“Жыд, як кабан, раз'еўся, ды, як пан, зазнаўся”, — і гэта замест таго, каб старанна нішчыць сваю “жыдоўскую” самасць, як Вальнадумец запавёў. І галоўнае:
“Жыд гавора па-руску і з рускім гуляе, разам ляжа, устане і ўсім упраўляе”. Шлях да панавання вядзе праз мову: жыд гавора па-руску — і праз гэта робіць на рускага ўражанне свайго, хоць яўрэйская моўная асіміляцыя, як мы памятаем з Вагнэра, — гэта толькі небяспечная ілюзія.
Цікава, што немец у Багушэвіча — музыка. Рэпутацыя немцаў як самай музычнай нацыі была ў дзевятнаццатым стагоддзі моцнай і небеспадстаўнай. Праўда, беларускаму мужыку германскі музычны геній да аднаго месца. Быццам здагадваючыся, што не Вагнэры, не Лісты і не Мендэльсоны завітваюць у ягоную родную старонку, а “якаясь абрыда”, Багушэвічаў мужык выяўляе сваю пагарду да гэтай жабрацкай “багемы” і дэманструе свой пераборлівы мастацкі густ. Быў бы той немец і праўда талент, дык насамрэч жа не:
“…граўшы па дарогах, прыйшоў з-за граніцы, прынёс толькі торбу, а ў ёй дзве скрыпіцы”.
Немец у вершы Багушэвіча — гнюсны прыблуда, паскудны мігрант, кацігарошак, што, як і жыд, свайго не ўпусціць і на любым месцы ўсё пад сябе заграбе так, што іншым, тутэйшым, нічога не застанецца. Немец валодае млынам, жарэ мяса і заліваецца півам, а “ў свята на скрыпцы, аж пішчыць, іграе”. Вось жа навалач. Не падазрае мужычок, што немец яшчэ вернецца ў Беларусь — ужо без скрыпачкі, а з ружжамі ды гарматамі, і вернецца не раз, запалае млын, і людзі запалаюць таксама, а той бедны вандроўны музыка застанецца навечна ў бяздарным класічным вершы, як пасажыр нейкага “Лятучага галандца”: адзін з вобразаў чужога ў краіне, дзе ўсе мусяць быць свае.
У вершы пра немца ёсць яшчэ і “рускі”. Рускі не даў рады панскім абавязкам, кінуў усё, адрокся жонкі і дзяцей і ўцёк за граніцу. Паны ўсе як адзін развучыліся кіраваць, на іх месцы розныя прыхадні і навалач, горад — Садом і Гамора, і канец свету ўжо блізка. Карацей, кепска будзе!
“Жыд панам зрабіўся, немец яшчэ большы, а мужык быў голы, цяпер яшчэ гольшы”, — скардзіцца Багушэвічаў герой. Сам ён прыстасоўвацца да новых абставінаў не ўмее — ён філосаф, і філосаф жарсны і строгі, Вагнэр бы пазайздросціў.
Так і на гародзе: лебяда, крапіва, —
Толькі вырві рэпу, — дык зарастуць жыва,
Так як чорт насее! Ото ж так і людзе:
Тутэйшы загіне, дык вораг прыбудзе!
Як жа гэта ў духу дзевятнаццатага стагоддзя, як рэзануе з ягонымі ідэямі эвалюцыі нацый і вечнай барацьбы між імі; нацыі — жывыя арганізмы, у барацьбе ацалее наймацнейшы. Кожнаму сваё, мог бы сказаць гэты няшчасны Багушэвічаў мужычок. “Кепска будзе!” — а ўсё таму, што парушаны парадак, што разбураюцца іерархіі, што ўсе ў гэтым свеце раптам пачалі, нібы ў авангардным тэатры, выконваць чужыя ролі і хацець нечага, чаго не было ў п’есе, таго, што паводле правілаў ім не дазволена. Як ратавацца? Хіба што паклікаць на дапамогу стары добры набор стэрэатыпаў. Азірнуцца ў мінулае, дзе ўсё было так файна і правільна ўпарадкавана. “Немец” — аніяк не сацыяльна-крытычны тэкст, мужыцкія нэндза і бяспраўе тут ні пры чым, “Немец” — гэта рэфлексія на тэму вайны культураў, нацыяналізму і талерантнасці. Мужыку трэба вярнуць свайго пана. Немца зноў выгнаць на дарогу з ягонымі скрыпкамі. У жыда забраць права спаць з рускім у абдымках. І вось тады ўсё будзе добра.
Верш Багушэвіча, калі б яго пераклалі тады на нямецкую, упрыгожыў бы сабой “Новы музычны часопіс” узору 1850 году. Уяўляеце, якая ўсчалася б палеміка? Замест гэтага ён упрыгожыў сабой беларускі нацыянальны светапогляд: недавер да ўсялякіх “немцаў” са скрыпіцамі (нават калі яны французы або амерыканцы), непрыняцце ў свае шчыльныя шэрагі “жыдоў”, якія прыкідваюцца сваімі (нават калі яны і праўда маюць карані на гэтай зямлі), і ўсялякіх “рускіх” (нават калі яны палякі родам з Літвы) абвяшчаюцца нашай формай змагання супраць чорта мультыкультуралізму. Беларускі нацыяналіст дваццаць першага стагоддзя ўсё яшчэ з тугой глядзіць туды, у эпоху Багушэвіча, узіраецца ў абрысы памерлай вёскі і настальгуе па залатым веку парадку, дзе і праўда jedem было das Seine: мужыку, бабе, панам, цівунам, рускім, яўрэям і мусульманам, дзе ўсё было проста і дасканала як рэпа. А над усім гэтым кувае зязюля — і гучыць несмяротны Вагнэр з ідэальнага цела кітайскага смартфона.
Карацей, поўная какафонія.
5.
11-14 гадоў. Менавіта ў такім узросце арганізм мужчыны пачынае выпрацоўваць першую сперму. Падкарэнная залоза, ці чалясніца, і семявыя пузыркі, або семятокі, пачынаюць актыўна расці, а яечкі, яны ж ядры, назапашваюць будучы эякулят.