* Герон з Александрыі — грэцкі навуковец і інжынер. У сваёй працы «Пнеўматыка» (каля 130 г. да н. э.) апісаў уладкаванне паравой турбіны. У 1615 г. французскі інжынер Саламон дэ Ко (1576—1626) прапанаваў канструкцыю ўдасканаленага паравога рухавіка.
Параза нашая падавалася непазбежнай, але, на шчасце, доктар Зубдамус, сабраўшыся з думкамі, прыйшоў нам на дапамогу і пацікавіўся, ці могуць егіпцяне скласці нашым сучаснікам сур’ёзную канкурэнцыю ў такім важным пытанні, як адзенне.
Граф зірнуў на штрыпкі сваіх панталонаў, потым узяў адну з фалдаў фрака, паднёс яе да самых вачэй і разглядаў так некалькі хвілінаў. Калі ён урэшце выпусціў яе, яго ўсмешка спакваля распаўзлася ад вуха да вуха, аднак не магу прыгадаць, каб ён штосьці адказаў.
Тут мы павесялелі, і доктар, з вялікай важнасцю падышоўшы да егіпцяніна, пажадаў дазнацца, ці можа даць ён зуб, што яго супляменнікі здолелі калі-небудзь наладзіць вытворчасць «Пігулак Зубдамуса» ці «Таблетак Брандрэта».
З глыбокім трымценнем чакалі мы адказу — але марна. Адказу не было. Егіпцянін пачырванеў і апусціў галаву. Ніколі трыюмф не быў такім поўным, ніколі параза не прымалася з такім жалю вартым выглядам. Шчыра кажучы, я не мог нават глядзець на прыгнечаную мумію. А таму ўзяў свой капялюш, суха пакланіўся графу і выйшаў.
Вярнуўшыся дадому, я ўбачыў, што ўжо пятая гадзіна, і тут жа скіраваўся ў ложак. Цяпер дзесяць гадзінаў ранку. Я на нагах з сямі, заняты напісаннем гэтай памятнай нататкі на карысць мае сям’і і ўсяго чалавецтва, якіх я больш ніколі не ўбачу. Мая жонка — змяя. Папраўдзе кажучы, мне дарэшты абрыдла і гэтае жыццё, і гэтае дзевятнаццатае стагоддзе ўвогуле. Я ўпэўнены, што ўсё ідзе кепска. Да таго ж мне страшна цікава, хто будзе прэзідэнтам у 2045-м. А таму як толькі я пагалюся і праглыну кубачак кавы, то адразу ж скіруюся да доктара Зубдамуса і папрашу забальзамаваць мяне на пару стагоддзяў.