Выбрать главу

У цэнтральным адсеку знаходзіліся яшчэ чацвёра. У стане, які выключаў усякую магчымасць допыту.

Пульт кіравання не пацярпеў, і інспектар вывеў на дысплэй бартавы журнал. Апошні запіс быў зроблены за пяць гадзін да таго, як знікла сувязь з маяком. Сарва пачаў праглядаць запісы ў адваротным парадку. Бартавы журнал неабавязкова павінен змяшчаць адказ, але...

Хутка прыбылі людзі з грузавога судна. Каб не губляць час, Сарва адключыў сувязь. На жаль, вывучэнне бартавога журнала нічога не дала.

— Давядзецца шукаць у іншым месцы... — інспектара зусім не збянтэжыла няўдача. У мо­дулях «Пуцяводнай зоркі» былі ўсталяваныя камеры відэаназірання, і Сарва збіраўся праглядзець запісы з іх. — Людзі ніколі не вар'яцеюць проста так!.. З якой пачаць?

Модуляў на маяку хапала: «Пуцяводная зорка» выкарыстоўвалася таксама ў якасці шырокапалосага рэнтгенаўскага тэлескопа. Інспектар павагаўся і прыняў рашэнне пачаць у алфавітным парадку. Немалы аб'ём працы Сарву зусім не пужаў.

Праз некаторы час інспектар дабраўся да запісу, зробленага ў прыборным адсеку за трыццаць хвілін да таго, як з «Пуцяводнай зоркай» перарвалася сувязь. Высокая якасць дазваляла разгледзець усё ў дробных дэталях. У аб'ектыў трапілі двое астранаўтаў. Мужчыны займаліся манатоннай працай роўна да таго часу, пакуль адзін з камп'ютараў не выйшаў з рэжыму чакання. Варта было толькі дакрануцца да клавішы «Enter», як абодва прыціснулі далоні да вушэй і паваліліся на падлогу.

— Ці не тут хаваецца разгадка? — Сарва павялічыў маштаб малюнка, аднак вугал павароту манітора не дазволіў зразумець, што магло выклікаць гэткую неадэкватную рэакцыю членаў экіпажа. Задачу моцна ўскладняла тое, што ў запісе адсутнічаў гук. Падчас праверкі высветлілася, што прычына схаваная ў няспраўнасці абедзвюх аўдыякалонак. Перасеўшы за іншы камп'ютар, інспектар высветліў, што аддалены доступ немагчымы.

Сарва пазначыў час здарэння, затым вярнуўся да іншых запісаў. Паўторны прагляд даў но­вую, надзвычай важную інфармацыю: персанал «Пуцяводнай зоркі» ў пэўны момант раптам страціў чалавечае аблічча. Рэагавалі людзі па-рознаму, аднак аб'ядноўвала іх адно: поўная прастрацыя.

Інспектар вылаяўся і ўключыў сувязь.

— Рывес, вы чуеце мяне?.. Неадкладна адказвайце, Рывес!.. Рывес!.. Вось д'ябал! — Сарва пабег у прыборны адсек у прадчуванні блізкай бяды.

Тэхнікі з «Арыстарха Самоскага» ў розных позах валяліся на падлозе.

Інспектар бухнуўся на калені перад Рывесам. Аднаго погляду на твар тэхніка было дастаткова, каб зразумець: іскра розуму ў вачах Рывеса згасла. Астатнія выглядалі не лепш.

Смутныя падазрэнні штурхнулі інспектара да дысплэя. Трэць экрана займала акно аўдыяфайла.

На тое, каб скласці два і два, шмат розуму не патрабавалася.

— Інспектар Сарва выклікае капітана Драка!

— Слухаю вас, спадар Сарва!

— У нас няштатная сітуацыя, спадар Драка. Неадкладна дашліце суднавага медыка!

— Што здарылася? — у голасе капітана «Арыстарха Самоскага» адчуваліся ноткі страху.

— Тэхнікі страцілі дзеяздольнасць, спадар Драка... У вас на борце ёсць чалавек, які добра разбіраецца ў камп'ютарах?

— Так, — пачуўся адказ пасля невялікай паўзы.

— Ён мне патрэбны!

— Праз пяць хвілін Рангель і Цімаш будуць у вас, спадар Сарва!

Інспектар наблізіўся да дысплэя, аднак вырашыў не чапаць клавіятуру. У Сарвы не мелася сумненняў у тым, што прычынай надзвычайнага здарэння з'яўляецца кароткі — ўсяго двухсекундны — запіс.

Праграміст высновы інспектара пацвердзіў:

— Вірус!.. Мне патрэбны час на тое, каб разабрацца ў ім, але ўжо цяпер магу сказаць адназначна: ён выклікае інфрагукавыя акустычныя ваганні.

— Спадар Рангель, яны могуць справакаваць вар'яцтва?

— Безумоўна, спадар Сарва! — суднавы медык выглядаў як горкі п'яніца, але справу сваю ведаў. — Шум з'яўляецца стрэсавым фактарам, здольным выклікаць зрыў прыстасавальных рэакцый. Акустычны стрэс можа прывесці да незваротных функцыянальных парушэнняў цэнтральнай нервовай сістэмы і даць пачатак дэгенератыўным працэсам у органах і тканінах. Сту­пень шумавой паталогіі залежыць ад інтэнсіўнасці і працягласці ўздзеяння, функцыянальнага стану ЦНС і ад індывідуальнай адчувальнасці арганізма да акустычнага раздражняльніка.

— Цікавая канструкцыя... — праграміст разважліва ўстрымліваўся ад таго, каб уключыць прайгравальнік. — А ведаеце што, спадар Сарва, вірус стварылі не людзі! Алгарытм зусім іншы... Вы нарадзіліся ў кашулі! Калі б канал сувязі заставаўся ўключаным, вы маглі стаць яшчэ адной ахвярай.