павярнуцца, але ўтульны і прыбраны. Пасля кухоннага вэрхалу тут кожны пачуваў сябе як у бога за пазухай. Пахла лугавымі кветкамі, а найбольш — мятай. Саматканая, чырвоная з чорным, посцілка на канапе была акуратна засцелена — без адзінай зморшчынкі. Шум у Андрэевай галаве нарастаў, біў так на вушах, што аж хацелася заплюшчыць вочы і, як абручом, абхапіць галаву рукамі, ні на хвіліну не адпускаючы.

— Не стой, а мясціся побач,— Люська села на канапу.— Нейкі ты затарможаны. А я люблю больш раскаваных. Тых, каго не трэба вучыць, як і што. Ну сядай жа. Зараз музончык пастаўлю. Расслабімся. Га? — Люська какетліва мірганула і выцягнула з-пад канапы напаўразабраны двухкасетнік. І адразу ж пакой запоўніла няўрымслівая музыка групы «Кармэн». У Андрэя шчымлівая саладжавасць агарнула сэрца, і ён абняў Люську. Пяшчотна і асцярожна, як сястру.

— Давай, любы, давай смялей,— парывіста шаптала дзяўчынка, падатліва лягаючы на канапу.— Мы патрахаемся сёння ад душы. Бяры ж мяне, не саромся, не бойся. Я ўся цалюткам твая. Ад макаўкі да пазногціка твая. Любы мой. Я з самага ранку адчувала: сёння будзе незвычайны вечар. Дужа доўга я цябе чакала, Андрэй. Андрэйка ты мой.

— Люся, Люська. Дзяўчыначка, золатка маленькае,— дыханне ў хлопцавых грудзях спірала.— Люся, Люсечка…

Вось яны ўжо напаўголыя. Хвілінка і… два целы як адно.

Поўнае забыццё. Усё рэальнае адкочваецца ў далёкі і недасягальны сусвет. Туды, дзе процьма зорак і неспазнаных галактык. Дзе можна лунаць, не баючыся чужых вачэй і вушэй, дзе прасторна і вольна, дзе зло даўным-даўно асядлана дабром.

Дыханне. Няроўнае, адрывістае дыханне двух целаў і стук сэрцаў, стук, які немагчыма заглушыць цэлым стадыёнам галасоў.

— Люська, Марыначка ты мая,— бязладна, па-вар’яцку шэпча Андрэй.— Марыначка, мы зноўку разам. Я поўнасцю ў табе, як і раней. А таго, папярэдняга, не было. Быў сон, пустое насланнё. Марына…

Люська ўсім целам напялася, сціснула ногі так, што Андрэй адчуў боль у нізе жывата. I адразу ўдваіх з далёкага сусвету яны прыляцелі ў гэты вузкі і пусты пакойчык.

— Я не Марына,— абыякава, але з непрыхаванай крыўдай прагаварыла Люська.— Устань, а то раздушыш мяне. Мо і сапраўды твая Марына лепей. Але на будучае памятай: калі з другой, то папярзднюю хоць на нейкі час забывай. I яшчэ: каб не трапляць у такія сітуацыі, навучыся называць каханак не па імёнах, а неяк нейтральна. Ну, нанрыклад, дзяўчынка, кошачка, адзіная мая і так далей і так далей. Думаю, што фантазіі ў цябе хопіць.— Люська ўздыхнула.— Прыйдзецца ўсё ж такі заплаціць табе. Можаш грошы аддаць мне, а калі хочаш, то аддай мамцы.

— Люська, дык я ж гэта самае не…

— Гэта паправім.— Дзяўчына, кранаючыся губамі Андрэевых грудзей, спаўзла ўніз, да ягонага жывата…

«Дзе б ты ні быў і з якой бы ні быў, а мяне ніколі з памяці не выкрасліш.— Апошнія Марыніны словы пры расстанні.— Мая існасць будзе з табою паўсюль. Ні на хвіліну ад мяне не вызвалішся. Я ў кожнай тваёй клетцы, у тваім мозгу, крыві. у тваіх жылах і пажылках. Ты зрабіў найвялікшую памылку, калі адмовіўся ад маёй прапановы. Цяпер ты няшчасны гаротнік. І я не магу нічагусенькі паправіць. Проста гэта ўсё не ў маіх сілах. У маёй душы застаецца шчырае шкадаванне. Толькі ж што мне рабіць, калі я падуладная бацьку? Яму і ягонай сіле. Шкода, Андрэй, але ты вольны нявольнік. Праўда, гучыць парадаксальна. Ды так яно ёсць і будзе».