Выбрать главу

— Вы можаце вызначыць прыроду віруса, спадар Цімаш?

— Баюся, давядзецца звярнуцца па дапамогу, спадар Сарва. Канструкцыя занадта складаная.

— Спадар Рангель, калі ласка, забяспечце транспарціроўку пацярпелых на борт «Ары­старха Самоскага». Тут мы ім нічым дапамагчы не здолеем... А вірусам хай займаюцца спецыялісты! — інспектар звязаўся з капітанам і прадыктаваў яму тэкст паведамлення для камісара Айнбунда, пасля чаго вярнуўся на грузавое судна, дзе склаў падрабязную справаздачу аб праведзеным расследаванні.

Чакаць адказу можна было самае малое праз дзве гадзіны, таму Сарва звярнуўся да матэрыялаў справы аб забойстве астрафізіка Артамянкова. Інспектара не пакідала пачуццё, што ён прапусціў нешта вельмі важнае. Але што?

Сарва пачаў праглядаць матэрыялы з самага пачатку. І быў узнагароджаны: сярод мноства дакументаў, скапіяваных з галоўнага камп'ютара «П'ера Шарля ле Маньера», знайшоўся невялікі тэкставы файл. Скарга начальніку станцыі ад бортінжынера Лідзіі Шчур аб сэксуальных дамаганнях з боку Радзевіч.

— А ці не тая гэта Шчур, якой аказваў знакі ўвагі Артамянкоў?

Праз некалькі хвілін апошні элемент мазаікі стаў на сваё месца.

— Класічны любоўны трохкутнік... І на што разлічвала Радзевіч?

ЗА ГАРЫЗОНТАМ ПАДЗЕЙ

Чарговы тэрміновы загад ад камісара заспеў Ратаўта Сарву на арбіце Урана. Два з паловай тыдні вымушанага гультайства на міжнароднай касмічнай станцыі, выкліканых чаканнем спадарожнага карабля на Зямлю, інспектар вырашыў выкарыстаць з максімальнай карысцю. Бібліятэчны фонд «П'ера Шарля ле Маньера» налічваў больш за шэсць мільёнаў тамоў, з якіх дзве траціны складала навуковая літаратура.

— «Эрнст Юліус Эпік»... — Сарва ўвайшоў у Старнет з бартавога камп'ютара МКС. Навукова-даследчае судна адносілася да адзінаццатай серыі спецыялізаваных касмічных караблёў і прызначалася для транспарціроўкі буйнагабарытных грузаў на вялікія адлегласці. Ме­сяц таму «Эрнст Юліус Эпік» адправіўся да планетоіда 90377 Седна з SLSBT — Супервялікім бінакулярным субміліметровым тэлескопам на борце. Тэлескоп прызначаўся для назірання за воблакам Аорта — вобласцю Сонечнай сістэмы, якая служыла крыніцай доўгаперыядычных камет. Навуковай праграмай місіі прадугледжваўся шэраг прыпынкаў, для чаго судна было абсталявана скачковым рухавіком.

Сувязь з «Эрнстам Юліусам Эпікам» знікла дваццаць пяць гадзін таму. Спробы яе аднаўлення ні да чаго не прывялі. Інспектар павінен быў знайсці прычыну маўчання.

Гэтым разам дабірацца да месца расследавання трэба было на памежным крэйсеры «Агесілай II». Забіралі Сарву малым дапаможным катарам, які стыкаваўся са станцыяй.

У шлюзавай камеры інспектара чакаў малады афіцэр.

— Прывітанне, спадар Сарва! Лейтэнант Кгеўкгоўд Ішора. Прызначаны вас суправаджаць!.. Сардэчна запрашаю на борт!.. Дазвольце, я дапамагу вам зняць скафандр!

Варта было афіцэру пацвердзіць прыбыццё інспектара, як запрацавалі абодва маршавыя рухавікі, і Уран у абрамленні чатырнаццаці кольцаў пачаў адыходзіць з хуткасцю, якая ўвесь час набірала абароты.

Унутраная аздоба «Агесілая II» адрознівалася максімальнай прагматычнасцю і спартанскім мінімалізмам. Сарва злавіў сябе на тым, што канструктары нездарма вырашылі назваць карабель у гонар цара Лакедэмоніі з роду Еўрыпантыдаў. У параўнанні з крэйсерам любое паліцэйскае судна выглядала раскошнай яхтай.

Інспектару выдзелілі ложак у лазарэце, паколькі свабодных кубрыкаў не мелася: «Агесілай II» перавозіў каланістаў на Трытон. Восем з чвэрцю астранамічных адзінак паміж арбітай Урана і «Эрнстам Юліусам Эпікам» крэйсер пераадолеў за дваццаць адну гадзіну, палова з якіх сышла на разлік каардынат выхаду.

Пояс Койпера. Сарву ніколі раней не даводзілася залазіць далей за Плутон. Думка пра маштабы выклікала трапятанне, а гэта ж толькі нязначная частка Млечнага шляху! «Агесілай II» мог не баяцца сутыкнення з астэроідамі — верагоднасць такога варыянту была блізкай да нуля.

Сканеры крэйсера выявілі навукова-даследчае судна адразу ж на выхадзе з гіперпрасторы. «Эрнст Юліус Эпік» павольна плыў на адлегласці мільёна кіламетраў ад «Агесілая II».

— Хуткасць гаворыць пра тое, што рухавікі судна альбо адключаны, альбо выйшлі са строю! — для інспектара зрабілі выключэнне: прысутнасць старонніх на капітанскім мосціку была строга забаронена.

«Эрнст Юліус Эпік» рухаўся па інерцыі, якая слабела па меры праходжання праз гравітацыйныя палі к'юбівана, плуціна і рассеяных аб'ектаў.

— Сярэдні наперад! — загадаў палкоўнік Вештарт Мармылёў, капітан крэйсера. — Трансфакатарын — на максімальнае набліжэнне!