Выбрать главу

Як і меркаваў інспектар, здымка на «Джавані Скіяпарэлі» вялася. Праўда, не ва ўсіх памяшканнях. У рэзервуарным модулі камера відэаназірання мелася.

— Выдатна!

Тэчка з запісамі аказалася абаронена паролем, і Сарву прыйшлося прымяніць усе свае хакерскія ўменні. Вельмі дарэчы прыйшоўся партатыўны дэшыфратар падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння.

— Мяркуючы па стане трупаў, смерць наступіла каля дваццаці трох — дваццаці пяці гадзін таму, — інспектар уключыў рэжым зваротнага прайгравання запісу і паскорыў яго ў два, чатыры, а затым восем разоў. Праз чвэрць гадзіны Сарва ляпнуў па клавішы прабелу. На позірк Юдзіна ён адказаў: — Малюнак не мяняецца працяглы час.

— Я нічога не заўважыў.

Інспектар некалькі разоў прагнаў запіс наперад-назад і сказаў:

— Зроблена прафесійна, але недастаткова добра для таго, каб не заўважыць злепліванне... Цяпер паглядзім, хто меў доступ да базы даных «Джавані Скіяпарэлі»... — на дысплэі з'явіліся чатыры каляровых фатаграфіі. На адным са здымкаў быў Барыс Майнц. Сарва вярнуўся да трупа і абшукаў яго. Не знайшоўшы нічога цікавага, інспектар накіраваўся ў жылую ячэйку інжынера-геадэзіста. — Магчыма, я памыляюся...

Ячэйка развеяла ўсе сумневы — на падлозе чарнела пачварная клякса, што засталася ад вогнішча, а ўсе гарызантальныя паверхні пакрываў белаваты парашок, у якім Сарва прызнаў вогнетушыльны састаў. Абкуродымленым кавалкам металу мог быць толькі назапашвальнік на жорсткіх магнітных дысках.

— Дастатковай колькасці часу для таго, каб пазбавіцца ад доказаў, у Майнца не было, таму ён выдраў запамінальную прыладу і плюхнуў на яе этылавы спірт, — увагу Сарвы нечакана прыцягнула невялікая прабірка, што завалілася пад ложак. Ад полымя пластык дэфармаваўся, аднак герметычнасць захаваў. — Мяркуючы па ўсім, адкінула выбуховай хваляй... У лабараторыю!

Інспектар падвергнуў самотную кроплю вадкасці, якая цудам захавалася ўнутры прабіркі, хімічнаму аналізу.

— Quod erat demonstrandum!.. Засталося толькі высветліць, хто мог быць зацікаўлены ў гібелі «Джавані Скіяпарэлі».

Аднавіць даныя з пашкоджанага назапашвальніка аказалася справай нялёгкай — Сарва скарыстаўся USB-кішэняй і спецыялізаванай паліцэйскай праграмай-рэаніматарам.

— Майнца выкарыстала транснацыянальная карпарацыя «Тэраформ».

— Канкурэнтка «Міжнародных зялёных тэхналогій», якая выйграла тэндар на тэрафармаванне Марса і якой належаў «Джавані Скіяпарэлі»?

— Цалкам дакладна, спадар Юдзін! Майнца выкарыстоўвалі ўсляпую — інжынер-геадэзіст усвядоміў маштабы катастрофы, калі стала занадта позна. Іначай, пэўна, пастараўся б пакінуць станцыю да таго, як агент ператварыў персанал у прагных да крыві істот.

— Але навошта «Тэраформу» забіваць?

— Банальная помста, спадар Юдзін. Праект тэрафармавання Марса — прынадны кавалак, а канкурэнцыі ніхто не адмяняў.

— Божа, сорак два чалавекі! — жахнуўся механік.

— Калі гаворка заходзіць пра вялікія грошы, аб этычных нормах забываюць! — Сарва дастаў камунікатар і набраў паведамленне для інспектара Айнбунда.

— Чаму ж Майнц паспрабаваў знішчыць «жорсткі дыск»?

— Інжынер-геадэзіст баяўся адказнасці за зробленае і спадзяваўся на тое, што яму ўдасца выратавацца.

— Але не паспеў, паколькі яго нагнала адплата ў выглядзе ашалелых калег...

— Цалкам дакладна, спадар Юдзін! — Паведамленне было адпраўлена. — Майнц відавочна не чакаў, што ўсё так павернецца... Прапаную адпачыць — працы ў нас будзе яшчэ шмат.

— Не маю нічога супраць.

Аднак планам не наканавана было спраўдзіцца: інспектар атрымаў новае прадпісанне ад начальніка Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў.

— Вас зменіць дэтэктыў Ладо. Адпраўляйцеся на навукова-даследчую станцыю «Ціха Бра­ге» і вызначце прычыну самагубстваў андроідаў. Механік Юдзін перадаецца ў ваша распараджэнне да заканчэння расследавання...

— Неабходна змяніць балоны з дыхальнай сумессю, падзарадзіць акумулятары ў скафан­драх і адпачыць перад выездам. Да «Ціха Браге» — больш за семсот кіламетраў. Я праверу ўсюдыход.

Сарва падключыўся да Старнэту з аднаго са стацыянарных камп'ютараў станцыі і ўвёў у акно пошукавай сістэмы «Ціха Браге». Вынікаў было атрымана так шмат, што інспектару прыйшлося ўдакладніць запыт.

Навукова-даследчая станцыя ўяўляла сабой трэніровачны лагер на базе закінутай шэсць гадоў таму кітайскай шахты, у якой праводзіліся даследаванні з мэтай вывучэння руху літасферных пліт. Цяпер на «Ціха Браге» рыхтавалі робатаў для працы на Тытане. Спадарожнік Сатурна выклікаў жывую цікавасць з прычыны таго, што запасы вуглевадародаў у яго морах, азёрах, лакунах і каналах у некалькі разоў перавышалі агульныя запасы нафты і газу на Зямлі.