Калі падрыхтоўка была скончана, Сарва і Каўрус занялі месцы ў міні-субмарыне. На пасажыраў «Уюн» разлічаны не быў, і два чалавекі ў масіўных скафандрах змясціліся ўнутры з вялікай цяжкасцю. Асвятленне адсутнічала, так што давялося запасціся хемілюмінесцэнтнымі крыніцамі святла.
— Як толькі «Уюн» пагрузіцца, сувязь знікне. Так што, калі захочаце што-небудзь сказаць нам, давядзецца ўсплываць! Радыст будзе дзяжурыць пры перадатчыку круглыя суткі!.. Поспехаў!
— Дзякую, спадар Сконец!
Лёгкае страсенне корпуса і выкліканы гэтым кароткачасовы стан бязважкасці сведчылі на карысць таго, што човен адправіўся ў адысею.
За бяспеку спуску турбавацца было не варта: корпус чоўна серыі «Ламп» абараняла нанаструктурнае металакерамічнае пакрыццё. Пяць слаёў брані без цяжкасці спраўляліся з сонечным ветрам, касмічным ды сонечным выпраменьваннем і вытрымлівалі перагрузку ў пятнаццаць g.
Альтыметра ў міні-субмарыне не было, і Сарву не заставалася нічога іншага, як арыентавацца на ўласныя адчуванні. Да вышыні ў сто дваццаць кіламетраў ад паверхні мела месца моцная турбулентнасць. На васьмідзесяці яе змяніў поўны штыль, а ніжэй за шэсцьдзясят нагадала пра сябе дыферэнцыяльнае кручэнне, якое падала з вышынёй. Тое, што човен трапіў у зону паміж шаснаццаццю і васьмю кіламетрамі — у разрэджаны пласт аблокаў, якія складаліся з сумесі вадкага метану з азотам, — пацвярджаў фарсіраваны рэжым работы тармазных рухавікоў.
Каля самай паверхні напрамак ветру, які да таго супадаў з кірункам кручэння спадарожніка, змяніўся, што стварыла спрыяльныя ўмовы для завісання над булёнам з этану, прапану, метану, цыяніду вадароду, бутэну, бутану і ацэтылену. Як і было агаворана на станцыі, перад скіданнем капсулы адзін з пілотаў пастукаў па корпусе гаечным ключом. Удар ад сутыкнення з вадкасцю атрымаўся нямоцны, аднак напалохаць быў здольны.
— Як самаадчуванне, спадар Сарва? — пацікавіўся Каўрус пасля таго, як «Уюн» захістаўся на хвалях.
Адсек афарбаваўся ў сакавіты зялёны колер.
— Бывала і горш. Пачынайце!
Для таго, каб тэхнік мог кіраваць міні-субмарынай, інспектару давялося пацясніцца, хоць, здавалася, зрабіць гэта не ўяўлялася магчымым. Сарва вырашыў, што аптымальным будзе рух па спіралі без апускання. Такі спосаб дазваляў не толькі пашырыць маштаб пошуку, але і не перагружаў трохкілаватны тэрмагенератар Стырлінга. Ва ўмовах працы амаль у крыягенным асяроддзі Тытана лішняе цяпло генератара магло выклікаць з'яўленне і закіпанне кандэнсату.
Каўрус манеўраваў, Сарва перабіраў версіі. Сувязь з «Хрысціянам Гюйгенсам» магла абарвацца ў выніку мноства прычын, пачынаючы ад простай паломкі радыёперадатчыка і заканчваючы штормам.
Час расцягнуўся да бясконцасці. Інспектар ужо было падумаў, што курсіраванне ніколі не скончыцца, аднак тут тэхнік паведаміў:
— Ёсць адлюстраваны сігнал! Зюйд-зюйд-вест, дваццаць два кабельтавы!
На экране радара субмарына мела падабенства з семем сланечніка. Рухаўся «Хрысціян Гюйгенс» прама, на мінімальна магчымай хуткасці, і гэта нараджала надзею на тое, што нічога сур'ёзнага не адбылося.
— «Хрысціян Гюйгенс», адкажыце «Уюну»! — Каўрус перабраў усе радыёчастоты, але на ніводнай з іх субмарына не адказала. — «Хрысціян Гюйгенс», калі вы чуеце мяне, але не маеце магчымасці адказаць, падайце сігнал!
Некалькі хвілін нясцерпнага чакання скончыліся нічым.
— Іду на збліжэнне! — тэхнік дакрануўся да джойсціка, і міні-субмарына накіравалася насустрач «Хрысціяну Гюйгенсу». У хуткім часе на дысплэі, злучаным са знешняй відэакамерай, з'явілася цьмяная пляма. Каўрус змяніў рабочы рэжым асвятляльнай устаноўкі. Яркі прамень ударыў па корпусе, дазволіўшы разгледзець субмарыну ў дробных дэталях. — Пашкоджанняў корпуса не адзначаю!
«Уюн» павольна апісаў круг вакол «Хрысціяна Гюйгенса». Люкі капсул, дзе захоўваліся аварыйна-сігнальныя буі, былі задраены. Як і аварыйныя люкі — насавы і кармавы. Што б ні здарылася, экіпаж субмарыны па-ранейшаму знаходзіўся ўнутры.
У памяці Сарвы адразу ўсплылі ўспаміны. «Эрнст Юліус Эпік».
«Уюн» нагнаў субмарыну, і Каўрус з першай спробы зрабіў пасадку на корпус «Хрысціяна Гюйгенса»: тэлескапічныя электрамагнітныя захваты не далі магчымасці навукова-даследчаму судну сарвацца. Работа ювелірная — патрабавалася сумясціць люкі, каб герметычныя прысоскі патрапілі дакладна ў гнёзды. Адразу па заканчэнні стыкоўкі пачала адпампоўвацца вадкасць.