Андрэй падышоў бліжэй да магілы і аслупянеў. Зямля свяцілася, ад яе патыхала жарам. Усё вакол станавілася святлейшым і задушліва смярдзючым. 3 нябачных куткоў да магілы выпаўзалі дзесяткамі гадзюкі і вужы, над галавою шаргацелі крыламі і брыдка пішчалі кажаны. У гэтым вэрхале згледзеў Андрэй і чараду крумкачоў. Так, здаецца, гэта крумкачы, хоць святло іх поўнасцю не дасягала. А можа, былі гэта звычайныя вароны, якія зляцеліся на смярдзючы пах, на дармовую кармёжку і жэрава.
Андрэй працягнуў руку да крыжа. Працягнуў левую, яшчэ з непаколатымі пальцамі… I тут выплыла з цемры бабуля, яе вобраз і воблік. Яна не пераступала мяжы асвятлення вужак і кажаноў. Яна толькі нахілілася і ў працягнутую руку Андрэя ўкладала распяцце. Распяцце з вясковай царквы.
Скаланулася магіла, засыпаючы пяском паўзучую нечысць, насыпаліся пераспелымі гнілкамі на зямлю абпаленыя кажаны, залапацелі крыламі крумкачы-вароны.
«Бяры, дзетка, асвячоны крыж у рукі. Засланіся ім ад д’ябальскага кодла, прыкрый душу сваю і цела. Не будзь папіхачом у руках сілы цёмнай ды нядобрай. Уратуеш сябе, то і мне ляжаць лягчэй будзе. Усё навокал зман, акрамя мяне і крыжа, распяцця святога. Ты яго бачыш — смялей бяры ў рукі».
— Не слухай, Андрэйка, ты ж мой каханы і адзіны. Са мною табе жыць. Разумееш, толькі са мною, а не з гэтай звар’яцелай старой і яе прывідным распяццем.— Марынін твар перакасіўся. Нос і ніжняя сківіца выцягваліся ўперад, танчэлі, рукі бяссільна ўзмахвалі, растапыраныя пальцы завастраліся, ды і голас непазнавальна змяніўся — стаў глыбока гартанным.
«Бяры ж, унучак, распяцце. Няма ў мяне сілы перастуніць мяжу, якая падзяляе дабро і зло, святое і нячыстае. А ты на раздарожжы — адна нага тут, а другая там. То ж бяры, працягні руку. Не бойся і не думай пра лёгкае. Жыццё не бывае пушынкай. Прыходзіць час, і за ўсё плаціць патрэбна. Не сквапся, Андрэйка, на лёгкае, не хаці яго, дзетка. Бяры распяцце».
Андрэй як бы скінуў з сябе скамянелаець. Яму палягчэла, галава праяснілася і рука паслухмяная стала. Ён уздыхнуў і моцна абхапіў распяцце. Воблік бабулі адразу ж знік.
I тут разгарнулася магіла Марынінага бацькі. Магутны чорны і смярдзючы слуп вырваўся з прадоння і рассыпаўся, зліўся з ноччу.
— Эх ты, дурыла, а я спадзявалася, і бацька верыў у цябе,— Марына натапырана курчылася і шарэла. Вось яна ўжо метровага росту, праз хвілю яшчэ меней. I дзіва дзіўнае скаланула Андрэя: Марына стала шэрай варонаю, страсянула крыламі, разы два каркнула і знікла, як і чорна-смярдзючы слуп з магілы яе бацькі, сярод глухой ночы.
Андрэеў кулак быў моцна сціснуты, хоць хлопец і адчуваў: нічога ў ім няма…
***
Добра сцямнела, калі Андрэй з Казіміраўнай сабраліся сыходзіць ад Манькі. Міцька заставаўся ў яе. Ён доўга плакаў, расціраў кулаком па п’яным твары слёзы і праклінаў жыццё і жонку, непасільную работу, жаліўся на малы заробак, дарагавізну і падступленне старасці. Люська ж, дапіўшы рэшту гарэлкі, шмыганула ў свой пакойчык і ўключыла там на поўную моц магнітафон. На кухні ад нечаканасці ўсе здрыгануліся.
— Папаўзлі, хлопча, і мы па дамоўках,— Казіміраўна пазяхнула,— а то з гэтымі прапойцамі нядоўга і ў грэх увайсці. Маньцы ж то як?.. Гарэлка ў роце і перадок у рабоце. Здаецца, пра гэта ўжо гаварыла. Пайшлі — няхай куёўдзяцца. Люська, думаю, нікуды з хаты не папаўзе. Не сумуй, хлопча, ой не сумуй. У цябе вочы — як у бычка на бойні. Хапанеш за жытку сваю яшчэ ўсялякага. Пакуль малады — весяліся. Эх, толькі б была гэта весялосць. Дасць Бог, стрэнемся як-небудзь удваіх, і я табе ўсё сваё горачка выкладу і выплачу, як сынку роднаму, як сваім дзеткам расказала б. Хачу з табою сустрэцца, прыпаў да душы ты мне. Можа б, заўтра каля піўбара ў парку? Манька там нас не вылавіць. То як яно? Гадзінак у адзінаццаць?
— Давайце заўтра.
Андрэй з Казіміраўнай ішлі па мокрым асфальце алеі. Толькі што яе паліла машына з жоўтай мігалкай. Маўчалі. Лёка дыхалася. Казіміраўна глядзела сабе пад ногі. А вось Андрэй як заведзены круціў галавою — шукаў варону, выглядаў Марыну. Не было вароны, не было Марыны.
***
Як баліць у мяне галава, Божа мой. Няўжо я вытрымаю, і яна не разломіцца, не рассыплецца на кавалачкі, што пабітае цьмянае люстэрка. Як дайсці дамоў? Хутчэй бы легчы.
А ўрэшце: ці сустрэну я заўтра варону, ці здагадаецца яна прыляцець у парк, пад сцены іншага піўбара? Ці прыляціць’?