Выбрать главу

— За мной!

З дзвярыма вырашылі не цырымоніцца — проста выбілі іх.

— Што адбываецца? — Цілі прыўзнялася на ложку, імкнучыся не рабіць рэзкіх рухаў.

— Я арыштоўваю вас на падставе абвінавачвання ў забойстве Твірбута Сімагі, спадарыня Цілі!

— Як вы здагадаліся? — зарыпела зубамі інжынер-энергетык.

— Для поўнага растварэння пакрытага цэлюлознай біяплёнкай грыбнога міцэлію трэба шмат вады. Вас падвяло веданне хіміі.

— Спадар інспектар, ці не прыйшоў час даць тлумачэнні?

— Усё вельмі проста: Цілі зняла копію з нажа Фрузіна і раздрукавала яе на 3D-прынтары. На падставе праверкі электрычных ланцугоў яна пракралася ў модуль кантролю, дзе і забіла Сімагу, папярэдне падкінуўшы нож у адвалы. Так, спадарыня Цілі?.. Маўчыце, значыць я маю рацыю!.. Вам варта было апусціць біялагічную копію ў праточную ваду, а не пакідаць яе пад цурком водаправоднага крана, які выдае лімітаваныя порцыі... Чаму вы не нанеслі хаця б кро­плю крыві на нож Фрузіна? Гэта адцягнула б увагу паліцыі. А волас?.. З вашага боку было вельмі неабачліва не схаваць валасы пад шапачку ці не абстрыгчы іх. Думаю, шукаць камбінезон няма патрэбы — ён даўно згарэў у печцы... Адно толькі мне незразумела. Які быў матыў?

— Занадта асабістае. Я захаваю гэта пад сакрэтам!

АРЫЯ СІРЭНЫ

— Забойца інжынера Твірбута Сімагі інжынер-энергетык Інга Цілі затрыманая. Інжынер-тэхнолаг Кімент Фрузін вызвалены з-пад варты і перададзены пад назіранне штатнага медыка горназдабываючага камбіната нумар тры доктара медыцынскіх навук Салкірда Юхно. На гэтым лічу справу закрытай!

— Выдатная работа, інспектар! — пасля нядоўгай паўзы, выкліканай запазненнем радыёсігналу, сказаў камісар Дэпартамента Ейнар Айнбунд. — Вяртайцеся на касмадром і бліжэйшым рэйсам адпраўляйцеся на Венеру.

— Зразумеў вас! — Ратаўт Сарва дакрануўся да піктаграмы завяршэння размовы і прыбраў камунікатар. Падхапіўшы чамаданчык з інструментамі, інспектар рушыў да шлюзавай камеры, дзе забраў рэчы і апрануў скафандр. Усюдыход, які даставіў Сарву на трэці горназдабываючы камбінат, чакаў інспектара на абочыне — грузавікі рухаліся суцэльным патокам.

— Да «Новых гарызонтаў»? — удакладніў кіроўца.

Сарва кіўнуў, аддаючы належнае фантазіі месяцавых каланістаў. Бліжэйшы рэйс да Венеры быў праз дваццаць восем гадзін, так што інспектар яшчэ паспяваў на канферэнцыю. Да плюсоў кіроўцы прыбавілася і адсутнасць цікаўнасці — ён больш не задаваў аніякіх пытанняў. А вось Сарву шмат пра што хацелася спытаць Цілі.

Інспектар лёгка пазнаваў дарогу: месяцавы пыл выдатна захоўваў сляды колаў, паколькі складаўся з ідэальных для зліпання драбнюткіх часціц з вострымі гранямі. Здробненыя метэарытамі кварц і жалеза ўяўлялі сабой сур'ёзную праблему для абсталявання, тэхнікі і людзей. У якасці абароны колаў выкарыстоўвалася звышмоцная самааднаўляльная палімерная плёнка.

Сарва пачаў пісаць справаздачу. Зробленыя падчас расследавання паметы ў камп'ютары значна палегчылі працу і дазволілі сэканоміць час. Інспектар адчуваў незадавальненне: аб прычынах, якія штурхнулі Цілі на злачынства, заставалася толькі здагадвацца.

Прыкладна на палове шляху з рухальнага адсека сталі даносіцца глухія ўдары, пасля чаго ўсюдыход пачаў імкліва губляць хуткасць, пакуль зусім не спыніўся.

— Што здарылася? — спытаў Сарва.

— Зараз гляну! — кіроўца вылез вонкі. Пошук непаладкі заняў каля трыццаці хвілін. Яшчэ столькі ж адабралі бясплённыя спробы самастойна яе ліквідаваць. — Чортаў пыл! Ніводзін фільтр не дапамагае!.. Давядзецца выклікаць дапамогу.

Самае блізкае паселішча — «зародак» фабрыкі па ажыццяўленні фазавага пераходу гелія-3 у звышцякучы стан — размяшчалася за дваццаць шэсць кіламетраў ад месца паломкі. Ме­сяц дыктаваў свае ўмовы: адсутнасць іанасферы, ад якой адбіваліся б радыёхвалі, дазваляла ажыццяўляць радыёсувязь толькі ў межах непасрэднай бачнасці. Для паўнавартаснага кантакту выкарыстоўвалася сотавая сувязь: сетка базавых станцый і спадарожнікі-рэтранслятары на селенацэнтрычнай арбіце.

Перасоўная аварыйна-рамонтная майстэрня прыбыла праз гадзіну, аднак паправіць рухавік усюдыхода самастойна каланісты былі не ў стане. Перад Сарвам паўстала дылема: буксіроўка на жорсткай счэпцы або выклік іншага ўсюдыхода. Аптымальным з'яўляўся другі варыянт, але гэта азначала дадатковыя выдаткі. Фінансаваму аддзелу Дэпартамента такое відавочна не спадабаецца.

— Колькі часу зойме рамонт?