На «Элізіуме» мелася ўласная служба бяспекі, набраная з адстаўных вайскоўцаў і супрацоўнікаў спецслужбаў, аднак справіцца сваімі сіламі яна не здолела — адбілася зусім іншая спецыфіка.
Ладо прыбыў дакладна ў патрэбны час. Сарва ўвёў калегу ў курс справы, пасля чаго сабраў рэчы і заняў месца ў чоўне. З паскарэннем у 11 g апарат стартаваў на арбіту. Да часу прыбыцця інспектара разлік каардынат быў скончаны, і «Вэй То» нырнуў у гіперпрастору.
Падарожжа атрымалася кароткім: перыгелій Марса складаў восемсот дзесяць тысячных астранамічнай адзінкі. Брыг правёў манеўр тармажэння і завіс на арбіце. Не жадаючы губляць часу, інспектар перабраўся ў човен неадкладна пасля выхаду «Вэй То» з гіперпрасторы. Дысплэі дазвалялі сачыць за тым, што адбываецца звонку.
Аксід жалеза надаваў планеце чырванаватае адценне. Нават няўзброеным вокам можна было ўбачыць на паверхні светлыя вобласці, якія атрымалі назву мацерыкоў, і цёмныя ўчасткі — моры. Паўшар'і Марса даволі моцна адрозніваліся паводле характару: паўднёвае было густа ўсеянае кратарамі, чым нагадвала месячныя мацерыкі; большую частку паўночнага займалі адносна гладкія раўніны. Выразная мяжа паміж поўначчу і поўднем ды палярныя лядовыя шапкі дапаўнялі карціну.
Малая шчыльнасць атмасферы і невялікая хуткасць уваходу ў яе спрыялі бяспечнай пасадцы на Марс. Човен мякка крануўся апорамі керамічнага бетону, падняўшы пыл, які патрапіў на ўзлётна-пасадачную пляцоўку праз бар'ер з альфа-часціц нізкай энергіі. Крыніцы радыеактыўнага выпраменьвання стапрацэнтнай гарантыі не давалі: часціцы адрозніваліся занадта малымі памерамі.
Наколькі ведаў інспектар, сваё імя «Элізіум» атрымаў нездарма: гарадок з'яўляўся сапраўдным раем для навукоўцаў, паколькі такіх магчымасцяў самарэалізацыі перад імі не раскрывалася больш нідзе. Любы інтэлектуал лічыў за гонар быць запрошаным у «Элізіум».
У гарадок інспектара даставіў усюдыход службы бяспекі, а па завяршэнні працэдуры шлюзавання яго сустрэлі начальнік медыцынскай службы і начальнік аховы.
— Я — Дзірж Цінгулс, гэта — Сарыгоўт Гамалій, — мужчыны па чарзе паціснулі руку Сарвы. — Камісар Айнбунд пазіцыянаваў вас як свайго найлепшага спецыяліста. Вы насамрэч такі прафесіянал?
— Аддаю перавагу пацвярджэнню рэнамэ справамі, а не словамі, спадар Цінгулс! — інспектар без цяжкасці вытрымаў пранізлівы погляд начальніка аховы.
— Што ж, паглядзім, на што вы здатныя, спадар Сарва!.. Аб'ект у нас рэжымны — вы павінны прайсці геномную дактыласкапію для атрымання часовага пропуска. Вашая ДНК будзе пераведзена ў лічбавы фармат і запісаная на сіліцэнавы камп'ютарны чып. Гэта дазволіць вам свабодна перасоўвацца па гарадку. Але доступ у звышсакрэтныя лабараторыі для вас будзе закрыты. Калі вам спатрэбіцца трапіць унутр, звярніцеся па дазвол да мяне. Адказ будзе атрыманы на працягу трох гадзін.
Беднасць мімікі і металічныя ноткі ў голасе рабілі начальніка аховы падобным да андроіда.
— Пропуск выдаецца на дваццаць чатыры гадзіны. Адлік часу пачынаецца з моманту актывацыі чыпа. Па заканчэнні тэрміну дзеяння пропуска трэба пакінуць гарадок або атрымаць новы пропуск з паўторам працэдуры геномнай ідэнтыфікацыі асобы. У пропуск убудаваны GPS-трэкер, які дазваляе адсочваць вашы перамяшчэнні і вызначаць дакладнае месцазнаходжанне. У выпадку разрыву нейронавай сеткі радыёчастотнай ідэнтыфікацыі, гэта значыць пры страце пропуска альбо парушэнні яго цэласнасці, ахоўная сістэма неадкладна падымае трывогу... Гэта што?
— Рабочы планшэт.
Мяркуючы па ўсім, Цінгулс атрымаў загад ва ўсім садзейнічаць расследаванню. У адваротным выпадку напэўна б правёў рэнтгенаскапію камп'ютара. З дапамогай стыла Сарва ўнёс у памяць не толькі новыя даныя, але і ўласныя сумненні: як пры такіх павышаных мерах бяспекі наогул маглі адбыцца забойствы?
— Спадар Гамалій, распачынайце! — начальнік медыцынскай службы падступіў да кампактнага прыбора, які да гэтага ляжаў на невысокай храміраванай калясцы. — Можаце задаваць пытанні, спадар Сарва!
Медык прымусіў інспектара закасаць рукаў і сунуць руку ў прыёмнік. Сарва адчуў слабы ўкол у вену.
— Я хацеў бы ведаць, пры якіх абставінах былі знойдзены целы.