— Крыягеніка, — адказаў Дароўскі, які ўвесь гэты час моўчкі мераў крокамі кабінет. — Ворагаў у Эрыка не было, калі што.
— Спадар Звірбуль, што паказаў аналіз ежы і вады?
— Слядоў іншародных рэчываў у крыві Кабата не выяўлена. Якой бы ні аказалася прычына, гэта дакладна не атручванне!
— Давайце зірнем на цела!
У якасці морга на станцыі выкарыстоўвалася адна з лабараторый, тэмпература ў якой падтрымлівалася на ўзроўні плюс два градусы па Цэльсію.
Твар інжынера-геакрыёлага нагадваў выродлівую гумовую маску з увагнутасцямі ў раёне лба і правай скроні. Іх глыбіня выдавала сілу ўдараў. Інспектар прысеў над целам і ўважліва агледзеў скурнае покрыва на руках Кабата.
— Гематомы адсутнічаюць... на шыі таксама ніякіх слядоў прымянення сілы... Кабат быў праўшой?
— Так, — разам адказалі Дароўскі і Звірбуль.
— Дзе айсбаль? — скрываўленая прылада самагубства была загорнутая ў плёнку з поліпрапілену. Агляд, зняцце адбіткаў пальцаў і следчы эксперымент занялі ў Сарвы гадзіну. Параўнанне адбіткаў пальцаў з айсбаля і перадсмяротнай запіскі паказала, што яны належаць аднаму чалавеку. Інжынеру-геакрыёлагу — як высветлілася з базы даных медыцынскага пункта. — Адназначна самагубства!
— Гэта было відавочна з самага пачатку! — сказаў Звірбуль, а Дароўскі прыгнечана паківаў галавой. І без слоў было ясна, што ён да апошняга не верыў у тое, што таварышу хапіла духу.
— Пакажыце мне жылую ячэйку Кабата! — ролю гіда ўзяў на сябе інжынер.
Статус вучонага з сусветным імем меў свае перавагі — пакой інжынера-геакрыёлага адрозніваўся ад жылой ячэйкі, выдзеленай інспектару, у лепшы бок. Сарва вырашыў пачаць з агляду асабістых рэчаў Кабата: вельмі часта разгадку трэба было шукаць менавіта ў дарагіх чалавеку прадметах.
Фатаграфій — сям'я, родныя, калегі — было шмат: інжынер-геакрыёлаг захоўваў два альбомы. Кожны са здымкаў быў забяспечаны кароткім тлумачальным подпісам. Яны дапамаглі інспектару скласці псіхалагічны партрэт Кабата. Да канца прагляду ў Сарвы больш не заставалася сумненняў у тым, што разгадку варта шукаць у мінулым.
Почыркі на налепках у альбомах і ў перадсмяротнай запісцы былі ідэнтычнымі, з улікам, безумоўна, стрэсавага стану інжынера-геакрыёлага перад самагубствам.
Пасля альбомаў інспектар зірнуў на ноўтбук. Адсутнасць інвентарнага нумара пераканала Сарву ў тым, што камп'ютар належыць Кабату.
— Акумулятарная батарэя цалкам разраджаная... — інспектар пачаў высоўваць шуфляды пісьмовага стала і неўзабаве выявіў сеткавы адаптар, машынальна адзначыўшы прысутнасць у шуфлядах толькі канцылярскіх прылад і паперы. — Паглядзім, што ў нас тут!
З ноўтбукам Сарва звязваў пэўныя надзеі. Сістэма загрузілася адразу — пароль для ўваходу адсутнічаў. Двайной пстрычкай па працоўным стале інспектар выклікаў файлавы менеджар і пачаў корпацца ў інтэрфейсе.
— Вось табе і маеш!
— Што такое? — страпянуўся інжынер, які стаяў у дзвярным праёме.
— З аператыўнай запамінальнай прылады выдалена ўся інфармацыя... Падобна на тое, што нехта вельмі не хацеў, каб звесткі сталі агульнадаступныя... Ці ў парыве шаленства Кабат выдаліў іх сам!.. Ёсць толькі адзін спосаб праверыць! — Сарва дастаў з чамаданчыка USBфлэш-назапашвальнік і сунуў канектар у гняздо на бакавой панэлі ноўтбука, а затым вывеў на экран меню. Засталося толькі запусціць спецыяльна распрацаваную для паліцыі праграму аднаўлення для выдаленых файлаў.
Аперацыя прайшла надзіва паспяхова, хоць і зацягнулася на гадзіну. Амаль у тры разы больш часу заняла знаёмства з інфармацыяй на шасці дысках ноўтбука. Дароўскі двойчы прыносіў гарбату з печывам — Сарва не хацеў губляць часу.
Файл пад назвай «Дзённік» інспектар свядома пакінуў «на дэсерт». Чым больш Сарва чытаў, тым больш зразумелай рабілася карціна здарэння, пакуль не стала відавочнай.
— Спадар Дароўскі, а колькі каштуюць вашы сакрэты?
— Прабачце? — здзівіўся інжынер.
— Колькі гатовыя заплаціць транснацыянальныя карпарацыі за тое, каб даведацца аб распрацоўках «Іагана Готфрыда Гале»? Крыягеніка — вельмі перспектыўная галіна навукі.
— Вось вы пра што! — слаба ўсміхнуўся Дароўскі. — Шмат! Вельмі шмат!.. Станцыя — лакаматыў фізікі нізкіх тэмператур: тут сабраныя вядучыя навукоўцы ў гэтай галіне... Але персанал «Іагана Готфрыда Гале» не прадаецца!
— Навука важнейшая за матэрыяльныя выгоды? — у Сарвы і ў думках не было іранізаваць.
— Так... А чаму вы задалі гэтае пытанне, спадар Сарва?.. Вы падазраяце...
— Прамысловы шпіянаж.
— Запэўніваю вас, спадар Сарва, гэта — немагчыма! Кандыдаты праходзяць жорсткі адбор! Шпіёну на «Іаган Готфрыд Гале» не патрапіць!