Выбрать главу

Андрэй першы раз у той жнівень прыехаў да бабулі адзін, без бацькоў. Сам жа дарослы ўжо — перайшоў у восьмы клас. Не хацелася яму ехаць у вёску. Прымусіла маці. Дужа ж баялася, каб моцным вузлом не перахапіла яго дваровая тусоўка. Ці не разы чатыры прыходзіў ён на той час дамоў позненька і на падпітку. У крамах танны вермут. Хлопцы, ягоныя пагодкі, хлешчуць, а чаму б і Андрэю не сербануць. Сусвет ад гэтага не перакуліцца і неба не пераломіцца пасяродку. Многае ён тады ўжо ведаў: і пра вартасці пітва, і пра тое, як і што грэба рабіць з дзяўчатамі, для чаго яны створаны і чаго ім хочацца.

Пераростак Валодзька ўсё па палічках раскладаў. У яго ўжо была і пастаянная лахудра. Так ён называў Кацьку з пад’езда насупраць.

Але маці вытурыла Андрэя ў вёску. Было злосна на душы, хоць ваўком вый. Толькі праз дні тры-чатыры прыламіўся неяк. А тут бабулі чарга падышла пасвіць кароў — адбываць радоўку, адным словам.

— Унучак, мо пагнаў бы ты скаціну на ржэўнік. Не адзін, а разам з Надзькай Перапечкінай. Мы купуемся з імі. Так прасцей і лягчэй для мяне,— бабуля прасіла, не верачы, што Андрэй дасць згоду.— Ты не хвалюйся, калі не ўмееш, — Надзька навучыць.

Андрэй хоцькі-няхоцькі, а згадзіўся.

I вось яны з Надзькай на ржэўніку, сярод залаціста-жоўтых бункераў пасуць статак. Травы зашмат, і каровы, як прывязаныя, на адным месцы.

— Давай палуднаваць.— Надзя села пад бункер, развязала хатулёк са страваю. Хітравата зірнула на Андрэя.— Сядай бліжэй — не адкушу.

Надзя гады на чатыры старэйшая за Андрэя. Яна ўся як налітая: твар і рукі загарэлыя, бялявыя валасы на галаве перахоплены гумкаю, сукенка на грудзях расшпількнута на два гузікі. Дзяўчына зручней падцягнула пад сябе ногі.

— Ну як? Вып’ем па кроплі, каб смачней елася? Мая маці бутэльку самаробнага вінца дала. Яшчэ мінулагодняга.

— Давай. Мне-то што. Дома я гарэлку шклянкамі цудліў.— Андрэй ад сваёй хлусні аж распраміў плечы. Як-ніяк, мужчына ж.

Яны няспешкі пілі віно, заядалі яйкамі ўкрутую, хрумсталі агуркамі, смакавалі спелыя памідоры. Было добра, сонечна, цёпла. Каровы, напасвіўшыся на ўежнай траве ржэўніку, ляжалі.

Прыляглі і Андрэй з Надзяй. Глыбока закапаліся ў жытнёвы бункер саломы.

Тым днём Андрэй і паспытаў забароненага і, здавалася, далёка недасягальнага. Але ўсё ж так проста і натуральна. Ды сорам крыху прабіраў хлопца. Толькі ж гэта хвіліну, дзве, а пасля нічога, усё як так і трэба.

А праз некалькі дзён быў Спас. У хаце густа пахла яблыкамі. Бабуля цэлы кошык паставіла іх рана-раненька на покуці.

— Сёння пойдзем у царкву, Андрэйка. У сваім гарадку ты мо ні разочку туды і не хадзіў, дзвярэй не адчыняў.

— Не хочацца мне ісці.

— Не-не, дзетка. Гадавое божае свята сёння. Не крыўдзі старую, пайшлі. I кошык падсобіш данесці. Трэба ж кожнага яблычкам пачаставаць. Такая ў нас завядзёнка.

I яны пайшлі. Каля царквы было людна. У той дзень Андрэй убачыў сапраўдную царкву, вялізны іканастас, шмат запаленых свечак і яшчэ вялікае распяцце ў руках бацюшкі…

Здаецца, так нядаўна і так даўно гэта было. А мо ўсё тое яму некалі прыснілася?..

— Андрэй, давай не пойдзем праз цэнтральную браму,— гэта Марына лёгенька шмарганула Андрэя за руку.— Я ведаю пралом у сцяне. Там зручней і блізка да бацькавай магілы.

— Як хочаш.

Марына сышла са сцежкі. Вобмацкам пасунулася каля сцяны. Паўсонны спакой і засяроджанасць парушаў трэск сухіх галін пад нагамі ды прыглушана-сіпатае дыханне дзяўчыны. Андрэя ж, здаецца, не хвалявала анічога. Ён яшчэ быў там, на полі, сярод статка кароў і жытнёвых бункераў саломы. Яму бачыліся поўныя кошыкі чырванабокіх яблыкаў і вялікае распяцце ў руках бацюшкі.

«Кожны з нас, дзетка, грэшны. 3 ім, грахом, нараджаемся, з ім ў зямлю сыходзім. Але ж і з маленькага граху можа вырасці найвялікшы, які задушыць свайго ж гаспадара, таго, хто гэты грэх нарадзіў, гадаваў і песціў. Так са снежнага камячка можна скатаць глыбу, а можна камячок пакінуць камячком ці цеплынёй сваёй рукі і душы растапіць яго. Бывае, што адзіны крок аддзяляе чалавека ад незваротнага. Цікавасць да лёгкага таксама грэх, Андрэйка. Не схаці і не пажадай ты яго. Я цябе ўжо не адзін раз папярэджвала, снілася. Толькі ты адпіхваеш мяне…»

Марына з Андрэем праціснуліся ў пралом сцяны. Яшчэ некалькі крокаў паўз зарослыя бугаркі, паўз крыжы і агародкі, паўз прыцішаныя дрэвы — і яны на месцы.

— Мы прыйшлі, бацька,— прашаптала Марына першы раз.— Стаім ужо каля цябе, чуеш! — мацней узвіўся яе голас.— Мы прынеслі тваё сэрца! — на поўныя грудзі выдыхнула дзяўчына.— Хутчэй руку, давай руку, Андрэй!!! — Марына ўжо не гаварыла, а крычала, як парадзіха, нараджаючы першынца.— Левую.— Не хочучы таго, хлопец працягнуў ёй руку.— Левую, давай левую мне. Але не! Пачакай! Бацька загадваў спачатку вырваць крыж. Ну не стой жа! Шмаргані яго з зямлі. Ён прыкапаны на нейкую пару далоняў.