— Не зразумеў ніводнага вашага слова, спадар Сарва!
— Гэты чалавек не патануў, яго не павесілі, не задушылі, у яго дыхальныя шляхі не траплялі іншародныя прадметы, грудную клетку і жывот не заціскалі, дыхальныя адтуліны не забітыя. А вось пазбавіць паветра маглі. Не выключаны смяротны зыход і праз спазмы галасавой шчыліны ад раздражняльных рэчываў або ўздзеяння паніжанай тэмпературы. Больш дакладна можна будзе сказаць толькі пасля аўтапсіі... Зараз я сфатаграфую цела, і мы вернемся да пошукаў!
Дапаможныя адсекі і капітанскі мосцік падзяляла сховішча балонаў з вадкім кіслародам — аварыйны запас. Рэгенерацыя паветра на «Хрысціяне Гюйгенсе» ажыццяўлялася з дапамогай выкарыстання калоній цыянабактэрый і прымянення KO2 — надпераксіду калію. Балоны былі пакрытыя тоўстым слоем студзяністага рэчыва.
— Манометры паказваюць нуль! — сказаў Каўрус, калі прайшоў уздоўж стэлажа, які сягаў да самай столі. — Ушчыльнікі на ўсіх балонах пашкоджаны!
Сарва наблізіўся да стэлажа і ўзброіўся лупай. Тэхнік меў рацыю: балоны былі дэфармаваныя: у тоўстым метале зеўралі мікраскапічныя расколіны. І ўсе яны з'явіліся ў выніку вонкавага ўздзеяння.
— Не магу зразумець — навошта?
— Мяне, спадар Каўрус, больш цікавіць адказ на пытанне «як»!.. Прабіць у балоне з графенавым напыленнем дзірку магчыма толькі з дапамогай адмысловага абсталявання!.. У выпадку экстраннай неабходнасці ў кіслародзе дастаткова ўсяго толькі павярнуць вентыль... — інспектар зноў скарыстаўся лічбавым фотаапаратам.
У цэнтральным адсеку Сарва і Каўрус наткнуліся ажно на тры целы. Менавіта такія моманты інспектар больш за ўсё ненавідзеў у сваёй працы.
— Божухна! — прамень ручнога ліхтара дробна дрыжаў. Тэхнік аказаўся ўражлівай натурай. Інспектар відавочна падаўся яму цынікам — Сарва пачаў дзяжурны прафесійны агляд цел.
Каб вынесці вердыкт, спатрэбіліся тры чвэрці гадзіны:
— Асфіксія!.. У капітана глотка, насавая і ротавая поласці забітыя сліззю, — тое, як здрыгануўся Каўрус, не мог схаваць нават скафандр. — Патрэбны біяхімічны аналіз крыві. Хоць...
— Што «хоць», спадар Сарва?
— Усе прыкметы гіперкапніі — стану, выкліканага празмернай колькасцю вуглякіслага газу ў арганізме. Дыханне спынілася праз параліч нервовай сістэмы... Я павінен убачыць бартавы журнал! — інспектар кінуўся да камп'ютараў, але аказалася, што камандзір субмарыны вёў запісы на паперы. Прычым не сінтэтычнай, а звычайнай. Гэта з'яўлялася грубым парушэннем карабельнага статута.
У той час, як Сарва гартаў бартавы журнал, Каўрус праверыў працаздольнасць усіх сістэм «Хрысціяна Гюйгенса». Ніякіх няспраўнасцяў.
У поўнай цішыні прайшло некалькі хвілін.
— За мной! — інспектар нечакана ўскочыў і, схапіўшы бартавы журнал, літаральна пацягнуў тэхніка за сабой. Пры гэтым Сарва ігнараваў усе пытанні Каўруса. Праскочыўшы тэхнічны адсек, мужчыны трапілі ў лабараторны, застаўлены разнастайнай навукова-даследчай апаратурай так, што свабодным заставаўся толькі нешырокі праход да насавой дыферэнтнай цыстэрны.
Астатнія члены экіпажа знаходзіліся на працоўных месцах.
Тэхнік ад душы вылаяўся — надзеям сустрэць каго-небудзь жывога не наканавана было спраўдзіцца. Каўрусу не патрабавалася падказка Сарвы для таго, каб зразумець, ад чаго памерлі навукоўцы.
Інспектар закруціў галавой, а затым накіраваўся да аднаго з лабараторных сталоў, на якім у спецыяльных храміраваных зацісках быў пахаваны ледзяны керн. Шкляны каўпак, якім быў накрыты ўзор, перасякала невялікая скразная расколіна.
— Цяпер вы растлумачыце, што адбываецца? — спытаў тэхнік, калі інспектар нарэшце адпусціў яго руку.
— Адказ мы знойдзем тут!.. Лёд падобны на дрэва: слаі, што знаходзяцца ніжэй, старэйшыя за тыя, што вышэй. Па іх, як па колцах дрэва, мы можам узнавіць бесперапынную і дэталёвую карціну геалагічных змяненняў у інтэрвале фарміравання керну... Бачыце гэтыя дробныя ўкрапіны? — тэхнік кіўнуў. Лёд нібы пасыпалі макам. — Калі верыць запісам капітана «Хрысціяна Гюйгенса», знойдзеныя на глыбіні адзінаццаці метраў арганізмы — гэта форма жыцця з альтэрнатыўнай біяхіміяй. Аблігатныя аэробы.
— Як вы сказалі?
— Аэробы. Ад спалучэння грэцкіх слоў αηρ — паветра і βιοζ — жыццё. Гэта арганізмы, якія маюць патрэбу ў вольным малекулярным кіслародзе для сінтэзу энергіі. А «аблігатны» азначае, што ім для клетачнага дыхання патрабуецца кісларод. У працэсе дыхання кісларод выкарыстоўваецца аблігатнымі аэробамі як канчатковы акцэптар электронаў. Аблігатныя арганізмы добра развіваюцца выключна пры вольным доступе кіслароду.