Таранда падалася назад. У яе вачах чытаўся жах.
— Тое, што засталося ад замарожаных эмбрыёнаў, выплюхваецца ў касмічную прастору... Ведаеце, спадарыня Таранда, справу можна і не даводзіць да суда. Спроба ўцёкаў...
— В-в-вы н-не ас-ссмеліцц-есся! — ад хвалявання капітана барка пачала заікацца.
— Вы ў гэтым упэўнены, спадарыня Таранда? — Сарва як быццам няўзнак паклаў руку на кабуру, прымусіўшы жанчыну нервова праглынуць сліну. — Прадаваць чалавечыя эмбрыёны тым, хто выгадуе з іх рабоў... Якім жа трэба быць маральным вырадкам, каб заняцца такім?
Вялікі палец інспектара ссунуў зашпільку.
З вачэй Таранды хлынулі слёзы. Яна бухнулася на калені і закрычала:
— Я ўсё раскажу, толькі не забівайце!
ІНКУБАТАР
Выгляд галосячай жанчыны, якая поўзала на каленях і ўмольвала не забіваць яе, прымусіў інспектара Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў Ратаўта Сарву прыбраць руку з кабуры і сказаць:
— На шчасце для вас, спадарыня Таранда, я — чалавек старой загартоўкі. Мне гідкая нават сама думка пра тое, што можна забіць бяззбройнага чалавека, хай і не годнага называцца такім... Зараз вы распавядзеце мне пра ўсё! Толькі так вы зможаце захаваць сваё нікчэмнае жыццё.
Вагалася капітан «R-257» нядоўга:
— Няхай будзе па-вашаму!
Інспектар дазволіў Тарандзе напіцца з уласнай пляшкі, уключыў лічбавы дыктафон і дэманстратыўна прысунуў яго да жанчыны.
— Слухаю!
— Кантэйнеры мы загрузілі на Юпітэры шэсць — там дзейнічае перавалачная база, праз якую ідзе вялікая частка нелегальнага гандлю чалавечымі эмбрыёнамі і донарскімі органамі. Задачай «Дзвесце пяцьдзясят сёмага» з'яўлялася дастаўка грузаў на 2011 QF99 — траянскі астэроід Урана.
— Што там?
— Інкубатар фарсіраванага развіцця, дзе эмбрыёны за пяць месяцаў ператвараюць у падгадаваных дзяцей для наступнага продажу.
— Наколькі мне вядома, якія-небудзь паселішчы на астэроідзе адсутнічаюць, — каб выключыць верагоднасць памылкі, Сарва зверыўся з Зорнымі атласам.
— Інкубатар складаецца з пяці модуляў, кожны з якіх пакрыты плёнкай з квантавага метаматэрыялу з адмоўным каэфіцыентам праламлення, які выяўляецца пры адначасовай адмоўнасці дыэлектрычнай і магнітнай пранікальнасці.
— Адкуль просты капітан грузавога барка можа ведаць такія падрабязнасці? — Сарва не стаў хаваць свайго скепсісу. Таранда інстынктыўна ўціснула галаву ў плечы, але адказ дала:
— У мяне ў Інкубатары добры знаёмы працуе. Вучоны-генетык.
— Імя? Прозвішча? — запатрабаваў інспектар, беручыся за механічны аловак.
— Пётр Гушчын.
— Разгрузка праводзіцца ў Інкубатары? — Сарва зрабіў запіс у нататніку, чыстых аркушаў у якім за апошнія дні моцна паменшала.
— Не. За дваццаць чатыры кіламетры ёсць вольная ад лёду і камянёў пляцоўка. Усе грузы дастаўляюцца туды, затым усюдыходамі перапраўляюцца ў Інкубатар. Чужому ўнутр не патрапіць.
— Як жа вы сустрэліся з Гушчыным?
— Ён суправаджаў транспартную калону. І пахваліўся, што яго мара пра вялікія грошы нарэшце спраўдзілася.
— Аб ахове Інкубатара Гушчын не згадваў?
— Больш чатырох чалавек за раз я ніколі не бачыла, спадар інспектар. Але ўсе яны былі ўзброены.
— Дзяцей забіраюць з таго ж месца?
— Так.
— Вам вядома, колькі чалавек занята на работах у Інкубатары, спадарыня Таранда?
— Пётр казаў, што ўмовамі кантракта строга забаронена пераходзіць з аднаго модуля ў іншы. У яго модулі працавалі шасцёра.
Задаўшы шэраг удакладняльных пытанняў, Сарва перадаў злачынцу ў рукі паліцэйскіх і накіраваўся на капітанскі мосцік. Абодва старшыя афіцэры — Філюта і Пагін — аказаліся на месцы.
— Спадары, мне тэрмінова трэба пагаварыць з вамі!
Камандзір катара абраў для нарады ўласную каюту. Інспектар выклаў дыктафон на стол і ўключыў прайграванне. Ні Філюта, ні Пагін не прамовілі ні слова, пакуль запіс не падышоў да канца.
— Мы павінны дзейнічаць неадкладна — час гуляе супраць нас! — Сарва адразу перайшоў да справы.
— Вы хочаце ажыццявіць захоп Інкубатара. Я вас правільна зразумеў, спадар інспектар?
— Цалкам дакладна, спадар капітан.
— Валодаючы аб ім толькі той інфармацыяй, якую вы атрымалі ў ходзе допыту Таранды?.. Вы не знаходзіце, што гэта надзвычай рызыкоўна? А калі нас хочуць прывабіць у пастку?.. Больш разумна не лезці наўгад, а паведаміць пра Інкубатар на Зямлю!
— За гэты час злачынцы паспеюць эвакуіраваць Інкубатар — пакуль радыёграма дойдзе да кіраўніцтва, пакуль будзе праведзена разведка 2011 QF99 і спланаваная аперацыя, пакуль да астэроіда прыбудзе група захопу. Мы павінны зыходзіць з таго, што злачынцы ведаюць пра арышт экіпажа барка.