— Калі ласка, намачыце слінай тампон!.. Дзякую!
— Жаўнова знайшоў спецыяліст па комплекснай уборцы памяшканняў праз чатыры з паловай гадзіны пасля забойства. Таўса хапіўся калега пасля таго, як акадэмік спазніўся на эксперымент з гамасферай. Педантычны Бабрук не з'явіўся на нараду ў кіраўніка навуковага гарадка.
— Атрымліваецца, у ніводным з трох выпадкаў ахоўная сістэма трывогі не падняла? — паказчыкі біялагічнай актыўнасці жывой і мёртвай плоці аднолькавымі не маглі быць апрыёры.
— Менавіта так. Па кожным выпадку было праведзена расследаванне, але ніякіх адхіленняў у рабоце пропускаў не выяўлена.
У планшэце з'явілася новая адзнака: дасканалай камп'ютарнай сістэмы не існавала. Тым больш што хакеры штодня ўдасканальвалі сваё майстэрства.
Ці не азначала тое, што аларм-сістэма не спрацавала, наступнае: забойца альбо яго саўдзельнік працуюць у тэхнічным аддзеле службы бяспекі?
— У ніводным з трох выпадкаў камеры відэаназірання, устаноўленыя на ўваходзе ў індывідуальных працоўных боксах, забойцу не зафіксавалі, хоць запіс вядзецца ў рэжыме «анлайн».
— Вы агледзелі відэакамеры?
— У першую чаргу. Спраўныя. Узламаныя не былі.
Гукавы зумер сігналізаваў аб тым, што 3D-прынтар пачаў работу. Начальнік медыцынскай службы ўважліва сачыў за ходам друку.
— З цэнтральнага пульта можна ўнесці карэктывы ў запіс?
— Мы праверылі і гэта, спадар Сарва. Аператары па-за падазрэннямі.
— Ніякіх тэхнічных збояў? Недазволеных падключэнняў?
— Ніякіх!
— У боксах відэакамеры ёсць?
— Нашы падапечныя высока цэняць прыватнасць даследаванняў, спадар Сарва.
— Вельмі сумная акалічнасць!.. Спадар Гамалій, ці выяўленыя пры аглядзе боксаў якія-небудзь анамаліі?
— Аніводнай! — зноў нагадаў пра сябе зумер. — Ваш пропуск гатовы!
Начальнік аховы паведаміў у дзяжурную часць код з дваццаці пяці знакаў, і праз хвіліну ярка-чырвоны колер мікраскапічнага святлодыёда на пластыкавай картцы змяніўся на зялёны.
— Сардэчна запрашаем у «Элізіум»! — усміхнуўся Гамалій, а Цінгулс прыклаў свой пропуск да сканера сістэмы бяспекі. Унутраныя створкі пачалі рассоўвацца.
Нягледзячы на тое, што ў інспектара не было падстаў для таго, каб усумніцца ў кампетэнтнасці падапечных начальніка аховы, ён папрасіў санкцыі азнаёміцца з відэазапісамі.
— Што вы там збіраецеся ўбачыць, спадар Сарва?
— Такі парадак, спадар Цінгулс!
Як і папярэджваў начальнік аховы, новай інфармацыі лічбавыя запісы не далі. Кантролер пацвердзіў іх аўтэнтычнасць. На ўсялякі выпадак Сарва папрасіў копіі. У практыцы інспектара мелася нямала выпадкаў, калі дэталі набывалі яснасць толькі пасля неаднаразовага прагляду.
Па дарозе да празектарскай Цінгулса выклікалі ў дзяжурную часць, так што ролю гіда давялося ўзяць на сябе Гамалію.
— Скажыце, спадар Гамалій, ці маюцца падставы для падазрэння забітых у здзяйсненні самагубства?
— Запэўніваю — абсалютна ніякіх!.. Навуковы персанал штомесяц праходзіць поўны медыцынскі агляд, які ўключае ацэначныя тэсты псіхасаматычнага стану. Мы абавязкова заўважылі б дэвіяцыі!
— У Жаўнова, Таўса і Бабрука былі ворагі?
— Ворагі ёсць у любога чалавека, які мае сацыяльную вагу, спадар Сарва! Пытанне толькі ў тым, ці гатовыя ворагі да прамога дзеяння... У кола маіх абавязкаў уваходзіць маніторынг псіхалагічнай атмасферы ў навуковым гарадку. Гарантую: людзей, гатовых на забойства калег, у «Элізіуме» няма!
— Ці дапускаеце вы магчымасць дыверсіі?
— З падобным пытаннем вам лепш звярнуцца да Дзіржа Нарыбутавіча, спадар Сарва!
— Абавязкова прыслухаюся да вашай парады!.. І ўсё ж такі?
— Чужому ў «Элізіум» не пракрасціся. Служба бяспекі свой хлеб есць недарма!
У планшэце з'явілася адзнака насупраць радка «ўкаранёны агент». Ужо на ўзлётна-пасадачнай пляцоўцы інспектар ацаніў верагоднасць пранікнення ўнутр навуковага гарадка як нулявую: подступы прыкрывалі батарэі рэйкатронаў, а ахоўны перыметр рабіў «Элізіум» падобным на непрыступную крэпасць.
Целы чакалі Сарву ў халадзільных камерах. Іх агляд з'яўляўся толькі данінай інструкцыі — заключэнні аб аўтапсіі былі прафесійна падрабязнымі. Знаёмства са справаздачамі заняла нейкі час. На жаль, праліць святло на злачынствы яны не здолелі. Да справаздач былі прымацаваныя фатаграфіі высокай якасці, якія пазбавілі інспектара ад неабходнасці здымкі.
— Я так разумею, па план «Элізіума» мне трэба звярнуцца да Цінгулса?
— Не злуйцеся на яго, спадар Сарва! Дзірж Нарыбутавіч проста робіць сваю працу. Такі груз адказнасці сагне любога... Я магу падзяліцца з вамі схемамі сектараў, у якіх адбыліся забойствы.