Карацей, спадарства, яўрэй толькі тады можа нечага дасягнуць у мастацтве, калі будзе старанна знішчаць у сабе сваю самасць. Калі зробіцца шчырым сам з сабой.
І тут Вальнадумец эфектным жэстам скідвае з дэмана вуаль і нарэшце фармулюе тое, што мусіць апраўдаць ягоны псеўданім. Фармулюе з адкрытым забралам, не баючыся двубою. У цішыні канцэртных залаў урачыста гучыць ягоны вырак “ворагам мастацтва”:
“Для яўрэя зрабіцца разам з намі чалавекам — значыць перастаць быць яўрэем”.
Гэтаму, нагадвае Вагнэр, вучылі сваіх суродзічаў Гайнэ і Бернэ — адзіныя творцы-яўрэі, якія заслугоўваюць нашай павагі, бо выкрывалі клятае яўрэйства з усёй шчырасцю і адданасцю.
“Станавіцеся на правільны шлях, панове яўрэі. Толькі самазнішчэнне ўратуе вас! Толькі гэта можа быць вашым паратункам — але памятайце, што паратунак Агасфера — у ягонай гібелі”.
Гэтым “жарсным” і “шчырым” пасажам Рыхард Вагнэр заканчвае сваё эсэ. Яшчэ не падазраючы, чым яно адгукнецца яму — і ўсёй Еўропе.
4.
Ад Цюрыха да Кушлянаў — прыкладна тысяча васямсот кіламетраў.
Цяжка сказаць, чым у верасні 1850-га бавіўся ў маёнтку Кушляны будучы паэт, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры, ікона беларускага нацыяналізму, а ў тыя гады дзесяцігадовы хлапчук Францішак Багушэвіч. Можа, нехта з мясцовых паноў і ведаў творчасць Вагнэра — “обрати внимание, сделано в Германии”. Але ці быў знаёмы з творчасцю вялікага немца бацька паэта Казімір Багушэвіч, так і застанецца таямніцай. Вядома, што песні ў Кушлянах у той час гучалі крыху іншыя. Калі абапірацца на літаратуру пра Багушэвіча, дык папулярнасцю ў тагачасных Кушлянах карысталіся птушыныя спевы. Напрыклад, зязюліны:
“…У пару Францішкавага маленства Кушляны нагадвалі маленькі феадальны кут з усімі яго атрыбутамі — старасвецкімі гаспадарчымі забудовамі, нізкімі прысадзістымі пунямі, аборамі, свірнамі, стадоламі, з вялікім мноствам прыдарожных каплічак і крыжоў; з доўгай, выцягнутай да балоцістага поплаву, што зваўся Ваўкелы, афіцынай; у ёй жыла з 1846 году сям'я Казіміра Багушэвіча. Была тут і сажалка, паблізу рыпеў над студняй журавель, па-кушлянску свірчня. Наваколле Кушлянаў абступалі ў сваёй першабытнай красе лясы і пушчы. Іх сумны гоман, а таксама нялёгкае паднявольнае жыццё сялян рана абудзілі ў душы хлапчука спагаду да простага люду. Яму яшчэ выпала прыхапіць ладны кавалак таго жыцця, калі над прыгоннымі свістаў бізун, калі з вуснаў людзей не сыходзілі словы "аканом", "ахмістрыня", "прыганяты", "цівун", калі пан патрабаваў, каб пры яго з'яўленні спявалі песні. "Сляза з вока коціцца, спіна ные-гудзе ад цяжкай, праз сілу, працы, а ты яму спявай "Дубочак зялёненькі"... Расказваюць і пра такія панскія ўцехі ў гэтых мясцінах: сумна стане якому цівуну, дык ён загадае ахвяры-хлапчуку на дрэва залезці і адтуль зязюлькай куваць. А пан складзецца і стрэліць у той бок. Стрэліць і з смеху зойдзецца…”
Біёграфы Багушэвіча яўрэйскую тэму старанна абмінаюць — а вось сам паэта ўважліва сачыў за тым, што за народ яго атачае і што той народ там сабе ўпотай кумекае. Інакш не зрабіўся б ён голасам беларускай вёскі тых часоў — прынамсі, сам, сын дробнага шляхціча, не наважыўся б гаварыць ад імя мужыка. Тых, хто жыве побач, Багушэвіч ведаў добра — і тое, як яны ставяцца да суседзяў-яўрэяў, таксама ведаў не па чутках.
Першая яўрэйская грамада на Ашмяншчыне згадваецца ў ХVШ стагоддзі; у канцы дзевятнаццатага стагоддзя яўрэяў і караімаў тут — каля дзвюх тысяч. У 1850-м ашмянскім рабінам — Меер Коган, які ад царскіх уладаў нават медаль “За стараннасць” атрымаў — разам з ганароваю стужкай. У другой палове стагоддзя ў Ашмянах была створаная казённая яўрэйская вучэльня, пазней з'явіліся жаночы яўрэйскі пансіён і яўрэйская жаночая школа. Вучаніц было няшмат — 10-12, але ж, але ж… У 1837 годзе ў Ашмянах згарэла сінагога — наступная з'явіцца толькі ў пачатку дваццатага стагоддзя. У міжваенны час сінагогаў ужо сем — і па гэтым можна зразумець, колькі яўрэяў жыло тады ў мястэчку.
25 чэрвеня 1941 году Ашмяны былі занятыя вермахтам — з канца ліпеня да сярэдзіны жніўня ўдзячныя нашчадкі Вагнэра знішчылі каля тысячы ашмянскіх яўрэяў; у кастрычніку ў мястэчку было створанае гета. Праз год у Ашмянах былі расстраляныя 400 яўрэяў; астатніх, сем сотняў чалавек, вывезлі ў Панарскі лес і забілі ўжо там. Нацысцкі тэрмін “judenfrei“, напэўна, ужываўся і ў дачыненні да Ашмянаў — мястэчка, ваколіцы якога Францішак Багушэвіч мог лічыць сваёй другой радзімай.