— Усе антэны цэлыя, — Сарва загадаў Юдзіну спыніць усюдыход за тры кіламетры ад станцыі, каб разгледзець наваколлі «Джавані Скіяпарэлі» і саму станцыю ў лічбавы стэрэабінокль з дваццаціразовым аптычным трансфакатарам. — Актыўнасці не назіраю. Сляды вакол адсутнічаюць...
Апошняе патрабавала дадатковай праверкі — снегапад не спыняўся другія суткі.
— Вы ўзброеныя, спадар Юдзін?
— Безумоўна!
Не прайшло і паўтара месяца з таго часу, як на калонію «Рэнэ Жары-Дзелож» напалі піраты. Выключаць магчымасць паўтарэння атакі было нельга. Сарва пашкадаваў аб тым, што не валодае армейскім цеплавізарам, які дазваляў «бачыць» нават праз тоўсты метал і керамічны бетон.
— Паспрабуйце звязацца з імі, спадар Юдзін!
— «Джавані Скіяпарэлі», гэта — усюдыход «Марсаход-Чатыры»! Адказвайце! — На працягу наступных трыццаці хвілін механік безвынікова перабраў усе частоты, пасля чаго пачаў падаваць сігналы азбукай Морзэ пры дапамозе галагенных пражэктараў, якія былі ўсталяваныя на даху машыны.
Нічога.
— Не падобна на засаду, — інспектар задзейнічаў трансфакатар на максімальнае набліжэнне. — Піраты пастараліся б прывабіць нас унутр...
— Я б на іх месцы скарыстаўся рэльсатронам.
— Рэйкавым паскаральнікам мас яшчэ трэба ўмець карыстацца, спадар Юдзін. На вежы батарэі нікога няма... Уперад, толькі павольна! Калі што...
— Я ведаю, што неабходна рабіць у экстранных сітуацыях, спадар Сарва.
Праз дваццаць хвілін усюдыход спыніўся перад шлюзавай брамай. Ніякіх слядоў узлому яна не мела. Інспектар адкінуў ахоўны шчыток на панэлі доступу і ўвёў лічбалітарны код. Праз некалькі імгненняў створкі павольна папаўзлі ў бакі, што паказвала на тое, што абсталяванне абясточана не было. Унутраныя створкі таксама расчыніліся без праблем.
— На ўсялякі выпадак падрыхтуйце зброю, спадар Юдзін!
Просьба запазнілася: механік ужо дастаў пісталет.
Перш за ўсё Сарва ўключыў газааналізатар. Ніякіх старонніх прымешак у паветры прыбор не выявіў, тым не менш здымаць шлемы мужчыны не сталі. Святлодыёдныя лямпы працягвалі гарэць у дзяжурным рэжыме.
— Усё як звычайна. За выключэннем таго, што нас ніхто не сустракае. — Задуменна вымавіў інспектар.
— Яны не маглі не заўважыць нас. — Механік захоўваў спакой, аднак быў гатовы ў любы момант пусціць у ход зброю. Сам Сарва таксама не апускаў пісталета.
Са шлюзавай камеры мужчыны патрапілі ў доўгі калідор, па абодва бакі якога цягнуўся шэраг аднолькавых дзвярэй з нанесенай пад трафарэт маркіроўкай з лічбаў і літар лацінскага алфавіту. Надпісы больш заблытвалі. Калі б ні план-схема станцыі, Сарве і Юдзіну прыйшлося бы доўга блукаць па «Джавані Скіяпарэлі».
— Пачнём з агляду цэнтральнага адсека, кают-кампаніі і радыёрубкі.
Механік пярэчанняў не меў, і мужчыны пакрочылі па калідоры.
Інспектар машынальна рушыў поглядам па сценах і столі ў пошуках слядоў узгарання і знакаў ад куль і аскепкаў, але нічога такога не сустрэў. Падобна на тое, што ад версіі пра напад піратаў прыйдзецца адмовіцца. Тыя ніколі не дзейнічалі настолькі акуратна.
— Больш падобна на почырк спецслужбаў. — У камп'ютары з'явіліся новыя адзнакі.
Пошукі працягваліся нядоўга: ужо ў цэнтральным адсеку мужчыны наткнуліся на трупы.
— Крыві як на бойні... — нахмурыўшыся, рэзюмаваў Юдзін. Пісталет ішоў за поглядам механіка.
Пакрытыя страшнымі ранамі, мужчынскія і жаночыя целы ляжалі покатам, пасярод разбітай офіснай мэблі і разгромленага абсталявання.
— Будзьце на варце, спадар Юдзін!.. Ні адной агнястрэльнай раны, — інспектар схаваў пісталет і, узброіўшыся лічбавым фотаапаратам, пачаў рабіць здымкі, імкнучыся нічога не прапусціць. Дзвесце пяцьдзясят гігабайт памяці дазвалялі захаваць бойню ў дэталях. — Шматлікія гематомы ад удараў тупымі прадметамі... колатыя раны... ірваныя... рубленыя... рэзаныя... Хм, маюцца нават укушаныя...
Сарва спрабаваў рухацца так, каб не наступаць на рукі і ногі. Рабіць гэта было няпроста.
— Д'ябал! — Інспектар спыніўся і з цяжкасцю праштурхнуў захраснуўшы ў горле камяк.
— Што? — Юдзін нават не павярнуўся, працягваючы сачыць за цэнтральным адсекам.
— Гэтаму чалавеку перагрызлі горла, — Сарва схіліўся над целам.