Выбрать главу

Карцінка пачала імкліва павялічвацца памерамі, пакуль не заняла ўвесь цэнтральны дысплей. Любыя сляды пашкоджанняў на корпусе адсутнічалі.

— Паспрабуйце выйсці з імі на сувязь!

— Так, спадар палкоўнік! — усе спробы пацярпелі фіяска: на ніводнай з частот «Эрнст Юліус Эпік» не адказваў. Маўчанне было адказам і на светлавыя сігналы, якія не заўважыць было немагчыма.

— Выпускайце боты!

У камплект абсталявання апаратаў далёкага пошуку ўваходзілі магутныя лічбавыя відэакамеры. Аператар падвёў боты практычна ўшчыльную да судна, і тэлеметрыя пацвердзіла герметычнасць корпуса «Эрнста Юліуса Эпіка». Асаблівая ўвага была ўдзеленая эвакуацыйным люкам.

— Ніводзін з аварыйна-выратавальных модуляў карабель не пакінуў! — рэзюмаваў Сар­ва, выцягнуў свой камп'ютар і пачаў уводзіць у яго даныя. Версіі аб сутыкненні, тэхнагеннай аварыі і абардажы інспектар адкінуў.

— Што б там ні адбылося, людзі па-ранейшаму застаюцца на борце!.. Пошукавай камандзе падрыхтавацца да высадкі! — збліжэнне двух велізарных суднаў патрабавала тонкага манеўру, таму Мармылёў вырашыў скарыстацца ўсё тым жа малым дапаможным катарам.

Памежнікі і Сарва апранулі скафандры і занялі месцы ў катары, пасля чаго Ішора здзейсніў майстарскую стыкоўку з «Эрнстам Юліусам Эпікам». З механічнымі засаўкамі знешніх створак шлюзавай камеры справіліся з дапамогай накіраванага выбуху, папярэдне адстукаўшы па кор­пусе паведамленне азбукай Морзэ.

Генератар штучнай гравітацыі не працаваў: па шлюзавай камеры плавалі незамацаваныя прадметы. Вельмі дарэчы прыйшліся чаравікі на магнітнай падэшве. Ні асноўнага, ні дзяжурнага асвятлення не было, і каманда запаліла нашлемныя ліхтары. Каб аднавіць герметычнасць, падначаленыя лейтэнанта выкарыстоўвалі вязкацякучую кампазіцыю на аснове палімераў і ліставую накладку з эластычнага матэрыялу.

— Запускайце помпы! — праз пяць хвілін шлюзавая камера напоўнілася паветрам. З праходам унутр судна праблем не паўстала — пераборку замыкала крэмальерная засаўка. — Уваходзім!.. Што з паветрам?

— Газааналізатар паказвае норму! — адгукнуўся сяржант Кайна, зірнуўшы на прыбор, які вісеў у яго на грудзях. — Звычайнае стэрыльнае паветра, якое прайшло шматразовы рэцыкл!

Тым не менш, зняць шлемы Ішора не дазволіў.

Інспектар зрабіў чарговую памету: нічога, што магло б дапамагчы знайсці адказ. Усе скафан­дры аказаліся на месцы.

— Цікава, чаму нас ніхто не сустракае?.. Яны не маглі не заўважыць крэйсер!

— Не маю ніякага ўяўлення! — Сарва вывеў на дысплэй камп'ютара трохмерны план «Эрн­ста Юліуса Эпіка», хоць мог прайсці па судне з заплюшчанымі вачыма: часу на вывучэнне было дастаткова. — Мабыць, нам лепш пачаць з рубкі кіравання!

Лейтэнант перашыхтаваў салдат, і калона пакрочыла па калідоры. Першым прыпынкам ста­ла першая ж пераборка.

— Электрычнасці няма! — паведаміў Кайна, агаліўшы нутро панэлі доступу.

— Падымайце ўручную!

Узброіўшыся загадзя падрыхтаванымі ламамі, салдаты ўзяліся за справу. Праз некалькі хвілін праход быў свабодны.

— Сяржант! — лейтэнант не хацеў рызыкаваць: калона працягнула рух толькі пасля таго, як Кайна праверыў адсек. Магутныя ліхтары давалі дастаткова святла, што дазволіла інспектару праводзіць пільны агляд. Пакуль нічога цікавага не сустракалася.

Пераборкі былі тоўстымі, і выкарыстоўваць цеплавізар не мела сэнсу. Сілы прыцягнення адсутнічалі, і таму ранцы сістэмы жыццезабеспячэння не важылі амаль нічога. Значна спрашчаўся і пошук доказаў. Важна было толькі ўважліва сачыць за тым, што плавала перад вачыма.

У наступным адсеку, адкрываць які таксама давялося ўручную, размяшчаўся галоўны размеркавальны шчыт. Нягледзячы на тое, што апаратура была спраўнай, аднавіць падачу электрычнасці не атрымалася: індыкатар напружання паказваў нуль.

— Не разумею, — нахмурыўся Кайна. — Нават пры спыненым рэактары ток у ланцугу прысутнічаць павінен: ёсць жа яшчэ аварыйныя акумулятарныя батарэі!

Шлях да рубкі кіравання пралягаў міма лабараторных боксаў. Яны ўсе да аднаго аказаліся пустымі. Унутры панаваў хаос, што не давала зрабіць адназначную выснову пра тое, ці здарылася на борце нешта экстраардынарнае. У кают-кампаніі пошукавая каманда таксама нікога не выявіла. Не наканавана было спраўдзіцца і надзеям заспець каго-небудзь з членаў экіпажа ў рубцы кіравання.

— Ні жывых, ні мёртвых!.. Усё гэта вельмі дзіўна! — сяржант перахрысціўся. Сарва вырашыў не каментаваць словы Кайны: у практыцы інспектара не было ніводнага выпадку сустрэчы са звышнатуральным.