Выбрать главу

— Містыка нейкая! Ёсць чалавек. І няма яго...

Варта было трапіць у зону дзеяння фотаэлемента, як адразу запальваліся лямпы, разганяючы паўзмрок дзяжурнага асвятлення.

Калідор скончыўся шэрагам дзвярэй, кожную з якіх пранумаравалі з дапамогай трафарэта і люмінесцэнтнай фарбы.

— Ваша жылая ячэйка, спадар інспектар! — памяшканне аказалася невялікім, але вельмі камфортным. — Ваш ключ!.. Пачакаеце абед ці паклапаціцца, каб ежу вам прынеслі?

— Патрываю! Калі вы не супраць, я хацеў бы агледзець бокс і пагаварыць з людзьмі!

— Якія могуць быць пярэчанні? Мы ж і выклікалі паліцэйскага інспектара менавіта дзеля таго, каб высветліць, што ўсё ж такі здарылася.

З сабой Сарва захапіў толькі чамаданчык з інструментамі і ноўтбук.

— Калі ласка, за мной!

Ісці давялося нядоўга.

— Адну хвіліну! — Сарва спыніў Шаверду, які збіраўся скарыстацца ключом. — Я павінен агледзець дзверы — der Teufel steckt im Detail! Адказ трэба шукаць у дробязях!

— Калі ласка!

Сарва паставіў чамаданчык на падлогу, пасля чаго выцягнуў з несэсэра магутную лупу і пачаў міліметр за міліметрам абследаваць шчыліну і замок.

— Можаце адчыняць!.. А вас я папрашу застацца за парогам!.. Тут нешта краналі?

— Усё засталося так, як было паўтара тыдня таму... Гэта паліграф?

— Часам даводзіцца правяраць людзей на сумленнасць.

— І нас будзеце? — ні ценю страху ў вачах.

— Калі спатрэбіцца.

— Больш за шэсцьсот чалавек!

— Затое не трэба будзе думаць пра тое, чым заняць час да прылёту «Адысея»!.. Тут на здзіўленне чыста! — рэзюмаваў Сарва пасля таго, як некалькі хвілін лазіў на каленях па падлозе. — Проста стэрыльная чысціня.

Калі скончыў аглядаць падлогу, Сарва падсунуў крэсла да сцяны і з нагамі залез на яго.

— Краты вентыляцыі не краналі... Калі ласка, спадар Шаверда, падайце адвёртку!.. Супадзенне ці?.. — неўзабаве відэакамера ляжала на стале. Сарва спрытна адкрыў яе і адразу выявіў згарэлы провад. — На першы погляд, усё натуральна...

— Можаце не прастукваць сцены — схаваных пустак у іх няма.

— А што пад намі?

— Калонія аднапавярховая, спадар інспектар. Ніякіх лакун!

— Справа становіцца вельмі цікавай!.. Гэта і ёсць той самы «даволі незвычайны кавалак па­роды»? — Сарва схіліўся над кюветай. — Чаго ж у ім незвычайнага?

— Асноўны складнік грунту Марса — гэта крэменязём з высокай колькасцю шчолачаў, соляў магнію, натрыю і калію. Тут ёсць неабходныя элементы для ўзнікнення і падтрымання жыцця — як у мінулым, так і ў сучаснасці і будучыні... А гэты кавалак паводле свайго мінеральнага складу не мае нічога агульнага з марсіянскімі глебамі. Ён не проста чужародны, а кардынальна іншы!

— Кавалак мог трапіць на Марс разам з людзьмі, — пад лупай узор выглядаў як звычайны камень. — На Зямлі такіх мільярды!

— Калі толькі гэтыя людзі прыляцелі на Марс мільён гадоў таму, спадар інспектар! Уся спра­ва ў тым, што ўзор быў выняты з глыбіні ў некалькі дзясяткаў метраў.

— А ён не можа быць абломкам метэарыта?

— Юхноўскі не знайшоў нічога, што пацвярджала б гэтую гіпотэзу.

— Зразумела, — яшчэ некаторы час Сарва разглядаў кавалак пароды, пасля чаго пераключыўся на працоўнае месца Багушэўскага. — Сляды барацьбы адсутнічаюць... Скажыце, спадар Шаверда, кубак Петры перакулілі ўжо пасля знікнення геолага?

— Па шчырасці, гэтага я не памятаю. Напэўна, пасля. Хаця...

— Кубак не прамаркіраваны. Не скажаце, што ў ім магло быць?

— У такія мы звычайна наліваем дыстыляваную ваду, — Шаверда кіўком паказаў на літровую бутэльку на ніжняй паліцы стала.

— А вось гэта ўжо цікава! — Сарва выняў з чамаданчыка ліхтар на эластычнай стужцы і начапіў яго на лоб, пасля чаго схіліўся над краем папяровага ліста з разлікамі, які тырчаў з папкі. — Скарыстаемся ультрафіялетам!.. Падобна на тое, што ў кубак сапраўды налівалі ды­стыляваную ваду.

— Гэта мае нейкае значэнне?

— Пакуль не ведаю... Дзе мой газавы храматограф? — Шаверда з цікавасцю глядзеў на маніпуляцыі Сарвы. — Хм, сапраўды вада.

Здавалася, інспектар быў збянтэжаны.

— Што з гэтага вынікае?.. Кубак выпадкова перакулілі. Вада разлілася, кроплі трапілі на паперу. Што ж потым?

Сарва апусціўся на крэсла і паглыбіўся ў разважанні. Шаверда моўчкі чакаў. Паўза зацягнулася на чвэрць гадзіны.

— А калі ніякай сувязі няма?.. Ёсць толькі адзін спосаб праверкі — эмпірычны!.. Спадар Ша­верда, мне патрэбная тэлескапічная штанга, пажадана як мага даўжэйшая!

— Трохметровай даўжыні хопіць?

— Так! — пакуль Шаверда адсутнічаў, Сарва набраў у чысты кубак Петры вады з бутэлькі. — Дзякую!.. А цяпер давайце станем за шчыт!