Выбрать главу

***

Пасля той ночы, калі прачнуўся Андрэй на могілках, ён не мог і хвіліны пражыць, каб не пачуць Марынін голас па тэлефоне ці не пабачыць яе самую. Нейкая незразумелая сіла цягнула яго да дзяўчыны, піхала ў спіну, прыспешвала хаду. Кожную хвіліну на кожным кроку ў галаве думкі пра адну-адзіную Марыну. О, якія то былі шчаслівыя дні і тыдні!Па-першае, Андрэй пазбавіўся надакучлівых халасцяцкіх клопатаў. З’явілася упэўненасць у заўтрашнім дні. За што б ён ні браўся — усё атрымлівалася. Ніякіх праблем на працы. Ён падсвядома адчуваў, як любое ягонае жаданне імгненна выконвалася. У Андрэя як бы усялілася фантастычная сіла, якую ніхто не мог падолець. Дастаткова было хлопцу паглядзець на чалавека — і той — што заяц перад удавам.

Андрэй пераехаў да Марыны. Так захацела яна. А ягоная кватэра пуставала. Зноў-такі Марына не захацела, каб хлопец здаў кватэру ў наём. Ды ён і сам не вельмі гэгага жадаў.

Яны жылі разам другі тыдзень. Другі тыдзень, хоць Андрэю здавалася, што мінула цэлая вечнасць.

То была субота. Вечар. Ён і Марына даволі рана павячэралі, і дужа смачна. Дзяўчына была не такая, як заўсёды. Гэта Андрэй адзначыў сабе.

Павячэраўшы, глядзелі тэлевізар. Прымітыўны амерыканскі баевічок наганяў сум. Каб не траціць марна часу, Андрэй узяўся за кніжку. Ніяк не мог закончынь раман Анатоля Рубінава «Інтымнае жыццё Масквы». Перад сном кніжка нядрэнна чыталася.

— Слухай, Андрэйка,— перапыніла яго Марына.— Сёння да мяне прыходзіў бацька. Ты якраз быў у краме.

— ?

— Так, не здзіўляйся, менавіта бацька. Стомлены і змарнаваны ён дужа. Яго сцюдзёны прывід напоўніў увесь пакой холадам. Яшчэ і зараз я ніяк не магу сагрэцца. Дык вось… — Марына задумалася, правяла вузкай даланёй па сваіх зачасаных валасах і, уздыхнуўшы, працягвала: — Ён пытаўся пра той камень, які мы з габою прывезлі з Трокаў. Сёння нам трэба занесці яго на бацькаву магілу. Гэта неабходна зрабіць паміж дванаццатай і першай гадзінамі ночы. Але ён прасіў, каб ты змачыў камень некалькімі кроплямі сваёй крыві.

— ?

— Усяго некалькі кропель прасіў ён. 3 пальцаў левай рукі. Гэта ніколечкі не балюча. Я дапамагу табе. Падрыхтавала ўжо іголку, у пляшачцы з адэкалонам яна. Ты, Андрэйка, зразумей: у бацькі адзіная я. І хто ж дапаможа яму, калі не мы, правільней — калі не я.

Нарэшце Андрэй як бы апрытомнеў. Здзіўлена лыпнуў вачыма і адклаў кніжку:

— Твой бацька крывасмокам быў, ці што? Дзеля чаго яму патрэбна мая кроў?

— Трэба так, Андрэйка. Наконт крывасмокства — не ведаю. Я ніколі не бачыла, каб бацька піў чыюсьці кроў. Ён быў моцны і ўдалы чалавек… Ведаеш, мне здаецца, што і з табою мы сустрэліся невыпадкова. Ва ўсім гэтым нейкая прадвызначанасць, я б сказала — заканамернасць. Яшчэ да таго вечара ў кафэ ты часта сніўся мне. Я бачыла твой твар, гаманіла з табою. Ну, ты для мяне быў як родны. І вось зараз падумалася, што невыпадкова на бацькавы саракавіны мяне пацягнула пайсці ў тое кафэ. Не застацца дома, за агульным сталом, а пайсці, менавіта пайсці туды.

— Ты хочаш сказаць, што ў нас на раду была напісана сустрэча? Што мы адно цэлае, нарэшце — адно цэлае.

— Так. І, магчыма, бацька ведаў пра гэта. 3 нашага боку цяпер подла не выканаць ягонай волі. Каб ты, Андрэйка, пабачыў, які ў яго змарнаваны выгляд. Давай зробім усё так, як прасіў бацька.

Марына ўгаворвала хлопца, як маленькае дзіця, якое не хоча есці маннай кашы. Яе шырокія, як спелыя вішні, вочы глядзелі на Андрэя ўмольна і пранікліва, з непрыхаванай патрабавальнасцю.

— Ну, добра, мы зробім гэта. Толькі скажы: Дабру або Злу будзем мы садзейнічаць? Скажы! Пад покрывам ночы робіцца ўсё ганебнае, чорнае. Усё тое, што супраць людзей, супраць чалавека. Ці праўду я кажу?

— Што ў тым, калі бацька пазваў мяне ноччу. Ён, Андрэйка, не толькі мой бацька, ён мой Гаспадар! — Марына злосна зірнула на хлопца і працяжна скрыгатнула зубамі.— Не хвалюйся, ён і цябе сёння пакліча. I не ў тваёй волі працівіцца. Бацькава сіла — сіла маланкі і навальніцы.— Марына закашлялася.— Я адчуваю, што ён ужо недалёка. Ледзянеюць пальцы маіх рук. Стыне ўсё цела. Бацька прыходзіць да мяне па начах.