Ужо на пад'ездзе да будаўнічай пляцоўкі Сарва зразумеў, што адбылася сур'ёзная аварыя з чалавечымі ахвярамі. Акрамя ўсяго іншага гэта азначала, што інспектару як афіцыйнаму прадстаўніку Дэпартамента трэба будзе затрымацца на спадарожніку Зямлі на нявызначаны час.
Адным з плюсоў вакууму з'яўлялася тое, што ў беспаветранай прасторы пажар распаўсюджвацца не мог. Таму ратавальнікі адразу ж распачалі пошукі тых, хто выжыў, і кінуліся аказваць ім медыцынскую дапамогу. Улічваючы тое, што за зорную экспансію даводзілася плаціць крывёй, у распараджэнні будаўнікоў мелася адмысловая тэхніка для разбору завалаў і ратавання людзей. Справіліся хутка: нізкая сіла прыцягнення і вялікая колькасць будаўнікоў дазволілі працаваць, не губляючы ні хвіліны. Як і меркаваў Сарва, без ахвяр не абышлося.
— Чатыры чалавекі з пятнаццатай будаўнічай брыгады, — сумна рэзюмаваў Хорт, — яшчэ шасцёра атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.
Некалькі хвілін на агульным канале сувязі панавала гнятлівае маўчанне. Першым яго адважыўся парушыць інспектар:
— Я павінен агледзець месца здарэння!
— Дазвольце яшчэ раз зірнуць на ваша пасведчанне, спадар э... — у мітусні начальнік аддзялення Службы бяспекі асаблівай увагі на спецыялізацыю Сарвы не звярнуў.
— Сарва. Інспектар Сарва.
— Дэпартамент пазаземных крымінальных расследаванняў... Перашкаджаць я вам не маю права, але суправаджаць павінен. Такія правілы!
Інспектар кіўнуў, прыхапіў з ўсюдыхода свой чамаданчык з інструментамі і накіраваўся да модуля, у якім адбыўся выбух. На месцы высветлілася, што ў разбураным ледзь не да падмурка шматсектарным модулі размяшчаўся ядзерны рэактар. На шчасце, будаўнікі толькі пачалі мантаж, а паліва планавалася прывезці праз чатыры тыдні. У адваротным выпадку наступствы маглі аказацца катастрафічнымі.
— Спадар Хорт, няхай вашы людзі ачэпяць месца здарэння!.. І папярэдзьце начальніка змены, каб ён увесь час знаходзіўся ў межах даступнасці! Мне трэба будзе задаць яму сякія-такія пытанні.
— Добра! — начальнік аддзела пачаў аддаваць распараджэнні па службовым канале.
Модуль нагадваў з'едзены карыесам гнілы зуб. Пад нагамі храбусцела корка з запечанага рэгаліту і кампазітных матэрыялаў. Разлічваць знайсці якія-небудзь сляды было неразумна: у модулі натапталі так, як быццам тут прайшоў статак сланоў. Тым не менш Сарва ўзброіўся магутнай лупай і пачаў агляд з гусенічнага робата на радыёкіраванні. У момант выбуху машына знаходзілася блізка ад эпіцэнтра, таму і ператварылася ў груду закуранага металалому, у якой з вялікай цяжкасцю ўгадвалася першапачатковая форма.
Агляду наводзіў на некаторыя высновы, аднак Сарва вырашыў не спяшацца: у прафесіі паліцэйскага дэтэктыва гэта было недарэчна. Інспектар выцягнуў газавы храматограф і пачаў вадзіць па робаце сілікагелевым алоўкам.
— Вадарод. Кісларод. Плацінавая чэрнь, — даныя аналізу прымусілі інспектара задумацца: прыбор не выявіў нават драбнюткіх часціц выбуховых рэчываў. — Зрэшты, гэта яшчэ ні пра што не кажа!
У практыцы Сарвы мелася нямала выпадкаў, калі злачынцы падыходзілі да справы па-сапраўднаму творча. За робатам прыйшла чарга варонкі — інспектар узяў некалькі проб гары ў вакуумную прабірку з намерам пазней прааналізаваць іх з дапамогай растравага электроннага мікраскопа.
Расколіны ў керамічным бетоне падмурка паказвалі на кірунак ударнай хвалі. Па іх глыбіні нескладана было разлічыць тратылавы эквівалент выбуху.
Сарва павольна рухаўся па спіралі і праз некаторы час дабраўся да двух балонаў. Дакладней, да таго, што ад іх засталося.
— Падобна на тое, што выбухнулі менавіта яны... — інспектар схіліўся над балонамі і выдаткаваў гадзіну на іх агляд, асаблівую ўвагу надаўшы вентылям. — Зноў плацінавая чэрнь! Спадар Хорт, калі ласка, запрасіце начальніка змены... І загадайце затрымаць усю пятнаццатую брыгаду да асобага распараджэння.
Хорт звярнуўся да падначаленых, а Сарва вярнуўся да балонаў, падсвядома адчуваючы, што адказ варта шукаць менавіта ў іх. Характар будаўнічых работ у калоніі выкарыстання выбуховых рэчываў не прадугледжваў.
— Канш Мажуль, начальнік змены. Вы хацелі мяне бачыць?
— Так, спадар Мажуль! — інспектар машынальна кінуў погляд на манометр. Запас кіслароду пакуль не патрабаваў папаўнення. — Скажыце, калі ласка, ці добра вы ведалі загінулых?
— Па праўдзе кажучы, не. Пятнаццатая будаўнічая брыгада прыбыла з Тытана ўсяго два дні таму.
— Вы азнаёміліся з асабістымі справамі будаўнікоў? — Сарва дастаў з паясной сумкі планшэт і пачаў дакументаваць адказы Мажуля.