Тут з’явілася Юлія ў вячэрняй сукенцы колеру шампанскага і з ніткай перлін ледзь не да пупка.
— Ты што, з глуздоў з’ехаў? — прашыпела яна. — Вячэра праз дзесяць хвілін, а ты яшчэ не прыняў душ і не апрануў касцюм! Пакінь у спакоі гэтую няшчасную ляльку, Кіра ўсім гасцям з ёй надакучае, і яшчэ ніхто не разгадаў сакрэт.
***
Яны спусціліся ў сталовую, трымаючыся за рукі, так загадала Юлія. Антон, з вільготнымі валасамі, у касцюме і гальштуку, адчуваў сябе быццам на здымках кінастужкі. Гэта адчуванне ўзмацнілася за сталом. Сурвэткі ў срэбных колцах, графіны і соуснікі, шампанскае ў вядзерцы з лёдам, мужчыны адсоўваюць крэслы дамам, дамы ў вячэрніх туалетах, у мужчын колер гальштука супадае з колерам палосак на кашулях ды іншае.
Разглядаючы старадаўні парцалян і срэбра, Антон дзівіўся: кім жа прадставіла яго Юлія, калі дзеля яго наладжваюць такі прыём? А што сямейства Люфтаў штодня трапезнічае ў падобных дэкарацыях, яму неяк не верылася.
Ён сядзеў побач з Юліяй і разглядаў астатніх. Кіра, у чорнай аксамітавай сукенцы з асляпляльна белым каўняром, нагадвала школьніцу на іспыце. Яна роўна трымала спіну і хмурна глядзела ў пустую талерку. Яе маці нервова круціла відэлец у тонкіх пальцах з доўгімі чырвонымі пазногцямі і чамусьці драпежна ўсміхалася. Дзядзька Карл з энтузіязмам чытаў этыкетку на бутэльцы шампанскага і быў цалкам паглынуты гэтым заняткам. Бабуля сядзела ў тарцы стала і вышуквала для Люфі смачныя кавалачкі на вялікім блюдзе з мяснымі далікатэсамі. Заўважыўшы, што Антон назірае, бабуля растлумачыла:
— Люфі — ён жа не для аховы. Для натхнення. Майстар Люфт быў з ім неразлучны.
Тым часам мілавідная жанчына ў фартуху абыходзіла стол, пхаючы перад сабой сервіравальны столік з вялікай супніцай і разлівала суп срэбным чарпаком. Антон падумаў, што гэта прыслуга, і быў здзіўлены, калі жанчына таксама ўселася за стол, а фартух зняла і павесіла на спінку свайго крэсла. Яе прычоска збілася, некалькі каштанавых кудзерак прыліплі да лба. Юлія пазірала на яе так, нібыта саромелася. Аказалася, гэта яе маці, мадам Клара, і ў яе хатнія абавязкі ўваходзіць гатаванне ежы на ўсю сям’ю. Насупраць мадам Клары крэсла пуставала.
— На жаль, бацька Юліі ў камандзіроўцы, — сказала бабуля Люфт, заўважыўшы, куды пазірае Антон. — Але не смуткуйце, сябручок, вы пазнаёміцеся з ім пазней. Усе ціха! — загадала яна, пастукаўшы нажом па крыштальным келіху. — Я маю паведаміць нешта прыемнае. А прыемныя навіны, як вядома, лепш выслухваць нашча. Шампанскага!
Дзядзька Карл клапатліва прыняўся адкаркоўваць бутэльку.
Бабуля паднялася, трымаючы ў руцэ напоўнены келіх. Залаты ключ пабліскваў у яе на грудзях.
— Дазвольце прадставіць вам Антона, — прамовіла яна. — Гэта жаніх Юліі. Ён зрабіў дзяўчынцы прапанову, яна дала згоду. Будучай вясной адбудзецца вяселле.
Антон папярхнуўся сліной. Вытарашчыўшы вочы, ён паспрабаваў штосьці сказаць, але яго тут жа штурхнулі нагой пад сталом. Добра так штурхнулі, з усёй закаханасцю, на якую здольна палкая юная нявеста.
— Як гаварыў майстар Люфт, складнага вам жыцця! — прамовіла бабуля, і ўсе паднялі келіхі.
Антон глядзеў на Юлію і не ведаў, як неўзаметку прашаптаць ёй усё, што ён думае. А яна падміргвала яму, піла келіх за келіхам і весялілася. Яму ж і кавалак у горла не лез. А тым часам вячэра ішла сваім ходам, усе выпівалі і закусвалі, закусвалі і выпівалі, гучалі тосты, змяняліся стравы, мадам Клара мітусілася паміж кухняй і сталовай, прыносячы новыя пачастункі, а Люфі абыходзіў усіх па чарзе, скавытаў і лісліва зазіраў у вочы.
Антон бачыў, што на яго пазіраюць. Цётка Аліна вывучальна, як на кавалак торта, быццам разважала: есці яго ці паберагчы фігуру. Дзядзька Карл — іранічна, мадам Клара — усхвалявана і з нейкім незразумелым жалем. А вось Кіра яго трохі спалохала. Дзяўчынка глядзела так пільна і злосна, быццам разгадала яго сапраўдны план. Сустрэўшыся поглядам з Антонам, яна апусціла вочы і прынялася з азвярэннем выкалупваць грыбы з валаванаў. «Яна здагадваецца», — зразумеў Антон і для блізіру пачаў ажыўлена гутарыць з Юліяй, прыкідваючыся не закаханым, але зацікаўленым. А бабуля задуменна пацягвала шампанскае і раптам ізноў пастукала нажом.
— Я хачу абвясціць тост за чалавека, які пабудаваў гэты дом. За чалавека, дзякуючы якому ўсе мы цяпер тут. За майго дарагога мужа.
— Нябожчыка-мужа, — дадаў Карл ціха, але бабуля пачула.
— Як табе не сорамна, — паўшчувала яна. — Ты старэйшы сын, спадкаемец, як смееш ты жадаць смерці бацьку?
— Але ён і напраўду памёр, — паціснула плячамі цётка Аліна. — Пяць гадоў ужо прайшло, пара б змірыцца.