Данііл абыйшоў будынак і з радасцю ўбачыў, што ўваходныя дзверы ледзь прыадчынены. Значыць, можна паглядзець, і калі ўдасца, то нават пагутарыць з кімсьці з гаспадароў, максімальна асцярожна, як вучыў Васілій Іванавіч. Данііл ступіў у цемру.
У касцёле было халаднавата, асабліва ў кантрасце з вулічнай гарачынёю. Пах у храме стаяў не тое каб непрыемны – проста чужы. Падлога, пакрытая шэрым камянём, надавала крокам таямнічы прыцішаны гук. Як прынята пісаць у прыгодніцкіх раманах, “з вокнаў сачылася мяккае святло”.
У касцельнай глыбіні свяціліся парэшткі алтара – нейкія скульптуры, пара старых карцін, усялякая рэлігійная драбяза. Відаць, гаспадары даўно сышлі адсюль, а тое, што засталося ад іх культу, стаяла хутчэй па інэрцыі, дзеля бачнасці. І шоргаты тут не аддавалі гулка, як у іншых цэрквах, а былі мяккімі, губляліся ў аграмаднай прасторы.
Было вельмі ціха, нават напружана. Данііл на некалькі секунд збаяўся. Стала няўтульна, але ён тут жа падхапіўся, прыгадаў хто ён такі ды навошта прыйшоў, і гэтая думка прывяла яго ў адпаведны баявіты стан. Ён смела пакрочыў глыбей.
Але ж смеласць ягоная ізноў мела кароткае жыццё. Чым бліжэй Данііл падыходзіў да алтара, тым больш выразна адчуваў, як стары будынак давіць на яго, спрабуе навязаць нейкую сваю страшную і доўгую гісторыю. Ён раптам прыгадаў, як у школе настаўніца распавядала ім, што кожны гатычны храм з’яўляецца маленькай мадэллю сусвету. Сапраўды, касцёл сваёй аўрай нібы намаўляў яму пачуццё міру, спрадвечнасці, містычнай субстанцыі, якую вернікі, відаць, і называлі богам. Але ўсё гэта падавалася насцярожана-чужым. Данііл ішоў наперад, але не глядзеў наперад. Алтар не даваў яму адсунуцца і тым больш стаць спінаю. Не, далей тут знаходзіцца проста немагчыма.
Нечакана ён зразумеў, што не з’яўляецца самотным. За-за бакавой калоны данесліся крокі, і ён адразу заўважыў сілуэт. Зрок яшчэ не вельмі добра падпарадкоўваўся ў паўцемры, але ўжо зразумела, што метрах у дзесяці, простя ля сцяны, стаіць ды ўважліва назірае за ім маладая жанчына. Данііл вырашыў падыйсці бліжэй.
Павысіць голас і аклікнуць яе было няёмка. Магчыма яна магла б падказаць дзе знайсці святара, і ў якія гадзіны збіраюцца вернікі. Данііл зрабіў некалькі крокаў насустрач. Яму ўжо ўдалося засяродзіцца і разабраць яе выразныя прыгожыя рысы, і нават маленькія залатыя завушнічкі. І тут ён разглядзеў таксама, што яна да яго не вельмі прыязная.
— Дзень добры! Прыгожая царква… То бок касцёл, – ён нязграбна паспрабаваў завязаць размову. – Скажыце, як мне знайсці святара і прыхажан? Вы ходзіце сюды? Моліцеся?
Жанчына маўчала і працягвала глядзець на яго.
— Я чуў, на гэтым месцы раней была праваслаўная царква. Як вы да гэтага ставіцеся? – працягваў Данііл, ужо адчуваючы, што размовы не атрымаецца.
Адказу сапраўды не было.
“Мабыць, памаліцца зайшла, – падумаў Данііл. – Ладна, не буду ёй перашкаджаць. Можа яшчэ полька нейкая, з тых самых… У рэшце рэшт, якое гэта мае значэнне…”.
Жанчына глыбока ўздыхнула ды пайшла да дзвярэй.
7
Праз пару хвілін Данііл выйшаў на залітую сонцам вуліцу. Адразу ўбачыў ля агароджы старога музейнага знаёмага Валянціна Пятровіча, і з ім побач тую самую бялявую. Яны пра нешта гутарылі, і, як толькі жанчына выразна кіўнула ў бок касцёльнага ганку, Данііл зразумеў, што абмяркоўваюць менавіта яго. Неабходна было падыйсці.
— Няўжо аблвыканкам цяпер з парткамам ды гарвыканкамам касцёл будзе наведваць па нядзелях? Ці суботнік дапаможаце зладзіць? – замест прывітання пачаў Валянцін Пятровіч з нацягнутай усмешкай.
— А вы тут якім лёсам? – адказам на адказ перайшоў у абарону Данііл.
— Дык з працы іду – музей жа побач! А вось пазнаёмся – мая найлепшая сяброўка Таццяна, таксама гісторык. – Таццяна з Даніілам суха кіўнулі адзін аднаму. – А ты няўжо ў вернікі пайшоў? У нас нават у музеі наведванне рэлігійных устаноў не вітаецца, а ў вашай канторы тым больш. Не баішся?
— Ды не за тым я тут. Разумеце, такая справа… Зараз прапрацоўваю пытанне аб зносе аварыйнага касцёльнага будынку. Такое заданне далі.
Валянцін Пятровіч насупіўся, пазмрачнеў і нават зрабіў крок ад Данііла, нібыта намерыўся збегчы. Але ўсё ж стрымаўся і з незадавальненнем паглядзеў на Таццяну.
— А я ж казала! Чуткі пацвердзіліся! Як прагаварыўся мне сусед, будтрэст ужо атрымаў праект і смету ўпарадкавання тэрыторыі. Цяпер з дня на дзень чакай бульдозераў. Ці падрыўнікоў, не ведаю, што ў іх цяпер за мода. Вось і гэты тут круціцца. А чаго круціцца, калі ўсё вырашана? – Таццяна нервова ўздыхнула ды перапляла рукі.