— Карпарацыя не заахвочвае асабістыя кантакты паміж супрацоўнікамі ў рабочы час, спадар інспектар. Да таго ж, модуль кантролю цалкам аўтаматызаваны — аператар неабходны больш для падстрахоўкі камп'ютарных сістэм.
— Сімага працаваў у модулі адзін? — Сарва заносіў інфармацыю ў планшэтны персанальны камп'ютар.
— Так.
— Модуль замыкаецца знутры?
— Разумею, куды вы хіліце, спадар інспектар. Сімага меў харошую рэпутацыю, і адчыніць дзверы чужому мог толькі ў тым выпадку, калі гэтага патрабавала выкананне працоўных абавязкаў!.. Трэба апрануць камбінезон, спадар інспектар, месяцавы пыл усюдыісны! — камбінезонам аказаўся камплект з празрыстага палімернага матэрыялу, лёгкага і надзвычай моцнага. — І рэспіратар!.. Можаце не хвалявацца, спадар інспектар, усё аднаразовае і пасля выкарыстання адпраўляецца ў печ.
Шапачка шчыльна пакрывала галаву, пакідаючы адкрытым толькі твар.
Інспектар злавіў сябе на тым, што камбінезон забяспечвае выдатную абарону не толькі ад пылу, але і ад крыві. А яшчэ падумаў пра тое, як лёгка падмануць людзей, карыстаючыся службовым становішчам.
— Відэаназіранне што-небудзь паказала?
— Відэакамер ні ў модулі, ні ў калідоры, які да яго прымыкае, няма.
— Як? — адразу ўспомнілася некалькі відэакамер, пад якімі прайшлі Сарва і Дзерах.
— Іх там ніколі і не было.
— Прыкры недагляд! — на лічбавы запіс інспектар асабліва не разлічваў: што можа быць лягчэй, чым унесці карэктывы ў камп'ютар?
— Зменшчык заблакаваў дзверы сваім ключом і адразу ж падняў трывогу. Служба бяспекі прыбыла на месца праз тры хвіліны! — у голасе Дзераха прагучаў гонар. — Кімент Фрузін адразу ж трапіў пад падазрэнне: напярэдадні паміж ім і Сімагам адбылася буйная сварка, у якой тэхнік пагражаў інжынеру забойствам.
— А вось з гэтага месца папрашу больш падрабязнасцяў!
— Распавядаць тут асабліва няма чаго: Фрузін вельмі моцна пакрыўдзіўся на Сімагу праз тое, што той спакусіў яго жонку. Ужо не ведаю, наколькі там усё было сур'ёзна, аднак сябрамі пасля гэтага яны быць перасталі. Сведак — амаль палова камбіната.
— Тэхнік звяртаўся па дапамогу да псіхатэрапеўта? — без правадніка Сарва даўно б заблытаўся ў сапраўдным лабірынце лесвіц і калідораў.
— Фрузін з той катэгорыі людзей, якія ніколі не выстаўляюць свае пачуцці напаказ.
— Гэта не перашкодзіла яму зладзіць скандал на вачах ва ўсіх!
— Нервовы зрыў, няйначай! Што я яшчэ магу адказаць, спадар інспектар?.. Трэба аддаць Фрузіну належнае — ён хутка прыйшоў у норму. Ужо на наступны дзень пачаў выконваць службовыя абавязкі.
— Затаіўся, каб нанесці ўдар... Нож застаўся ў ране або яго забралі?
— Нож выпадкова знайшоў сярод адвалаў адзін з кіроўцаў рудавозаў. Мяркуючы па ўсім, Фрузін спадзяваўся на тое, што перапрацаваны грунт дазволіць яму схаваць сляды злачынства.
— Павінен прызнаць — не самы лепшы спосаб пазбавіцца ад доказаў!.. А што дало вам падставы зрабіць выснову аб тым, быццам нож належаў менавіта Фрузіну?
— Іншага такога не знайсці: Целяшкевічус, які робіць іх на заказ, ніколі не паўтараецца. У мяне самога ёсць нож, выраблены слесарам. Практычная і прыгожая, скажу я вам, рэч!.. Мы прыйшлі.
Для таго, каб трапіць у модуль, Дзераху і Сарву давялося абмінуць масіўныя дзверы, над якімі быў выведзены пад трафарэт надпіс «Сектар III-B».
— І многія маюць допуск? — пацікавіўся інспектар пасля таго, як галоўны інжынер скарыстаўся электронным пропускам.
— Дзяжурная змена, начальнік сектара, служба бяспекі і намеснік дырэктара — гэта значыць я.
— Колькі людзей у дзяжурнай змене? — Сарва вырашыў не ўваходзіць у модуль, адкрыў чамаданчык, выцягнуў з несэсэра вялікую лупу і пачаў старанна аглядаць дзверы. Асаблівую ўвагу інспектар удзяліў замку.
— Трое: аператар модуля кантролю, інжынер-тэхнолаг і інжынер-энергетык... Што вы шукаеце, спадар інспектар?
— Der Teufel steckt im Detail! Д'ябал хаваецца ў дэталях!.. Я павінен пераканацца ў тым, што ўсё адбылося менавіта так, як напісана ў справаздачы. Аператарам быў Сімага, тэхнолагам — Фрузін, а энергетык хто?.. У справаздачы пра гэта не сказана ні слова! — так і не знайшоўшы нічога падазронага, Сарва дазволіў Дзераху адчыніць дзверы.
— Інга Цілі. Аднак яна мае жалезнае алібі: першую палову дня яна займалася праверкай трансфарматараў у цэхах, суседніх з III-B сектарам. Яе бачылі дзясяткі чалавек.
— А што наконт іншых?.. Ці мог нехта яшчэ, акрамя Фрузіна, пракрасціся ў модуль?.. О, Божухна! Сапраўдная бойня!
Апаратуру, сцены, падлогу і нават столь пакрывалі шматлікія бурыя плямы.