Галоўнага захавальніка на месцы не аказалася.
— Не падкажаце, дзе мне знайсці Кірстаўта Немера?
— У шостай зале! — кінуў на хаду адзін з музейных работнікаў, нават не зірнуўшы на Сарву.
Зала № 6 была літаральна завалена кантэйнерамі розных памераў і колераў. Маркіроўка падказвала, што груз прыбыў з Нептуна, Урана, Меркурыя, Сатурна і Марса.
— Кірстаўт?
— Ратаўт! Рады цябе бачыць! — галоўны захавальнік абняў інспектара. — Дзякуй, што прыехаў! Нам не абысціся без тваіх прафесійных якасцяў!.. Два дні таму музей атрымаў з Нептуна бясцэнны артэфакт — «Молат Тора». Ты мог чуць пра яго — артэфакт знайшла археалагічная экспедыцыя прафесара Юлія Екеля тры з паловай месяцы таму падчас раскопак на паўднёвым полюсе ледзянога гіганта.
— Так, нешта такое прыгадваю! — кіўнуў Сарва.
— Спачатку Екель нават вырашыў, што гэта містыфікацыя: прафесар ніяк не чакаў, што сустрэне на Нептуне рэч, якая будзе мець ярка выражаны тэхнагенны характар... Чатырнаццаць дзён таму прафесар прыняў рашэнне асабіста перадаць «Молат Тора» Музею касмічнай экспансіі.
— Хіба артэфакт не ўяўляе навуковага інтарэсу? — здзівіўся інспектар.
— «Молат Тора» бясцэнны ўжо таму, што яго стварыла пазаземная цывілізацыя, якая стаіць на высокім узроўні тэхнічнага развіцця. Пра гэта сведчыць і склад сплаву... На жаль, прарыву ў тэхналогіі дзякуючы артэфакту не дасягнуць. У прынцыпе, «Молат Тора» — гэта ўсяго толькі па-майстэрску апрацаваная металічная даўбешка!.. Раскопкі на Нептуне скончыліся, таму разам з прафесарам Екелем на Венеру вяртаўся і ўвесь склад экспедыцыі. На выхадзе з гіперпрасторавага калідора адбылася аварыя, якая прывяла да гібелі археолагаў...
Сарва тактоўна чакаў працягу. Праз нейкі час Немер цяжка ўздыхнуў і вярнуўся да аповеду:
— Ад «Марка Тэрэнцыя Варона» засталіся толькі абломкі, а «Молат Тора» нейкім цудам ацалеў, — галоўны захавальнік адкрыў адзін з кантэйнераў.
— Гэта і ёсць той самы артэфакт? — кавалак металу дзіўна правільнай формы са слядамі ад агню ляжаў на падушцы з эластычнага пенаполіўрэтану.
— Так. Артэфакт назвалі «Молатам Тора» з прычыны таго, што ён падобны да Мьёльніра з саг старажытных германцаў і скандынаваў. Згодна з іх вераваннямі, молат для бога-грамабоя Тора быў выраблены цвергамі Брокам і Сіндры, калі яны спрачаліся з Локі пра майстэрства кавалёў. Кароткае дзяржальна — гэта вынік спробы Локі-ашуканца перашкодзіць вырабу молата... Згодна з афіцыйнай версіяй, выбух гіперпрывода адбыўся ў выніку таго, што гексафтарыд серы патрапіў у актыўную зону рэактара і актывацыя сістэмы аварыйнай абароны была запозненай... Няшчасны выпадак.
— Артэфакт на месцы. Расследаванне абставін аварыі праведзена... Кірстаўт, я не разумею, у дапамозе якога кшталту ты маеш патрэбу!
— Я падазраю, што «Молат Тора» — падробка!
— Дазволь пацікавіцца, якія падставы ў твайго пераканання? — інспектар прыняў словы галоўнага захавальніка з усёй сур'ёзнасцю.
— Наўрад ці я здолею рацыянальна ўсё аргументаваць, Ратаўт. Лічы гэта голасам падсвядомасці!
— Баюся, камісару Айнбунду для дазволу пачаць расследаванне аднаго толькі голасу падсвядомасці, хай і навукоўцы з сусветным імем, будзе недастаткова. Вось калі б у мяне меліся падставы аспрэчыць заключэнне Камісіі...
— Я павінен звярнуцца з заявай?
— Такі парадак, Кірстаўт! Выключэнне складаюць выпадкі, калі злачынства адбылося на вачах дэтэктыва. Разгляд можа заняць пэўны час. Будзе лепш, калі я звярнуся да начальніка Дэпартамента асабіста! — Сарва дастаў камунікатар і адправіў паведамленне камісару. — Мне могуць спатрэбіцца ўсе матэрыялы, якія датычацца артэфакта.
— Даных мала: вялікая частка інфармацыі была страчаная падчас аварыі «Марка Тэрэнцыя Варона».
— Абсталяванне для сістэмнага аналізу ў музеі ёсць?
— Ва ўніверсітэцкіх лабараторыях маецца ўсё неабходнае. Цяпер — канікулы, так што перашкаджаць ніхто не будзе... Ты мне вельмі дапаможаш, Ратаўт! — Немер адчуў палёгку.
Інспектар акуратна выцягнуў «Молат Тора» і пачаў разглядаць яго з дапамогай вялікай лупы.
— Тонкая работа! Якасць выканання кажа пра тое, што артэфакт відавочна выраблены прамысловым спосабам... Вось і сляды ад формы! Агульны стан «Молата Тора» сведчыць пра тое, што ён на працягу доўгага часу знаходзіўся ва ўмовах агрэсіўнага асяроддзя, а затым быў пахаваны пад тоўстым слоем грунту.
— Артэфакт знайшлі выпадкова — адна са сцен шурфа абвалілася пасля таго, як непадалёк ад раскопак праехаў шматтонны ўсюдыход. «Молат Тора» быў пахаваны на глыбіні васьмі метраў.