— Цела мы так і не знайшлі, хоць літаральна перакапалі цэлую калонію і абшукалі ўсё навокал у радыусе пяці кіламетраў.
— Багушэўскі не мог сысці?
— Куды?.. На сотні кіламетраў наша калонія — адзіная. На шлюзах — сканеры сістэмы бяспекі. Без пропуска, які выдаецца максімум на дванаццаць гадзін, не выйсці.
— А іншых выхадаў няма?
— Якія могуць быць іншыя выхады, спадар інспектар? Гэта ж — іншапланетная калонія!
— Так, сапраўды. Пропуск меў электронны код?
— Так. Лічба-літарны набор з васьмі знакаў.
— Код можна ўзламаць.
— Кожны пропуск — яшчэ і ключ! — Шаверда выцягнуў дзіўнага выгляду карту. — Бачыце гэтыя раўчукі і зубцы?.. Для кожнага шлюза — свая камбінацыя.
— Вы дазволіце?.. Даволі цяжкі!
— Матэрыял ключа — гэта спецыяльны сплаў, вырабіць які без адмысловага абсталявання проста немагчыма. Магніты замок зроблены з аналагічнага сплаву. На іншы метал ён не рэагуе. Космас занадта жорсткі, каб дапускаць выпадковасці, якія могуць усё разбурыць!.. Перш за ўсё мы праверылі дзяжурную часць: усе ключы засталіся на месцы. Не забывайце пра запас кіслароду, спадар інспектар! Балоны на строгім уліку і выдаюцца толькі пад канкрэтныя задачы.
— Балоны стандартныя?
— Так, на дваццаць чатыры гадзіны. Каб выжыць па-за сценамі калоніі дзесяць дзён, неабходна загрузіць балонамі цэлы ўсюдыход, нават улічваючы аварыйны запас у машыне. Неабгрунтаваны выезд усюдыхода строга забаронены. Дый не застанецца такое незаўважаным. Гэта ж не іголка ў стозе сена!.. А як схаваць габарытную шматтонную машыну ад даследчых дронаў? Бачаць яны на дзясяткі кіламетраў!
— Скажыце, спадар Шаверда, у Багушэўскага былі ворагі?
— Інакш кажучы, ці маглі яго забіць? — рушыў услед ківок Сарвы. — Багушэўскага ўсе паважалі.
— Павага не дае гарантыі даўгалецця. Ведалі б вы, спадар Шаверда, на што ідуць некаторыя праз банальную зайздрасць!
— Універсальны ключ ёсць толькі ў Кайшы! У старонняга скарыстацца ім не атрымаецца — кантэйнер адкрываецца толькі пасля аналізу ДНК.
— Кроў?
— Так, прычым трайны аналіз з рознымі прамежкамі. Згусцелая кроў не падыдзе.
— Штучны ці натуральны растваральнік?
— Аналізатар настроены так, што выяўляе нават мільённыя долі працэнта чужога рэчыва.
— Багушэўскі мог адкрыць бокс знаёмаму.
— Кожнае адкрыццё бокса фіксуецца. З дзесяці гадзін чатырнаццаці хвілін пятага верасня да васьмі гадзін шасці хвілін шостага верасня дзверы ў трэці лабараторны бокс не адчыняліся.
— Што можаце сказаць наконт вентыляцыі?
— Разумею, куды вы гняце, спадар інспектар, аднак вымушаны вас расчараваць: пралезці па трубах не па сіле нават двухгадоваму дзіцяці. Да таго ж, яны ўсе за кратамі. Загартаваны метал на доўгіх металічных анкерах.
— Надзейна.
— Яшчэ як. Мы спрабавалі выдраць краты ўтрох. Нічога не атрымалася. Няма чаго і думаць пра тое, каб выцягнуць цела праз лабараторыю: калонія ў нас невялікая. Усё навідавоку.
На Марс апусцілася сапраўдная ноч.
— Ад цела можна пазбавіцца і ў самым боксе! Тыпавы інструментарый дазваляе не толькі раздзяліць труп, але і замесці сляды.
— Вы пра кіслату і печы, спадар інспектар?.. Мы праверылі — запасы кіслотаў некранутыя, печ не запальвалі. Бокс чысты!.. Вось мы і прыехалі!
Пра сябе Сарва абазваў калонію напаўраздушанай вінаграднай гронкай. Вецер валіў з ног — да знешніх створак дайшлі, трымаючыся за нацягнуты металічны трос. Для таго, каб адчыніць створкі, спатрэбіліся намаганні трох астранаўтаў.
— Вось вам яшчэ адзін аргумент на карысць таго, што Багушэўскі не мог сысці сам, спадар інспектар!
— Боксы забяспечаныя відэакамерамі?.. Што паказаў відэазапіс? — астранаўты па чарзе станавіліся пад іанізацыйны душ.
— Запіс не вёўся.
— Як? — асалапеў Сарва. — Гэта ж парушэнне інструкцый!
— Тэхніка можа ламацца, спадар інспектар. Прычым здараецца гэта, як правіла, у самы нязручны час!.. Скафандр можна павесіць сюды.
— А мог Багушэўскі здзейсніць самагубства? — працягнуў допыт Сарва, калі за астранаўтамі зачыніліся ўнутраныя створкі.
— Падстаў у Віжкгаіла не было.
— Вы ў гэтым упэўнены?
— Нам сюды!.. Ці ўпэўнены я? На сто працэнтаў. У невялікім калектыве, у замкнёнай прасторы захаваць таямніцу вельмі складана. Я б нават сказаў, немагчыма. А аптымізму Багушэўскага можна было пазайздросціць. Шчаслівы ў шлюбе, шмат сяброў, праз паўгода павінен быў атрымаць ступень доктара навук. Якое ўжо тут самагубства?
— Чалавечая душа — цёмны лес!
— Толькі не душа Віжкгаіла. Ён быў у нас другім няштатным псіхааналітыкам. Скажу вам па сакрэце, спадар інспектар, звярталіся да яго часцей, чым да Яцына.