Альгерд Бахарэвіч
Ратуючы Агасфера Эсэ пра айцоў і дзяцей
1.
Літаратура — парадак словаў; слоўнік — таксама. Думаючы пра першую, адкрываеш другі…
І вось яно, цудоўнае, забаўнае супадзенне, з тых, якім заўжды радуешся, нібы дзіця. Слова “вальнадумец” уладкавалася ў слоўніку ў небяспечным суседстве з “валькірыямі” і “Вальпургіевай ноччу”.
Нібы слоўнік хоча сказаць нешта большае, чым загадвае яму алфавіт.
Ты ўсміхаешся, уражаны і крыху напужаны. Бо неяк ты ўжо чытаў пра аднаго вальнадумца, начнога самотніка, які жыць не мог без валькірый. Няўжо і праўда супадзенне? Можа, гэты някідкі, выдадзены “Народнай асветай” слоўнічак намякае на тое, што ніякі парадак не ёсць канчатковым, што не ўсе кропкі яшчэ расстаўленыя і кожны курсіў можа ў любы момант узняцца з каленяў? Бо як толькі ты бачыш усе гэтыя словы на “в”, сабраныя разам у куце старонкі, у галаве тваёй пачынае граць геніяльная, несмяротная музыка, а нечы голас зноў нашэптвае табе адну даўнюю, дужа павучальную гісторыю.
Гісторыю вялікай любові — і дзіўнай нянавісці. Гісторыю трох мужчын дзевятнаццатага стагоддзя, якія не былі знаёмыя між сабой — але прычыніліся да значна больш сур’ёзных рэчаў, чым хацелі і чым маглі сабе ўявіць.
Гісторыю Рыхарда, Францішка і Алаіса. Трох паноў, якія любілі радзіму, простых людзей і добрую песню. Выдатны джэнтльменскі набор, што прыдасца ў любой сітуацыі, — але, на жаль, зусім не дастатковы для шчасця.
Ні тады, ні цяпер.
2.
У верасні 1850 году ў нямецкім “Новым музычным часопісе” выйшаў адзін досыць цікавы тэкст, падпісаны псеўданімам K. Freigedank, то бок Карл Вальнадумец, — і тэксту гэтаму было наканаванае доўгае жыццё. Дасланы ён быў з Цюрыха, меў назву “Яўрэйства ў музыцы” і быў водгукам на палеміку, якая вялася ў папярэдніх нумарах, — але хто цяпер успомніць тых безыменных аўтараў і тыя іхныя наіўныя развагі. А вось забыць Вальнадумца і ягоны злашчасны артыкул чалавецтва не змагло дагэтуль, як ні старалася.
Бо Карлам Вальнадумцам быў не хто іншы, як трыццацісямігадовы кампазітар Рыхард Вагнэр, на той час ужо аўтар “Рыенцы”, “Лятучага галандца”, “Лоэнгрына”, “Тангёйзера” і ўверцюры да “Фаўста”. Чалавек, які практычна ў адзіночку стварыў Neue Großartige Musik. Змрочны нямецкі геній напаўдарозе да вечнасці. Той самы Вагнэр, які прымушае плакаць нават нас — стомленых і цынічных спажыўцоў эпохі штучнага інтэлекту. І нават калі мы не плачам — мы ведаем, што такое “Палёт валькірый”. Асабіста ў мяне ён гучыць званком на смартфоне…
Вось жа, верасень, 1850-ы, Нямеччына. Вагнэр уцёк адсюль пасля свайго ўдзелу ў дрэздэнскім паўстанні, але сувязі з радзімай не страціў — і цяпер вырашыў выступіць у нямецкім друку як музычны крытык. Так, у сваім тэксце ён пісаў найперш пра музыку — пра тое, што ведаў і любіў. А калі нешта ведаеш і любіш — табе за гэта баліць. Калі нешта добра ведаеш і прагна любіш — ты заўжды будзеш мець у суразмоўцах і суаўтарах нелюбоў і пагарду. Складацьмеш свой слоўнік. Слоўнік варажнечы да тых, хто замінае тваёй любові.
Так з намі абыходзіцца мастацтва.
“Яўрэйства ў музыцы” — тая фатальная памылка Вагнэра, якую яму не могуць дараваць дагэтуль і прыгадваюць як прамы, бясспрэчны і найбрыдчэйшы доказ ягонага антысемітызму. Другім доказам — колішнія шматлікія Вагнэравы слухачы і прыхільнікі, дакладней, адзін з іх, самы адданы і самы знакаміты: Адольф Гітлер. Быццам асноўныя дасягненні Рыхарда Вагнэра палягаюць у журналістыцы і стварэнні дыктатараў. За “Яўрэйства ў музыцы” Вагнэр будзе адказваць па тым самым рахунку, па якім ён адказвае за свае оперы і сімфоніі. І гэта, як падаецца, не надта справядліва. Але ці быў бы ён Вагнэрам, не напісаўшы таго паскуднага артыкула? Ці быў бы Джойс Джойсам без сваёй паталагічнай рэўнасці, беспрабуднага п’янства і неймавернай крыўдлівасці, ці быў бы Кафка Кафкам без хваравітай засяроджанасці на сваіх вялікіх і малых балячках? Ці быў бы Набокаў Набокавым без свайго “баснословного” (яго ўлюбёнае слоўца) снабізму? Прымаць геніяў такімі, якія яны ёсць, з плямамі і крывізною, з гнілымі зубамі, з усім глупствам і дурнымі памылкамі — у гэтым, мабыць, адзіная перавага нашчадкаў перад сучаснікамі. Ці карыстаемся мы ёй — пытанне іншае. Толькі жывыя вучацца на памылках мёртвых.
“Яўрэйства ў музыцы” — не снабізм, не паталогія і не загана. Гэта нешта значна горшае. Гэта — шчырасць. У сваім тэксце Вагнэр сумленна і "грунтоўна" паспрабаваў разабрацца ў тым, што яму падавалася адначасова культурнай, мастацкай і сацыяльнай праблемай. Ён быў перакананы, што адважна прамаўляе ўголас тое, што іншыя баяцца сказаць. А яшчэ гэты абсурдны тэксцік — прыклад таго, што мастак адказвае за ўсё ім створанае. Нават за самае дробнае. Выходзячы за межы ўласнага “я”, мастак заражае сваімі хваробамі іншых. Нават лёгкі чых можа прывесці да эпідэміі. Вагнэр чхнуў і выйшаў з пакоя ў вечнасць. Нянавісць засталася, была ўдзячна ўдыхнутая — і разнесеная паўсюль, дзе яе чакалі.