Чытаючы працы па гісторыі антысемітызму ў дунайскай манархіі, здзіўляешся найперш таму, як жа глыбока ён сядзеў у людзях той эпохі. Выглядае на тое, што быць антысемітам лічылася не тое каб доблесцю — але прыкметай нармальнасці, быць антысемітам значыла мець погляды, а погляды трэба паважаць. Пагатоў калі гэта погляды паважаных чальцоў грамадства, арыстакратаў, палітыкаў, інтэлектуалаў, навукоўцаў, людзей культуры. На антысеміта амаль нікому не прыйшло б у галаву паглядзець коса — хутчэй, яго б зразумелі і завялі б з ім дыскусію: як вырашыць гэтую праблему? Нярэдка ў такіх дыскусіях удзельнічалі і самі яўрэі — і даводзілі сваю патрэбнасць манархіі, сваю адданасць і лаяльнасць. Пакуль што дзяржава гэтага не аспрэчвала. Знакаміты бургамістр Вены Карл Люгер быў адкрытым, перакананым, закаранелым, пячорным антысемітам — а Вена пры ім зрабілася горадам, яўрэйскае насельніцтва якога ўвесь час узрастала. Парадокс толькі з сучаснага гледзішча…
Лятучы галандзец узяў на палубу Агасфера — а цяпер не ведаў, як высадзіць таго на сушу. Тангёйзер выйшаў з пячоры і зразумеў, што свет змяніўся. Словы, словы, словы. Музыка, якую немагчыма было выключыць. Опера, у якой ніхто не мог сысці са сцэны. Вальнадумцы і іншаверцы, Садом і Гамора, рэпа і пустазелле. “Мы” або “яны”.
6.
Ці былі антысемітамі гэтыя трое паважаных паноў? Ці ненавідзеў яўрэяў пан Рыхард, ці выпадкова ўклаў у вусны свайго героя-мужыка антысеміцкія клішэ пан Францішак, ці выхаваў у юдафобскім духу сына пан Алаіс — і ці магло ўсё стацца інакш, чым сталася?
І так. І не. Jain, як кажуць немцы.
Бясспрэчна, кожны з іх меў у той ці іншай ступені антысеміцкія схільнасці. Гэта не надта лёгка прызнаваць, але гісторыя даводзіць, што большасць еўрапейцаў-неяўрэяў таго часу была антысеміцкай. Як жыць зь Іншым? Тады гэтае пытанне несла ў сабе праблему з выразна негатыўным значэннем, а не з нейтральным. Іншы быў Крыўдай, і крыўдай вялікай — проста таму, што быў Іншы. Як падпарадкаваць яго, як зрабіць яго сваім — або, калі ён не паддаецца, як яго знішчыць? Такія пытанні не лічыліся нечым супрацьнатуральным — наадварот, добра пасавалі да навукова-тэхнічнага прагрэсу, а з ім — і да геапалітыкі. Тое, што Іншага можна проста пакінуць у спакоі, прыняць ягоную Іншасць і жыць з ім у згодзе, падалося б дзевятнаццатаму стагоддзю глупствам. Слабасцю. Адзнакай нацыянальнае імпатэнцыі і проста несучасным поглядам на рэчаіснасць.
Бо яны ж таксама лічылі сябе сучаснымі — гэтыя цёмныя і шчырыя людзі, памяць пра якіх дагэтуль узвышаецца над часам, як крыжы над іхнымі магіламі.
Сучаснасць — прывілей, які перадаецца з рук у рукі. Судзіць людзей мінулага паводле законаў цяпершчыны немагчыма. Толькі вось дзе межы, дзе заканчваецца мінулае і пачынаецца цяпершчына? Наколькі далёкае гэта мінулае? 1850 год — гэта далёкае мінулае? А 1888-ы? А 1933-ы? А 2017-ы?
Для таго, каб сёння прызнаць некага антысемітам, патрабуецца значна менш падставаў — і значна менш часу. З часам наогул такая штука — ён не мінае раўнамерна, гісторыя не адмервае этап за этапам сінхронна ва ўсіх кушлянах, шпітэлях, венах і цюрыхах свету. Кожны з нас жыве ў сваім часе — нехта ўжо ў будучым, а нехта яшчэ там, сярод дэманаў дзевятнаццатага стагоддзя. Большасць — у тым часе, у якім скажуць. Дзяржаве заўжды зручней трошкі адставаць ад часу — інакш яна рызыкуе дажыць да свайго канца.
Чалавек дзевятнаццатага стагоддзя быў больш адпаведны свайму часу, чым чалавек сённяшні. Жах прагрэсу толькі пачынаў набіраць хуткасць. Нам цяпер нават уявіць цяжка, якое павольнае гэта было жыццё.
Што да сённяшніх антысемітаў — яны ўсё яшчэ жывуць там, у часе Вагнэра, Багушэвічавага мужычка, у часы пана Алаіса. Яны выглядаюць злавесным анахранізмам, які смярдзіць смерцю і затхлаю пустатой. Але гэты анахранізм дае “простаму чалавеку” ілюзію спакою і парадку — таго самага парадку, які так горача адстойваў лірычны герой пана Б.