Тут Роберт прыгадаў, што, відаць, мова ў жыхароў мусіць быць розная, і хоць не разумеў ні па-рыжску, ні па-праску, насцярожыўся на людзей побач. Гэта мусіла стаць адказам. Трое мужчын нешта жыва абмяркоўвалі па-італьянску, купка дзяцей ля бліжэйшага аўтобуса – па-нямецку, а пара пенсіянераў з валізкамі, што праходзіла побач, – па-французску. Роберт пахаладзеў.
І раптам яго погляд уперся ў гіганцкі агітацыйны плакат на сцяне аўтавакзала, на якім на фоне гатычнага касцёла стаяла ўсмешлівая сям’я з малым. Знізу па-руску чырванеў подпіс: “Рэстаўрацыя – гэта калі ашчаджаюць газ”. Тут ён прыгадаў, што Рыга – гэта адна з савецкіх сталіц і прачнуўся.
Прачнуўшыся, знайшоў сябе ў гатэльным нумары памежнага Нёмана. Даносіліся галасы гарадской плошчы. Даўно трэба было выходзіць і пачынаць працу.
Сустрэча была прызначана на дзве гадзіны апоўдні, у цэнтры, на вуліцы Урыцкага, ва ўнутраным дворыку прыгожага старасвецкага дома. Двухпавярховая камяніца з дробнай цэглы, пафарбаваная ў блакітны колер. То бок, калісьці гэтая фарба лічылася блакітнай, але цяпер выгарэла, прыцьмела, месцамі ацярушылася, і колер стаў проста брудным. Паміж першым і другім паверхамі з боку вуліцы праз фарбу высвечваўся кароткі замазаны надпіс. Можна было разгледзець толькі тры апошнія літары “str.”, быццам рэшта нямецкага слова “штрассе”. Фашысты за перыяд нядоўгага панавання паспелі перайменаваць ледзь не ўсе вуліцы. Сценка пад кожным акном была выкладзеная фігурна, каб цэгла ўтварала форму келіха. Што тут да чаго?...
Новыя гарады заўсёды падаваліся Роберт вельмі таямнічымі. Савецкія не былі выключэннем. У дзяцінстве ён любіў ехаць у цягніку на вялікія адлегласці і глядзець у вакно. Захапляльным было бачыць там людзей, якія акурат у той самы час поркаліся ў агародзе, або, напрыклад, ехалі кудысьці на ровары. Тут, канешне, галоўны момант – немагчымасць выткнуцца з вакна і запытаць тых людзей, што ўласна яны робяць, куды спяшаюцца? І праз гэта, што б у вакне цягніка не паказвалі, усё падавалася значным і таямнічым.
Тое самае ў замежжы, толькі там яшчэ цікавей! Мясцовы жыхар размінаецца з табою ў пад’ездзе ці сядзіць у кавярні за суседнім столікам, і ў гэты момант падаецца, што побач цэлы сусвет. Асабліва, калі гэты чалавек інтэлігенцкага выгляду. Роберту вельмі падабалася думаць, што гэта можа быць мясцовы пісьменнік, філосаф або ўніверсітэцкі прафесар. У горшым выпадку – палітык. І што гэты чалавек акурат заняты нечым неверагодна значным.
Праўда, потым, праседжваючы гадзінамі ў Страсбургскіх кавярнях, ён усвядоміў, што ўжо вывучыў мову і можа нахабна запытацца ў суседа – чым той займаецца. Больш за тое, пасля доўгага знаходжання ў Заходняй Еўропе ўжо нескладана было здагадацца, што гэта за людзі перад табою і аб чым яны думаюць. Нават не трэба пытаць. І замежжа зраўнялася з радзімай і перастала быць цікавым. Цяпер цікава было толькі там, дзе яшчэ ні фіга не разумееш. Як у Нёмане.
Роберт прайшоў у арку, асцярожна зазірнуў ва ўнутраны дворык. Прастора была сціснутая і замкнёная. Аднекуль данёсся гук плыты або радыёлы – Муслім Магамаеў несезонна спяваў: “Слишком холодно на дворе, Зря любовь пришла в декабре…”
Адначасова ў двары адчувалася абжытасць – такая моцная, напоўненая пахамі, традыцыямі і чужымі ўспамінамі. У цэнтры двара стаяў бак са смеццем, на якім крыва чырванеў быццам пальцам зроблены надпіс “Час забора – 12:00”.
“Вось так, – падумаў Роберт, – у гэтым горадзе ўжо скончылася эра Вадалея і надыйшоў час Забора”.
З прыадчыненых дзвярэй патыхала кашацінай. Сапраўды, адтуль вынырнула котка, спалохалася Роберта і з хуткасцю “Канкорда” сіганула прэч. Следам за ёю пачуўся грук абцасаў па драўлянай лесвіцы.
Так, дакладна, усё згодна з апісаннямі, гэта была Таццяна. Прыгожая бялявая жанчына бліжэй да трыццаці. Паколькі ў дворыку стаяў ён адзін, не было асаблівай патрэбы ва ўзгадненнях ды знаёмстве. Абмен паролямі, стрыманае дзелавое прывітанне.
— Спякотна тут у вас, сонца хоць і веснавое, але дае жару. А пры капэле Джота ў Падуі існуе спецыяльны пакой для ахалоджання цела наведвальнікаў перад выхадам да саміх фрэсак. Нармальная чалавечая тэмпература – 36,6 градусаў. Рэстаўратары ж ахалоджваюць турыстаў да 23-х. І толькі потым людзі заходзяць, – ён засмяяўся ўласнаму жарту.
— А ў нас для замежных турыстаў кошты ў музеях удвая вышэйшыя, – не зразумела Таццяна. – Хадзем, я пакажу вам самае галоўнае. Тут літаральна некалькі адрасоў. Хаця можна і проста прысесці. Шмат што яны паспелі зрабіць, але тое-сёе яшчэ толькі рыхтуецца, і таму цалкам рэальна перашкодзіць.