— Не, дзякуй. Крэсла тут няўтульнае, заснуць немагчыма…
— Ага, і паддувае яшчэ, – са шкадаваннем кіўнуў кантрабандыст і адвярнуўся.
На хвіліначку Роберту захацелася распавесці яму пра прыгажосць новага ратэрдамскага маста вось у гэтыя самыя хвіліны, калі толькі ўзнімаеца сонца. Але не для таго ён скончыў універсітэт і прапрацаваў тры гады ў “культурным” дэпартаменце амерыканскай выведкі, каб раскалоцца перад першым сустрэчным.
З гэтай ды іншымі думкамі ён апынуўся перад маленькім акенцам, адказаў на некалькі дзяжурных пытанняў суворага памежніка, атрымаў пячатку ў пашпарт і, нарэшце, з палёгкай уздыхнуў. Уваход адбыўся.
Пасля перасячэння мяжы краявід за вакном, па сутнасці, не змяніўся. Праўда, дадалося пачуццё шчымлівай радасці – усё ж такі СССР быў ягонай самай першай радзімай. Ён дасюль адчуваў з гэтай краінай нейкую ірацыянальную повязь.
Паблукаўшы яшчэ хвілін з дзесяць па вузкіх гарадскіх вуліцах, аўтобус спыніўся на нёманскай аўтастанцыі.
Роберта ніхто не сустракаў. Гатэль быў у пешай адлегласці. Дзякуй богу, карту горада ён надзейна трымаў у галаве. Шлях да гатэля ляжаў праз гістарычны цэнтр. Аб ім ён ведаў нашмат больш, чым які-небудзь сярэдні мясцовы краязнаўца. Спецыфіка задання патрабавала вельмі добрага валодання гістарычным матэрыялам, грунтоўнага папярэдняга вывучэння горада. Ён справіўся з гэтай задачай. Пры падрыхтоўцы вывучыў на памяць спецыяльна падрыхтаваную ў двух тамах гістарычную даведку аб кожнай вуліцы і кожным маламальскі старым будынку: год узвядзення, асаблівыя рысы, характарыстыка стылю, ступень захаванасці, асноўныя каштоўнасці ды, канешне ж, гісторыя жыхароў і падзей, звязаных з імі.
Нават цяжка ўявіць, як можна было скласці настолькі падрабязны даведнік удалечыні ад самога Нёмана. Тым не менш, амерыканскія аналітыкі з “гістарычнага” аддзела, бог ведае з чыёй дапамогай, зрабілі самы поўны збор фактаў, які наогул мог існаваць.
Па праўдзе, цікавіла Роберта толькі апошняя частка апісанняў, дзе распавядаліся гісторыі месцічаў. Рэшта – даты, лічбы ды іншы інфармацыйны хлам – мала што казала пра гарадскі кантэкст.
Горад адразу ўзрушыў яго кантрастам паміж архітэктурным абліччам і агульнай атмасферай, неадпаведнасцю ўбачанага на першым і другім-трэцім паверхах старых камяніц. Там, дзе мусілі быць шумныя кавярні, рэстарацыі, мастацкія галерэі ды разнастайныя лаўкі, панавала цішыня. Толькі незразумелыя канторы ды ціхія невыразныя шапікі. Крамы пакінулі толькі самыя неабходныя, большасць кавярняў і бістро стаялі зачыненыя. Вокны без фіранак сваёю разяўленай чарнатой сведчылі аб бягучым працэсе перасялення.
Дзе-нідзе ў шчыльных шэрагах будынкаў заўважаліся і пустоты. На месцы асобных дамоў узводзіліся даволі звыродлівыя вуглаватыя панэльныя каробкі. Высокія, нязграбныя, пазбаўленыя дэкору і ўсялякай прывабнасці, быццам і не людзям яны прызначаліся.
Роберт выразна ведаў і адчуваў гісторыю кожнага будынка, што бачыў на сваім шляху. Вось тут – прыгожы храм і пры ім кляштар сясцёр брыгітак з высокай званіцай праз дарогу. З сярэдзіны ХІХ стагоддзя кляшторныя будынкі імкліва пусцелі, аж пакуль не засталіся ў іх толькі дзве жанчыны-“аспіранткі”. Сядзелі яны па вечарах на верандзе вялізнага драўлянага лямуса, адна насупраць другой, спрачаючыся, хто хутчэй памрэ і ці хопіць тады малітваў, каб зберагчы ордэнскую маёмасць ад гарадскіх хуліганаў.
А вось тут насупраць жыў мужчына, які прыехаў з Рыгі ды амаль не размаўляў па-тутэйшаму. Затое валодаў выдатнай калекцыяй пудзілаў маленькіх жывёлак. Некаторыя чуллівыя месцічы насілі да яго памерлых сяброў меншых – на ўвекавечанне. Таксама бегалі суседскія хлапчукі: адзін з іх вельмі бянтэжыўся, што фігуркі нежывыя. Той самы хлапчук пазней заснаваў заапарк.
Ці была гісторыя тут, побач з ім? Відавочна, што не. Яна ўжо даўно сышла ў нябыт, памерла разам з носьбітамі памяці. Перад ім паўставала адно непрывабная рэчаіснасць з іншымі праблемамі. І што засталося? Бадай, толькі даты ў паперах.
А яны навошта? У жыцці кожнага гісторыка непазбежна паўстае аднойчы пытанне аб сэнсе дат і гісторый асобных людзей. Адказаць на яго трэба шчыра. Абстрагавацца ад шкалярскага «Ніstoria est magistra vitae», узняцца па-над неабходнасцю ствараць дзяржаўныя ідэалогіі ды нацыяналізмы. Нарэшце, адкінуўшы нават практычную неабходнасць выдачы архіўных даведак, усё роўна трэба адказаць хаця б самому сабе – навошта?