Выбрать главу

Не жадаючы губляць часу, Сарва скарыстаўся пошукавай сістэмай Старнету, каб сабраць інфармацыю пра «Пуцяводную зорку», а таксама скончыць папярэднюю справу. Схіліўшыся над камп'ютарам, інспектар пачаў перабіраць версіі:

— Асабістая непрыязнасць?.. Падстаў для таго, каб лічыць гэта матывам злачынства, няма. Радзевіч ставілася да калег аднолькава карэктна. Сутычак з Артамянковым у яе не было... Помста? У асабістай справе інжынера-металазнаўцы адсутнічалі запісы пра тое, што Радзевіч і Артамянкоў калі-небудзь перасякаліся ў мінулым. Не мелі кантактаў і іх сваякі. Спроба падседзець?.. Мела б сэнс, калі б астрафізік з'яўляўся яе начальнікам...

Супрацьперагрузачны кокан дазваляў нівеліраваць усе наступствы апускання ў гіперпрастору.

— Канкурэнцыя?.. Сферы інтарэсаў абодвух не перасякаліся... Радзевіч не прымала ўдзелу ў дзейнасці экстрэмісцкіх груповак... Не прытрымлівалася радыкальных поглядаў... Псіхічны стан стабільны. Траўмаў, здольных парушыць работу мозгу, не атрымлівала. Рэўнасць?.. Калі дапусціць тое, што інжынер-металазнаўца была закаханая ў астрафізіка, навошта ёй забіваць яго? Неўзаемнае каханне? — некалькі імгненняў Сарва задуменна пакусваў кончык сты­ла, пасля чаго зрабіў памету ў сваім камп'ютары: па вяртанні на станцыю надаць больш увагі адносінам паміж Радзевіч і Артамянковым. — І ці няма тут саперніцы?

Заспеўшы аб'ект кахання ў ложку з іншай жанчынай, Радзевіч магла асмеліцца на забой­ства. Пасля нядоўгага роздуму інспектар прыйшоў да высновы, што інжынер-металазнаўца не стала б спакушаць лёс. Занадта вялікая рызыка. Што яшчэ?

Сарва задумаўся над адноўленай на падставе паказанняў сведак і даследаванняў месца злачынства карцінай. Задача астрафізіка была простай — руцінная праверка сканера спектральнага аналізу, нацэленага на Бетэльгейзе. Артамянкоў прышпіліўся з дапамогай страховачнага троса і паплыў да прыбора, устаноўленага на апоры, вышыня якой складала трыццаць пяць метраў. Пасля дзвюх трацін адлегласці карабін фала не вытрымаў нагрузкі, і астрафізіка пачало выносіць у адкрыты космас. Сітуацыя ўскладнялася тым, што Артамянкоў у паніцы зблытаў кнопкі рэактыўнага ранца, чаму атрымаў дадатковае паскарэнне. Манеўраныя рэактыўныя рухавікі МКС на амаль трохсотметровы спуск з арбіты разлічаны не былі, і, апусціўшыся, «П'ер Шарль ле Маньер» ніколі б больш ужо не падняўся. У начальніка станцыі не мелася іншага выйсця, як адмовіцца ад небяспечнага манеўру.

Ахвяраваць адным дзеля сотні іншых... Космас дыктаваў свае правілы этыкі. Амаль заўсёды з дзвюх бед даводзілася выбіраць меншую. Інспектар прызнаў дзеянні Ярэмы правамернымі. Хоць наўрад ці забарона выхаду са станцыі добраахвотнікаў-ратавальнікаў сведчыць на яго карысць...

Далей за сто пяцьдзясят метраў ні страховачныя тросы, ні ранцы не працавалі. Самы блізкі да «П'ера Шарля ле Маньера» касмічны карабель прыйсці на дапамогу не паспяваў, а акрамя даследчых зондаў іншых спускальных апаратаў на станцыі не мелася.

Ход думак Сарвы парушыў сінтэзаваны жаночы голас:

— Выхад з гіперпрасторы праз трыццаць хвілін.

Інспектар схаваў камп'ютар і падабраўся. «Арыстарх Самоскі» перасек нябачную мяжу: спыніліся вібрацыі корпуса і ўключыліся насавыя тармазныя рухавікі.

Грузавое судна выйшла з гіперпрасторы за дваццаць тысяч кіламетраў ад «Пуцяводнай зоркі». Шарападобная форма дазваляла маяку заставацца нерухомым адносна Урана і Непту­на. Пілот на мінімальнай хуткасці павёў да маяка грузавое судна: даў магчымасць уволю ім налюбавацца.

У цэнтральным адсеку інспектара сустрэў сам капітан «Арыстарха Самоскага».

— Спадар Сарва, аддаю ў ваша распараджэнне найлепшага свайго спецыяліста — Іза Рывеса.

— Дзякую! — кіўнуў інспектар, машынальна адзначыўшы, што на твары Голга Драка не было і ценю незадавальнення. Фрахт грузавога судна падлягаў кампенсацыі ў двухразо­вым памеры сабекошту пералёту. — Загадайце задзейнічаць трансфакатар на максімальнае набліжэнне.

— Слухаюся, спадар Сарва!

Звернуты да «Арыстарха Самоскага» бок «Пуцяводнай зоркі» вонкавых пашкоджанняў не меў. Не плавалі абломкі і вакол маяка. На жаль, грузавое судна не мела спецыялізаваных сканераў, якія моцна спрасцілі б Сарву задачу.

— Рыхтуйце бот, спадар Драка! — ацаніць стан адваротнага боку Сарва мог толькі візуальна.

Бот выглядаў настолькі старым, што інспектар мімаволі западозрыў капітана ў карыстанні даўно спісаным маламерным суднам. Быццам у насмешку на борце бота красаваўся зроблены пад трафарэт люмінесцэнтнай фарбай надпіс «Імклівы».

— Ён хоць даляціць?

— Не трэба хвалявацца, спадар Сарва! Яшчэ як даляціць!