Для Роберта шматзначнасць рэчаіснасці заўсёды перакрэслівала падставы для пошуку практычнага сэнсу. Ён верыў у іррацыянальнасць чалавека і, тым больш, у іррацыянальнасць гісторыі. Чым настойлівей спрабаваў нехта патлумачыць працэсы мінулага, тым больш смешным гэта выглядала.
Ад свету прыгодніцкіх раманаў і фантастычных кінафільмаў гісторыю зыскоўна адрознівае заснаванасць на “сапраўднасці”. Усе маленькія гісторыі выцякаюць адна з адной, пераплятаюцца. Іх цікава распутваць, а потым запутваць наноў. Дакладныя даты з’яўляліся толькі злучкамі ў гэтых канструкцыях.
Ідучы праз горад, Роберт, як і любы іншы гісторык, прадзіраўся скрозь павуцінне сэнсаў, павуцінне назаўсёды жывых істот. Для гэтага непадфарбаванасць і пашарпанасць будынкаў не мела аніякага значэння. Але ўсё тое існавала адно ў ягонай галаве. Нёманскія мінакі сёння відавочна не пераймаліся сэнсамі, а, шкадуючы сябе, пляліся на працу.
Думкі з цяжкасцю чапляліся адна за адну. Усё гэта былі развагі стомленага недасыпам чалавека. Нарэшце дайшоў да гатэлю, зарэгістраваўся, атрымаў ад няветлівай дзяжурнай бялізну і зваліўся на ложак. Паспаць выпадала не больш за тры гадзіны.
5
Калі прытомнасць пачала вяртацца, да Роберта спачатку данесліся гукі працуючых рухавікоў, а потым, як перамаўляюцца людзі. Мяркуючы па колькасці галасоў, людзей было вельмі шмат. Роберт расплюшчыў вочы і знайшоў сябе ляжачым на лаўцы пад вялізным навесам. Побач стаялі аўтобусы, напалову запоўненыя пасажырамі. Паўсюль сноўдаліся мужчыны і жанчыны з валізкамі розных памераў і колераў.
“Што гэта? Экскурсійная вандроўка? Турысты?” – падумалася яму.
“Аўтавакзал!” – прыслужліва падказаў розум. Галава шалела, думкі ўпарта не хацелі рабіцца празрыстымі і ледзь намацаныя выслізгалі прэч. Аднекуль, зусім невядома адкуль, праступіла разуменне, што ён хвіліну таму сам выйшаў з падобнага вялікага аўтобуса.
“Куды гэта я ехаў?” – мітусіліся думкі.
“Не, гэта не самае важнае цяпер”, – напіралі ім у адказ іншыя. – “Важна, куды ты ўрэшце прыехаў”.
Сонца стаяла так, нібыта было ўжо моцна па абедзе. Прыпякала. Ён зрабіў высілак і ўладкаваўся на лаўцы паўседзячы. Цяпер гэта выглядала больш прыстойна, чым проста ляжаць. Роберт агледзеўся, намацваючы вокам хоць якія прасторавыя арыенціры. Арыенціраў не ставала. Горад здаваўся абсалютна невядомым. Валізкі побач не было. Магчыма, спёрлі, але папераймацца гэтым ён вырашыў потым, як толькі дазнаецца пра больш важную рэч. Падаецца, ён намераваўся паехаць некуды ў міжнародным аўтобусе. Так, сапраўды! Ён намацаў у нагруднай кішэні вялікі простакутнік паперы, складзены некалькі разоў. Аказалася, гэта квіток на маршрут “Рыга-Прага”. На сённяшні, напэўна, дзень. Цяпер выбар моцна звузіўся.
У галаве сталі з’яўляцца вобразы вялікай п’янкі. Ён быў з сябрамі, ён моцна перабраў. Потым зразумеў, што спазняецца на аўтобус. Яны злавілі таксоўку, заехалі на нейкі прыпынак, на якім стаялі два аўтобусы – адзін з Рыгі ў Прагу, а другі з Прагі ў Рыгу. Відаць, проста сустрэліся на шляху. Адзін з іх пачаў ад’язджаць ад перона, сябры рэфлекторна замахалі рукамі і закрычалі нешта кіроўцу. Цудам яны дакрычаліся да яго. Кіроўца моцна абураўся і… нават не паглядзеў на квіток. Потым правал. Што гэта за аўтобус такі быў? Куды ён мяне прывёз? Ці то Рыга, ці то Прага…
Роберт агледзеўся яшчэ раз. Насупраць аўтавакзала пачынаўся сапраўдны горад, дзе віравала жыццё з трамваямі, прыгожымі дзяўчынамі і газетнымі шапікамі. Народ спяшаўся па справах. Будынкі на вуліцы былі трох-пяціпавярховыя, прыгожыя, відавочна старыя, у такім эклектычным стылі. Роберт ніколі не быў ні ў адным са згаданых местаў, таму ніяк не мог ідэнтыфікаваць краявід. Усё, што ён ведаў пра рыжскую і праскую архітэктуру, гэта тое, што большасць будынкаў там узведзеныя ў XVIII-XIX стагоддзях, адчулі моцны ўплыў нямецкіх архітэктурных традыцый, югендстылю і ўсяго такога. Штосьці нямецкае сапраўды чыталася ў абліччы прывакзальнай вуліцы, але гэта зусім не прасвятляла сітуацыю.
Наогул, апошнімі гадамі ўсе гарады станавіліся для яго вельмі падобныя – з прыгожымі адрэстаўраванымі фасадамі, бляшанымі дахамі, флюгерамі на вежачках, сувенірнымі крамамі і турыстычнымі групамі, якія шпацыравалі па старадаўніх брукаваных вулачках ад катэдры да музея і назад. Усё было адно і тое. Ён падазраваў, што і апраналіся людзі ў падобныя строі, і харчаваліся ў аднолькавых сімпатычных кавярнях з духмянай кавай. Пустыя падарожнікі сваімі турыстычнымі зацікаўленасцямі заціралі гарадскую своеасаблівасць, рабілі цэнтры падобнымі да лялечных дамкоў, дзіцячых пляцовак, дзе добра пабавіць час за келіхам чагосьці мясцовага, сфатаграфавацца і набыць магніцікі. А як там жыць?...