— Вось ён.— Марына асцярожна паклала шурпаты, быццам калуном пабіты, камень на часопісны столік у прыкуцці.— Зараз з ваннай прыхаплю голку і пачнем,— дзяўчына адкрыта ўсміхнулася, выстаўляючы, быццам для найвялікшага гонару, бялюткія два радкі зубоў пасяродку пунсовага бутона ружы — яе вуснаў.
Марыніна ўсмешка скаланула Андрэя. Па целе, ад самай патыліцы і да пояса, прабег як бы світальны ветрык. Ад яго не столькі сцюдзёна, колькі непрыемна — бо скура пакрываецца густым россыпам драбнюткіх пупырышак.
— Я зараз, любы. Пачакай хвілечку.
Марына зноў знікла.
«Ай, нічога. 3 усіх пальцаў левай рукі я ім крыві не дам. 3 аднаго ці з двух. А там будзе бачна. Не за дурня ж ім мяне трымаць. Гэта як цікавая ў дзяцінстве гульня ў хованкі. Табе так і карціць хутчэй даведацца, хто ж схаваны пад ложкам ці каго вылавіш у цёмным закутку за фіранкай».
***
Люська не паспела паправіць на ложку прасціну, як у пакойчык ускочыла Манька.
— Ах, каб вас пярун забіў! Каб вас ліхаманка хапіла! — Маньчыны вочы лезлі з арбітаў.— Не паспела я заюшыцца, а яны ўжо таптацца ўздумалі!
Люська як быццам не чула маці. Яна ўзбіла падушку і паставіла яе на ражок. Андрэй жа, засунуўшы рукі ў кішэні, абыякава глядзеў на гаспадыню.
— Што ты міргалкі вылупіў? Плаці грошы, а то ў міліцыю пазваню. 3 намі такое не праходзіць. Выварочвай кішэні! Зараз жа, не сыходзячы з месца!
— Супакойся ты,— буркнула Люська.— Нічога ў нас з ім не было. Пагаварылі, і ўсё. А ты ўжо, як старая варона, раскаркалася.
— Не дурыш мяне, донька? — Манька імгненна падабрэла. Вочы паслюдзянелі, друзлаваты твар абвіс.— Прастачка, дочка, ой прастачка. Сказала б, што пакуёўдзіліся крыху, і няхай бы ён выклаў нам некалькі соценек. Для яго невялікая растрага. Сама бачыла, які тоўсты кашэль мае. Праўда на сыты жывот добрая, а калі там буркаціць, то і схлусіць не грэх.
— Ты адно талдычыш, як зайграная пласцінка. Прыдумала б нешта навейшае. А то ўстыла слухаць. У цябе ўсе грошы праз пальцы вадою сыходзяць. Колькі прасіла ўжо новую сукенку купіць, колькі я адрабіла на яе, а хаджу ўсё ў старой.
— Люсечка, цэны ж бешаныя цяпер.
— А на гарэлку, што?
— Дык я ж, донечка, за свае не п'ю. Ну рэдка калі за свае бяру. Сёння вось ён частаваў,— Манька хіснула галавою на Андрэя.— А затым прынёс Міцька яшчэ.
— Чаго вы там шэпчацеся? — прачыніла дзверы Казіміраўна.— Можа, майго хлопчыка гвалціце ўдзвюх? Да вас толькі патрапся, то спуску ўжо не дасце.
— Не, Казіміраўна. Я правярала, ці ўсё добра з дзецьмі. Яны ж цяперака такія няўтрымныя, што за імі вока ды вока трэба.— Манька ўсміхнулася.
— Хы, каб цябе каршун задраў. Праведніца адшукалася. Пайшліце ўсе за стол, а то, як збродлівыя каровы, разбрыліся.
Зноў усе сабраліся на кухні. Міцька кляваў носам, паклаўшы рукі сярод небагатай закускі. Невядома адкуль на стале зноў стаяла непачатая бутэлька гарэлкі. Ці не пазычыла Манька ў суседкі. Міцька, лыпнуўшы вачыма, згледзеў Люську. Ён крыва ўсміхнуўся, паказаўшы жоўтыя пракураныя зубы.
— Ну што? Мной пагрэбавала? За капейкі з сасунком цалавалася, га? А я-то мужык шчодры, мог бы і больш адвалць.
— Пайшоў ты на выган,— агрызнулася Люська,— хахаль мне знайшоўся. Табе толькі на вакзале прастытутак здымаць.
— Ды будзем мы ўрэшце сядзець па-людску? — умяшалася Казіміраўна.— За сённяшні дзень я стамілася, быццам камяні ў падоле насіла. I гарэлка, зараза гэтая, ніяк не бярэ. Хочацца зваліцца хутчэй, каб не чуць і не бачыць вас.
— Супакойся, падруг, усё ў нас ладна.
— Во-во, і я так кажу,— падтрымаў Маньку Міцька.
— Ой, хлопчыкі мае, хлопчыкі, былі б вы са мною жывымі. Няўжо б ваша матка такою стала? Ды я ж да сённяшняга дня вас і абсцірвала б і абмывала, сняданак і вячэру гатавала,— Казіміраўна гаварыла гэтыя словы завучана, без інтанацыі. Відаць, сабе яна прагаворвала іх і не раз і не два.— Судзьбіна ты мая горкая, судзьбіна чорная. Гляджу во на хлопца,— Казіміраўна правяла вачыма на Андрэя,— і здаецца мне, што бачу Колечку. Ён у мяне быў такі ж статны, такі ж шыракаплечы. I з твару глядкі.
— Сцішся, Казіміраўна, жывому пра жывое думаць трэба. Хлопцам тваім спакойна, не рві сваё сэрца.— Манька піхнула локцем Міцьку, вачыма паказала, каб наліваў. Ён хуценька схапіўся за пляшку. Першая напоўнілася Люсьчына чарка.
— Дзякуй, дзякуй,— падкрэслена з’едліва прагаварыла дзяўчына.— Ты ў мяне адзіны дабрадзей.