Вынікі ашаламілі — корпус «Жан-Жака Русо» падвергнуўся глыбокай прамяністай карозіі. У выніку магутнага імпульсу цалкам выпарыліся знешнія карабельныя надбудовы і механізмы, а асноўны і аварыйны ўваходныя люкі аказаліся залітаваныя, ілюмінатары, шчыліны прыбораў назірання, тэхнічныя адтуліны — шчыльна закаркаваны. Нягледзячы на тое, што абалонка была выраблена з тугаплаўкага металу, яна аплыла, нібы воск. Па характарыстыках метал набліжаўся да абсалютна чорнага цела — ні ў аднаго з прыбораў «Аякса» прабіць скарынку не атрымалася.
— Што будзем рабіць, спадар Сарва?
Інспектар адарваўся ад дысплэя з данымі, якія штосекундна змяняліся, і адказаў:
— Выкрываць. Час гуляе супраць нас — будзем зыходзіць з таго, што на борце ёсць жывыя і ім патрабуецца тэрміновая дапамога!
Гартэль відавочна прадбачыў нешта падобнае — у распараджэнні капітана аказаліся і неабходныя спецыялісты, і патрэбнае абсталяванне. Людзі знаходзіліся ў гатоўнасці — ужо праз трыццаць хвілін бот быў гатовы да выхаду.
Інспектар падахвоціўся ляцець з тэхнікамі.
На Гартэля працавалі лепшыя — у гэтым Сарва пераканаўся вельмі хутка. Бот павольна падплыў да «Жан-Жака Русо», і спецыялісты неадкладна ўзяліся за справу. Неўзабаве высветлілася, што патрапіць унутр судна не так проста — фулерытавыя наканечнікі бураў не вытрымлівалі, энергія ў акумулятарах з дыфтарыда ксенону расходавалася занадта хутка. Не ўзяла метал ані плазменная, ані лазерная рэзка.
— Калі і крыягенная не дапаможа, будзем узрываць! — паведаміў старшы каманды.
Скарынка толькі трохі паддалася вадкаму азоту. У якасці выбуховага рэчыва была абраная сумесь гексанітрагексаазаізавюрцытану і актагену. «Ultima ratio» спрацаваў як належна — накіраваны выбух прабіў у корпусе «Жан-Жака Русо» дзірку, прыдатную для праходу. Каб пазбегнуць разгерметызацыі турыстычнага судна тэхнікі выкарысталі сферу са звышмоцнага палімернага матэрыялу, ціск у якой раўняўся ціску паветра ў адсеках «Жан-Жака Русо».
Лічыльнік Гейгера павышэння радыяцыйнага фону не зафіксаваў, таму людзі Гартэля марудзіць не сталі — адзін за адным яны ступілі на борт турыстычнага судна. Насуперак чаканням, унутры «Жан-Жак Русо» цалкам не пацярпеў, калі не лічыць пашкоджання камунікацый, якія размяшчаліся ў непасрэднай блізкасці да ашалёўкі.
Ляцелі нездарма — са ста сямідзясяці трох пасажыраў «Жан-Жака Русо» выжыла сто сорак пяць чалавек. У тым ліку і Рымша Гартэль. Радасць мільярдэра не ведала межаў. Пасажыры «Жан-Жака Русо» са слязамі на вачах абдымалі тэхнікаў і абсыпалі іх падзякамі.
Па прычыне гібелі капітана, старэйшым афіцэрам на турыстычным судне застаўся першы памочнік. Яго інспектар і выклікаў першым для дачы паказанняў.
— Спадар Маркуш, раскажыце пра тое, як усё адбылося! — Каб не прапусціць ні адной дэталі, Сарва ўключыў лічбавы дыктафон.
— Мы стартавалі з Сатурна дзесяць дзён таму. Маршрут звыклы, даўным-даўно адпрацаваны. Усё ішло строга па плане да таго часу, пакуль «Жан-Жак Русо» не зблізіўся з Хіронам. Навігацыйная апаратура раптам нібы звар'яцела. Усе спробы ліквідаваць непаладкі ні да чаго не прывялі... У нейкі момант мы адчулі рэзкае павышэнне тэмпературы, за якім рушыла ўслед магутнае страсенне корпуса. Па часе гэта заняло не больш за дзве хвіліны... Сітуацыя заставалася пад кантролем да таго часу, пакуль не высветлілася, што мы ў пастцы...
— Паніка?
— Не без гэтага, спадар Сарва. Большая частка загінула з-за няўмення захоўваць кантроль над сваімі эмоцыямі і эгаізму... Мне прыйшлося ўзяць камандаванне на сябе і наводзіць на борце парадак... Некаторыя супакоіліся толькі пасля таго, як да іх былі ўжыты меры фізічнага ўздзеяння. На жаль, іншага выйсця, як застрэліць самага буянага пасажыра, які пагражаў бяспецы судна, у мяне не было...
Інспектар злавіў сябе на тым, што Маркушу яшчэ рана быць капітанам, паколькі ён прымаў неабходнасць занадта блізка да сэрца. Доўг капітана — не дапусціць на караблі бунту.
— Мы паспрабавалі падаць сігнал бедства, але перадатчыкі не працавалі... Іншыя спробы нагадаць пра сябе таксама не ўвянчаліся поспехам... Горш за ўсё было тое, што мы не маглi зразумець, што здарылася.
— «Жан-Жак Русо» трапіў пад накіраваны ядзерны ўдар, у выніку якога ашалёўка ператварылася ў аднастайную масу. Скарынка паралізавала працу абсталявання і ўсіх сістэм, з прычыны чаго судна ператварылася ў груду металалому. Вам невымоўна пашанцавала, спадар Маркуш, што «Жан Жак Русо» заўважылі. Судна магло стаць брацкай магілай — скарынка экрануе любыя віды выпраменьвання.