— Не, — сяржант без цяжкасці вытрымаў погляд інспектара.
— Можаце быць вольныя, спадар Саліта. І запрасіце, калі ласка, лейтэнанта Каганца!
Сяржант пакінуў кабінет. Літаральна праз імгненне ў дзверы пастукалі.
— Заходзьце!.. Сядайце, спадар Каганец! З вашага дазволу, я хацеў бы задаваць вам шэраг пытанняў.
— Прашу!
— Строга паміж намі: сяржант Саліта здольны на здраду?
— Ды як вам наогул магла прыйсці ў галаву настолькі абсурдная думка? — зніякавеў лейтэнант.
— Служба такая, спадар Каганец. Дык што, ці мог сяржант Саліта свядома падставіць пад удар лабараторыю пантрапалогіі? — інспектар уважліва сачыў за рэакцыяй лейтэнанта.
— Я нават такой думкі не дапускаю, спадар Сарва!
— У сяржанта Саліты не было праблем асабістага характару?
— Нічога такога. Ён бы мне абавязкова распавёў!
— А што, сяржант Саліта распавядае вам пра ўсё, што адбываецца ў яго жыцці, спадар Каганец? — здзівіўся інспектар.
— Мы — сябры!
— Нараканні па службе ў сяржанта Саліты маюцца? — інспектар скасіў вочы на лічбавы дыктафон. Святловыпрамяняльны дыёд відэазапісу працягваў гарэць чырвоным.
— Адны заахвочванні і падзякі.
— Сяржант Саліта азартны?
— Ні разу не бачыў яго гульцам, спадар Сарва.
— Зразумела!.. Што ж, не маю права вас больш затрымліваць, спадар Каганец!
— Заўсёды да вашых паслуг!
Застаўшыся адзін, інспектар некалькі разоў праслухаў аўдыяфайл і не знайшоў нічога, што ішло бы насуперак з расповедам Мадзіна. Пра матывацыю смяротніка заставалася толькі здагадвацца — тэрарыст да самага апошняга імгнення не выходзіў з ролі пілота страціўшага кіраванне судна. Каб нічога не забыцца, Сарва перанёс свае меркаванні па справе на паперу.
Нават дурню было зразумела, што без дакладных каардынатаў пратараніць лабараторыю немагчыма.
— Радыёмаяк або ўцечка інфармацыі? — абедзве гіпотэзы мелі як свае плюсы, так і свае мінусы. Сам Сарва болей схіляўся да таго, што Цэнтр атакавалі па пеленгу. Вось толькі верагоднасць выявіць радыёмаяк імкнулася да нуля.
Прынеслі эпікрыз, і інспектар выдаткаваў нейкі час на яго вывучэнне, а затым склаў тэкст паведамлення для камісара Айнбунда з просьбай праверыць, ці не знікаў са складоў гексаген у вялікіх колькасцях, а таксама сабраць інфармацыю аб усіх асобах, якія атрымалі допуск да кіравання яхтамі за бліжэйшыя паўгода.
Шукаць Мадзіна не прыйшлося — у якасці штаба аперацыі маёр абраў актавую залу.
— Хто-небудзь заявіў аб сваёй датычнасці да тэрарыстычнага акта?
— Цішыня, спадар Сарва.
— Што з парэшткамі пілота? — ідэнтыфікацыя па дэзаксірыбануклеінавай кіслаце магла даць ключ да асобы смяротніка: дадзеныя аб усіх пілотах касмічных караблёў у абавязковым парадку ўносіліся ў геномную бібліятэку.
— Шукаем.
Цвяроза ацэньваючы шанцы захавання арганічнага матэрыялу ў эпіцэнтры выбуху, асаблівых надзей на ДНК-дактыласкапію інспектар не ўскладаў. Але — а раптам?
— Скапіруйце мне ўсю інфармацыю, сабраную да гэтага моманту!.. І перадайце на Зямлю вось гэта. — Выдраны з нататніка аркуш перавандраваў да маёра. Мадзін прабег па тэксце позіркам і, паклікаўшы ад'ютанта, аддаў яму паперу. — Я буду ў кабінеце.
Сабраных службай бяспекі матэрыялаў аказалася так шмат, што Сарву на азнаямленне з імі спатрэбілася больш за дзесяць гадзін, на працягу якіх інспектар тройчы рабіў паўзы для таго, каб выпіць гарбаты і падсілкавацца. Выявіць зачэпку так і не ўдалося.
Адчуваючы набліжэнне стомы, Сарва вырашыў вылучыць хоць бы пару гадзін на сон. Але перад адпачынкам мэтазгодна наведаць часова выконваючага абавязкі начальніка Цэнтра.
— Нічым не магу парадаваць вас, спадар Сарва! — мітусні ў штабе дадалося: Мадзіну даводзілася адначасова каардынаваць дзеянні некалькіх груп.
— Зямля адказала?
— Па вашым запыце інфармацыі пакуль няма, — маёр адгукаўся, косячыся на дысплэй: у латок лазернай друкаркі падалі аркушы з раздрукаванымі фотаздымкамі абломкаў «Радаманта».
— Дазвольце! — інспектар і сам не зразумеў, што ж прымусіла яго выхапіць з латка адзін з аркушаў. Буйным планам быў узяты аплаўлены кавалак металу. Першапачатковая форма не адгадвалася, аднак Сарва не стаў ігнараваць голас падсвядомасці. — Дзесьці я ўжо гэта бачыў... Спадар Мадзін, дзе артэфакт, з якога рабілі здымкі?
— У другой палатцы, — кінуўшы погляд на набор лічбаў унізе здымка, — адказаў маёр. — Загадаеце прынесці?
— Неадкладна!
Пяць хвілін здаліся інспектару вечнасцю. Займеўшы асколак, Сарва выцягнуў з несэсэра магутную лупу і пачаў яго разглядаць. З кожным імгненнем у інспектара расла ўпэўненасць у тым, што яму даводзілася бачыць нешта падобнае і раней. Аднак Сарва ніяк не мог успомніць, што і калі.