Некалькі хвілін усе сядзелі моўчкі, кожны думаў пра сваё, аднаму яму вядомае. Пра тое, што балела і што хвалявала. Пустая пляшка з-пад гарэлкі стаяла пасярод стала. На ёй скрыжаваліся позіркі ўсіх, быццам на нейкім ідале або на святым. На тым, ад каго ці ад чаго залежаў лёс кожнага.
— Чаго вы пасалавелі? Не на памінках жа сядзім? — першая не вытрымала маўчання гаспадыня кватэры.— Стаў, Міцька, другую бутэльку, глытнём яшчэ па кроплі, во і павесялеем, пра любошчы падумаем. Жыць грэба весела, з размахам, каб ворагі нам зайздросцілі ды начэй не спалі. Зацягні, Казіміраўна, песню. У цябе ж голас, не раўнуючы, як у Зыкінай. Няхай мае дарагія суседзі зубамі паскрыгочуць. Будуць ведаць, што Манька жыве на шырокую нагу, капейкі не лічыць. Што ёсць каму заступіцца за мяне, безабаронную. Ну, Казіміраўна, пачынай, а мы ўсе разам і падсобім.
Казіміраўна села вальней на хісткім стульчаку, у адно імгненне выпрамілася і нягучна. хрыплавата запела:
Ёсць у полі азёрушка, там плавала вядзёрушка:
Саснова клёпка, дубова дверца — не цурайся
майго сэрца.
Застолле без прыкмет экстазу спявала. Андрэй жа зноў нырнуў у самога сябе.
…Марына зацята крочыла пад дажджом, пільна ўглядалася ў зямлю каля каменнай замкавай сцяны. Андрэй, як ні дзіўна, ледзь паспяваў за ёю. Усё, што адбывалася, нагадвала камедыю абсурду, нешта чужое і ненармальнае. Але ж Марыне патрэбны быў камень, і толькі той камень, які яна адчувала падсвядома, бачыла яго ўнутраным зрокам.
— Той камень халодны, як лёд, і гарачы, што агонь. Пад ім зямля плача, сыходзіць крывёю, як дзіця, прапоранае шворнам. Ты не хвалюйся, Андрэй. Я адразу яго адчую. Па маёй скуры прабяжыць сутарга. Так наказваў мне бацька праз сон.
Пры кожным Марыніным слове Андрэй адчуваў, як пад грудзямі ў яго скручваецца, сціскаецца страўнік, як хвалямі шугае кроў у вушы і скроні. А дождж узмацняўся. Вось ужо і хмары чапляюцца за сцены замка, ахутваюць бязлістыя дрэвы, засцяць позірк. Здаецца, што адна хвіліна — і іх чорныя калматыя аўчыны абрынуцца на плечы.
«Божа мой, чаму так хутка цямнее. Не можа быць, каб на полудзень насунуўся вечар. Божа мой, што гэта…» Ледзь толькі мільганулі гэтыя думкі ў галаве Андрэя, як грымнуў раскацісты пярун і неба раскалола маланка. Хлопец аж прысеў ад нечаканасці, і каленкі хруснулі так, што падалося, іх гул пераламіў перуновыя раскаты.
Андрэй паспешліва агледзеўся: Марына ішла, быццам нічога не здарылася.
Гром і маланка на голы лес — галодны год наперадзе. Гэтая недарэчная думка імгненна нарадзілася мозгам Андрэя.
Але падзьмуў вецер. Ён, здаецца, выхапіўся з-за дальняга берага возера і віхрам наляцеў на Марыну і Андрэя, разбіўся аб каменную сцяну замка. быццам конь-стаеннік, уздыбіўся ўгору, аблізваючы мокрыя цагліны і камяні, разрываючы на шматкі ліпуча-халоднае цела хмар. Адзін мірг вачэй — і зноў навокал светла, прыкра-нудны дождж.
— Андрэй, глядзі — вось ён! — Марына цупнула на калені ў мокрую траву каля ладнага, як чалавечая галава, каменя.— Я ж казала, што адразу пачую яго. Дзіва — якая сыходзіць ад яго пара, але ж ён халодны, як лядзяш.— Марына гладзіла камень, быццам галаву дарагога чалавека.
Андрэй жа дзівіўся: сапраўды, ад каменя сыходзіла пара.
Быццам яго толькі-толькі выцягнулі з распаленага жарала печы ўлазні.
— Ты асцярожней, Марына, рукі апячэш, — міжволі шапнуў Андрэй, не хаваючы сваёй трывогі.
— Дзівак, я ж толькі што казала: ён халодны, як лядзяш.
Андрэй наблізіўся да Марыны, ніжэй схіліўся. I вось тут ён заўважыў на камені незразумелыя літары ці то лічбы. Менавіта з іх ішла пара. Яна была да таго едкая і смярдзючая, што кожны ўдых камяком застраваў у горле, абдзіраў яго, як жалезны ёршык.
Толькі Марына, здаецца, гэтага не адчувала. Яна дыхала глыбока, так глыбока, аж трэсліся плечы, а крылцы носа разляталіся ў бакі, абмалёўваючы звычайна не бачную гарбінку ніжэй пераносся.
— Выцягні з маёй сумкі палатняны мяшэчак,— не папрасіла, а загадала яна Андрэю, скідваючы з пляча сваю сумку.
Хлопец няспешкі адшпіліў яе, навольна пачаў перабіраць шматлікія жаночыя транты, не могучы натрапіць на патрэбную рэч.
— Ды хутчэй ты! Калупаешся, што баба! — Марына апякла хлонца позіркам, але рук ад каменя не адрывала, яны быццам прымерзлі адно да аднаго.
Нарэшце Андрэй выцягнуў палатняны мяшок.
— Трымай яго. Я зараз пакладу сюды камень.
— Ён жа цяжкі. Ты патрымай, а я ўкіну гэты булыжнік.— Андрэй жартаўліва ўсміхнуўся.