Тоўстая празрыстая сцяна не толькі дазваляла ўсё цудоўна бачыць, але і надзейна абараняла.
— Капнем на ўзор!
Варта было адзінокай кроплі ўпасці на кавалак пароды, як з тым адбылася імклівая метамарфоза.
— Д'ябал! — у руках Сарвы застаўся толькі варты жалю абломак штангі. Усё астатняе знікла без следу. Сфера зноў стала каменем. — Дазвольце пазнаёміць вас з забойцам Багушэўскага, спадар Шаверда!
ЗАБОЙСТВА НА ГОРНАЗДАБЫВАЮЧЫМ КАМБІНАЦЕ № 3
Новае паведамленне прыйшло ў той момант, калі на інфармацыйным табло з'явіўся бягучы радок, які паведамляў пра пачатак пасадкі на рэйс «Месяц—Венера». Ратаўт Сарва, падхапіўшы свае рэчы, выцягнуў камунікатар і дакрануўся да піктаграмы на сэнсарным экране.
— Адпраўляйцеся на трэці горназдабываючы камбінат і высветліце абставіны гібелі інжынера Твірбута Сімагі.
Унізе стаяў подпіс камісара Айнбунда, начальніка Дэпартамента. Да паведамлення быў прымацаваны файл.
Сарва прабег позіркам па скупых радках справаздачы дырэктара камбіната, пасля чаго рушыў да касы, каб здаць квіток. Да новага загада інспектар паставіўся па-філасофску: за доўгія гады службы ў паліцыі ён паспеў прывыкнуць да рэзкай змены абставін. Праз гэта, праўда, даводзілася ахвяраваць асабістым жыццём. Але на што не пойдзеш дзеля любімага занятку?
Як толькі квіток быў ануляваны, Сарва накіраваўся на стаянку, дзе ўзяў усюдыход. Па зямных мерках, цэны «кусаліся». Цешыла тое, што плаціць за паездку будзе Дэпартамент. Для таго, каб пакінуць ахоўны купал, давялося апрануць скафандр.
— Прышпіліцеся! Праз чатыры гадзіны будзем на месцы! — шлях меўся быць няблізкім: касмадром і камбінат падзяляла амаль сто кіламетраў. З прычыны адсутнасці атмасферы на Месяцы перамяшчэнне пасажыраў і грузаў ажыццяўлялася выключна па паверхні. Выкарыстоўваць лятальныя апараты было прызнана немэтазгодным: спажыванне паліва на адзінку масы карыснага грузу аказалася занадта вялікім.
Дарогі не існавала, і кіроўца вёў усюдыход, аб'язджаючы ўдарныя кратары і буйныя кавалкі рэгаліту. Вакол, як кінуць вокам, ляжала пазбаўленая жыцця раўніна. Пануры шэры колер не маглі разбавіць нават яркія кубы і паўсферы жылых паселішчаў і навукова-даследчых станцый.
Расследаванне з'яўлялася чыстай фармальнасцю: забойца Сімагі быў затрыманы і пад вартай чакаў адпраўкі на Зямлю. Але без афіцыйнага засведчання зрабіць гэта не ўяўлялася магчымым.
З часу першага наведвання тут прыкметна пабольшала паселішчаў — каланізацыя ішла на ўсю моц. Час ад часу сустракаліся велізарныя грузавікі, якія сваімі абрысамі нагадвалі Scarabaeus sacer. Для паўнаты асацыяцыі не хапала толькі шароў з гною.
Пажылы кіроўца трапіўся негаваркі, за што Сарва быў яму ўдзячны: пасля пералёту з Венеры хацелася крыху адпачыць і сабрацца з думкамі. У інспектара нават атрымалася задрамаць.
Заліты агнём ліхтароў камбінат быў бачны здалёк і ўражваў сваімі памерамі — з горад сярэдняй велічыні. Праблема здабычы гелія-3 усё яшчэ заставалася нявырашанай: каб атрымаць тону ізатопу, даводзілася перапрацоўваць да ста мільёнаў тон грунту. Малая сіла прыцягнення дазваляла прамысловым блокам узвышацца на дзясяткі метраў. Адвалы ўтваралі сапраўдную горную граду. На некаторай адлегласці ад іх былі размешчаны батарэі рэйкатронаў, якія прызначаліся для абароны ад метэарытаў.
На стаянцы Сарву сустрэлі.
— Інспектар?.. Добры дзень! Мяне завуць Барсоба Дзерах. Я — галоўны інжынер і па сумяшчальніцтве — намеснік дырэктара. Трушэнка даручыў мне ўвесці вас у курс справы. З чаго пачнём?
— Я хацеў бы агледзець месца злачынства.
— Калі ласка, за мной!
Вакуум глушыў гукі. Магутнасць камбіната выдавала вібрацыя грунту.
— Забойства адбылося ўчора, у першай палове дня, — пачаў галоўны інжынер, як толькі скончылася шлюзаванне, — аднак труп знайшлі толькі на перазменцы: а восьмай гадзіне вечара... Рэчы можаце пакінуць тут!
У шлюзавай камеры стаяла некалькі шафаў са змешчанымі за металічнай сеткай ячэйкамі рознага памеру.
— Я так разумею, агляд цела Сімагі рабіў дзяжурны медык? — Сарва таксама зняў шлем. Па вушах адразу ж ударыў цяжкі металічны гул.
— Менавіта так, спадар інспектар. Смерць інжынера наступіла ў выніку глыбокага нажавога ранення ў ніз шыі, якое выклікала разрыў трахеі, гартані артэрыі і вялікую страту крыві. Удар быў нанесены ззаду, пад вуглом прыкладна сарака градусаў.
— Што можа сведчыць на карысць таго, што Сімага добра ведаў забойцу... А як атрымалася, што інжынера хапіліся толькі праз некалькі гадзін? — інспектар узяў з сабой чамаданчык з інструментамі, без якіх не абыходзілася ніводнае расследаванне.