— А вось «траянскаму каню»...
— Хопіць казаць загадкамі!
— Прашу прабачэння!.. Шпіёну на станцыю не пракрасціся, але ж маецца яшчэ і іншы спосаб — псіхалагічнае праграмаванне. З дапамогай спецыяльных методык, у прыватнасці — акустычнай карэкцыі псіхікі, чалавека можна накіраваць на выкананне чужых загадаў. Такога кшталту ўздзеянне можа адбывацца прамым, імператыўным гіпнозам альбо завуаляваным, ускосным, калі ў словы гіпнолага ўстаўляюцца ключавыя словы або кодавыя фразы, якія адкладаюцца ў падсвядомасці і пазней могуць аказваць уплыў на свядомасць.
Дароўскі нахмурыўся. Сказанае Сарвам яму не падабалася.
— Псіхалагічнае праграмаванне адбываецца за кошт стварэння ў кары галаўнога мозгу ўстойлівага дамінантнага ачага ўзрушанасці або тармажэння. Ачаг бярэ на сябе аўтаматычную функцыю кіравання арганізмам і выклікае спецыфічныя фізіялагічныя рэакцыі-зрухі ў катэгарычнай адпаведнасці з закладзенай праграмай-кодам. Кадаванне дазваляе запраграмаваць мозг аб'екта такім чынам, што ён будзе выконваць любую дырэктыву, закладзеную ў яго падсвядомасць. Аб'ект, які патрапіў пад псіхалагічнае праграмаванне, будзе нават не ў курсе таго, што яго псіхіку гвалтоўна карэкціравалі. Ён можа пражыць пяць, дзесяць, дваццаць гадоў, перш чым атрымае код актывацыі.
— Калі я вас правільна зразумеў, спадар Сарва, Эрыка ператварылі ў зомбі?
— Можна сказаць і так, спадар Дароўскі!.. Мяркуючы па ўсім, пры псіхалагічным праграмаванні паслядоўнасць кадзіроўкі з нейкай прычыны была парушаная.
— Таму ў Эрыка і пачаўся галаўны боль?
— Так. Кабат моцна пакутаваў ад накладання матрыц, але яшчэ горш яму стала ад усведамлення здрады... Каму і якія сакрэты ён выдаў, яшчэ трэба высветліць. Але ўжо цяпер зразумела адно: пакуты сумлення аказаліся для Кабата невыноснымі, і ён не знайшоў іншага выйсця, акрамя як здзейсніць самагубства.
— А навошта ён выдаліў даныя з камп'ютара? — пасля паўзы спытаў інжынер.
— Хутчэй за ўсё, гэта было выклікана імператывам кадзіравання, які патрабаваў ад аб'екта замятаць сляды... Звірбулю трэба правесці праверку ўсяго персаналу «Іагана Готфрыда Гале» — магчыма, чарвяк сядзіць у кімсьці яшчэ!
КАЙДАНЫ МАРОКА
Расследаванне на Нептуне было скончана, і Ратаўт Сарва атрымаў загад вярнуцца на Зямлю. Нават з улікам пагружэння ў гіперпрастору пералёт меўся быць доўгі, і перад Сарвам паўстала пытанне, чым заняць вольны час. Мозг інспектара патрабаваў пастаяннага напружання.
— Мабыць, варта пачаць з гексаганальных шахматаў! — выпадкова Сарва сустрэўся з Таіцынам Уснічам, капітанам грузапасажырскага судна «Эўдокс Кнідскі». Школьны таварыш не менш за інспектара любіў гульню. — Працягну знаёмствам з Усеагульнай энцыклапедыяй, а на дэсерт — лагічныя задачы!
Сарва пацёр рукі ў прадчуванні задавальнення і сабраўся выйсці на сувязь з Уснічам, як раптам паступіў сігнал выкліку ад капітана.
— Ратаўт, калі ласка, зайдзі да мяне! Толькі што паступіла радыёграма з Зямлі — мы мяняем курс!
— Што здарылася? — інспектар не на жарт устрывожыўся.
— Забойства. Цябе камандзіруюць на Плутон для правядзення расследавання!
Радыёграма з подпісам камісара Айнбунда змяшчала ў сабе мінімум інфармацыі: далёкая касмічная сувязь ускладнялася эфектам Доплера, значным паслабленнем сігналу за кошт рассейвання ў прасторы і вялікімі затрымкамі, якія выклікала канчатковая хуткасць распаўсюджвання радыёхваль. На адлегласці дваццаці дзевяці астранамічных адзінак не дапамагалі нават спадарожнікі-рэтранслятары.
— Столькі гадоў не бачыліся і зноў расстаёмся! — прыгнечана паківаў галавой Усніч.
— Нічога не зробіш — служба! — за доўгія гады Сарва навучыўся ставіцца да ўсяго па-філасофску. Гэта дапамагала не толькі прыняць рэальнасць, але і захаваць душэўную раўнавагу.
Нябесныя целы ніколі не збліжаліся менш чым на сямнаццаць астранамічных адзінак. Разлік каардынат моцна ўскладняўся тым, што Плутон знаходзіўся ў поясе Койпера — зоне Сонечнай сістэмы, якая складалася з астэроідаў, к'юбівану, плуціну і аб'ектаў рассеянага дыска. З трыццаці гадзін у капітана атрымалася аддаць таварышу толькі дзве.
Сам гіперпераход нічым адметным не запомніўся: чатырнаццаць гадзін практычна поўнай нерухомасці ў супрацьперагрузачным кокане. «Эўдокс Кнідскі» выйшаў з гіперпрасторы за дзвесце тысяч кіламетраў ад Плутона. Карлікавая планета, якая складалася з замерзлага азоту, вадзянога лёду і сілікатаў, мела светла-карычневы са слабым адценнем жоўтага колер.
— Табе там не спадабаецца, Ратаўт! — упэўнена заявіў Усніч.