— Спадар Мажуль, а плацінавая чэрнь можа аказацца небяспечнай у прысутнасці кіслароду?
Начальнік змены адказаў не адразу:
— У выпадку, калі змясціць кісларод у кантэйнер з вадародам.
— Ці ў герметычны сектар? — сэрца інспектара забілася хутчэй. Падсвядомасць падказвала Сарву, што ён знаходзіцца на правільным шляху.
— Навошта камусьці ствараць вадародную атмасферу? Неабходнасці ў ёй няма.
— Калі толькі вадародная атмасфера не з'яўляецца звыклым асяроддзем...
— Брыгада з Тытана! — ахнуў начальнік аддзела.
— На Тытане азотна-вадародна-метанавая атмасфера, у якой струмень кіслароду злучыцца з навакольным вадародам, калі яго нагрэць у прысутнасці плацінавай чэрні. А струмень вадароду — не... У пятнаццатай брыгады быў жа першы працоўны дзень, спадар Мажуль?
— Так.
— Сіла звычкі: дыспетчар цалкам машынальна пачаў нагнятаць у сектар не кісларод, а вадарод, а аператар робата з абсалютнай упэўненасцю ў тым, што працуе ў бяспечным асяроддзі, уключыў плазматрон...
КСЕНАЦЫД
З арбіты Тытан выглядаў як мутна-аранжавы шар. Наяўнасць некалькіх слаёў вуглевадароднага смогу, якія ўтварыліся з прычыны фатолізу ў верхніх пластах атмасферы, не дазваляла назіраць паверхню другога паводле велічыні спадарожніка ў Сонечнай сістэме ў аптычным дыяпазоне. Зрэшты, глядзець там не было на што, бо Тытан прыкладна напалову складаўся з вадзянога лёду і напалову — са скальных парод. Спадарожнік Сатурна цікавіў навукоўцаў таму, што быў падобны на Зямлю на ранніх стадыях развіцця. Мелася і яшчэ адна прычына прысутнасці на Тытане людзей: запасы вуглевадародаў у мясцовых азёрах у некалькі разоў перавышалі агульныя запасы нафты і газу на Зямлі.
«Джардана Бруна» павольна збліжаўся з міжнароднай касмічнай станцыяй «Сатурні Луна», чаму інспектар Ратаўт Сарва быў невымоўна рады: камандзіроўка падыходзіла да канца. Радасць азмрочвала ўсведамленне таго, што злачынец пазбег пакарання: бортінжынер Монтвіл Хацілоўскі замест смерці абраў турэмнае зняволенне.
— Хутка будзеце дома! — усміхнуўся Ямант Сконец, камандзір станцыі.
— Прызнаюся вам, спадар Сконец, з усёй маёй любоўю да вандраванняў, часам яны вельмі стамляюць.
— Нічога не зробіш, спадар Сарва, — спецыфіка працы дэтэктыва!
Інспектар падхапіў няхітры багаж і ў суправаджэнні камандзіра станцыі накіраваўся да стыковачнага вузла. Перад унутранымі створкамі шлюзавай камеры падаў сігнал камунікатар.
Ніколькі не сумняваючыся ў тым, што прыйшло паведамленне ад камісара Айнбунда, Сарва дакрануўся да піктаграмы на сэнсарным экране.
— Чатырнаццаць гадзін таму знікла сувязь з субмарынай «Хрысціян Гюйгенс». Загадваю вам правесці расследаванне абставін радыёмаўчання.
Да паведамлення быў прымацаваны інфармацыйны пакет. «Хрысціян Гюйгенс» вёў пошук слядоў прэбіятычных злучэнняў у Моры Кракена, паралельна вывучаючы прылівы, берагавую лінію і эвапарыты — хімічныя ападкі, якія выпалі з перанасычаных раствораў. Пакет змяшчаў у сабе кароткія тактыка-тэхнічныя характарыстыкі субмарыны і спіс членаў экіпажа.
Пакуль інспектар знаёміўся з дасланай інфармацыяй, да Сконца прыйшоў радыст з тым, каб перадаць радыёграму.
— Падобна на тое, што развітанне адкладаецца на няпэўны час, спадар Сарва! Я атрымаў загад садзейнічаць вам у расследаванні!.. Што будзем шукаць?
— Субмарыну!.. Карта Мора Кракена ў вас знойдзецца?
— Безумоўна! — мужчыны вярнуліся на капітанскі мосцік, дзе камандзір станцыі вывеў на цэнтральны дысплэй аб'ёмную карту найбуйнейшага з мораў Тытана. Плошча вуглевадароднага мора, якое размяшчалася ў паўночным паўшар'і, складала прыкладна чатырыста тысяч квадратных кіламетраў, сярэдняя глыбіня даходзіла да ста шасцідзесяці метраў.
— Апошні раз «Хрысціян Гюйгенс» выходзіў на сувязь адсюль! — Сарва тыкнуў стылом у кропку на карце. Праграма імгненна вылучыла месца ядавіта-зялёным маркерам. — Улічваючы максімальную хуткасць руху субмарыны — тры з паловай метры ў секунду, — радыус раёна пошукаў складае каля ста пяцідзесяці кіламетраў. Нам спатрэбіцца актыўны ўльтрагукавы санар!.. Усю апаратуру з «Уюна» давядзецца зняць: патрэбна месца для балонаў з дыхальнай сумессю і пасажыра!
— Двух пасажыраў, спадар Сарва! Вопыту кіравання спецыяльнай тэхнікай у вас няма. Дый з пераходам на «Хрысціян Гюйгенс» могуць узнікнуць праблемы.
— Маеце рацыю! — не стаў спрачацца Сарва. — Да таго ж, субмарыну трэба будзе яшчэ падняць на паверхню.
— Я аддам у ваша распараджэнне, спадар Сарва, нашага тэхніка — аператара «Уюна» Мітку Каўруса.
На тое, каб вызваліць міні-субмарыну ад навуковага абсталявання, загрузіць у яе балоны і ўсталяваць санар, пайшло амаль дзве гадзіны. Яшчэ гадзіна была выдаткавана на пагрузку ахоўнай капсулы з «Уюном» у шматразовы транспартны човен. Яго канструкцыя забяспечвала здольнасць вытрымаць гіпергукавую хуткасць уваходжання ў атмасферу Тытана і гарантавала магчымасць максімальнага зніжэння над паверхняй Мора Кракена.