Выбрать главу

— Дык вось яно што… Што ж вы як з цэпу сарваліся ў сваім аблвыканкаме? Данііл, ты ж нармальны хлопец. Мы ж настойку пілі! Няўжо не памятаеш? І цяпер зносіць такую прыгажосць?

— Таварышы, таварышы, чакайце. Супакойцеся, калі ласка. Яшчэ нічога не вырашана, бо я акурат прапрацоўваю гэтае пытанне. Можа і не будзем зносіць. Калі, напрыклад, акажацца, што будынак мае вялікае гістарычнае значэнне, калі тут даты нейкія з ім звязаныя ці што яшчэ. – Данііл крытычна паглядзеў на храм. – Ды і потым, таварышы музейшчыкі, патлумачце, дзе тут асаблівая прыгожосць? Паглядзіце туды – расколіна ў сцяне, палова дахоўкі пасыпалася. Мо і пара снарадаў сюды патрапіла ад нямецкіх бамбардзіровак.

— Ды цур цябе! Ад савецкіх жа! – не ўтрымалася Таццяна.

Валянцін Пятровіч пшыкнуў на яе, як на дзіцё, якое незнарок сказала праўду пра тлустую мамкіну сяброўку, ды потым ізноў нібыта па-бацькоўску абняў за плечы. Але гэтага было дастаткова, каб Данііл перайшоў у контрнаступленне.

— Я вас, таварышы, папрашу быць больш стрыманымі! Мы з Валянцінам Пятровічам сябруем, і я нікому не раскажу, што зараз пачуў. Але вы запомніце: за такія паклёпніцкія выдумкі вельмі хутка пазбавіцеся партбілета. І працы таксама. І нават у турму можна сесці. Вы не забывайцеся, што вы перадусім савецкія гісторыкі! Абавязаныя казаць пра Вялікую Айчынную вайну толькі праўду. А тое, што вы зараз сказалі – гэта наўпроставая антысаветчына, – ён ледзь перавёў дух, пакуль тыя змаўчалі.

І працягнуў:

— Ды калі на тое пайшло, не так і важна зараз чый там снарад ці бомба былі. Будынак аварыйны, прыхаджанаў няма. Хто ім карыстаецца? А вось гораду вельмі не хапае прыгожага сквера. Дзе людзям з дзецьмі гуляць? Ізноў, ці прыгожа гэта, каб першамай паміж двух касцёлаў ладзіўся? Вунь насупраць адзін – там купка вернікаў, а савецкая ўлада аб іх клапоціцца, касцёл не кранае. А вы тут што, за рэлігію ўступаецеся? Дык рэлігія – опіюм!

Данііл адчуваў, што тое, што ён гаворыць, вырываецца на нейкім адміністратыўным аўтамаце, і ён сам у рэшце рэшт не надта перакананы ў неабходнасці разбурэння. Але ўнутраны службіст гучна, мерна і ўпэўнена, па-Левітанаўску, казаў голасам, патрабуючым маментальнай згоды. А ён сам за ім чамусьці проста паўтараў.

— Сапраўды, можа ніхто і не запратэстуе. Можа і няма больш вернікаў. Але іх няма, бо вы самі забараняеце верыць! А потым нават гэта не так істотна. Я не столькі аб верніках непакоюся. Я думаю, не трэба зносіць! Лепш захаваць, бо гэта можа самой нашай савецкай уладзе прыдацца!

— І як жа? – разгубіўся Данііл.

— Кінатэатр тут у храме можна зрабіць або, скажам, дом культуры. Выдатны ж будынак, вялікі! Адрамантаваць толькі.

— Ды ў тым і справа, што гэта, як там кажуць… нерэнтабельна. Развалюха! А для канцэртаў мы за ракой Кронан новую раскошную філармонію збудуем хутка. Зразумейце, на змену старому абавязкова мусіць прыходзіць новае! Зараз час такі – дзеянняў і пераўтварэнняў. І краіна нашая, і горад гэты патрабуюць прагрэсу, а такія як вы – стаіце на шляху народа.

— Ды якая развалюха!? Ты ведаеш, што архітэктуру старажытную сёння ва ўсім свеце захоўваюць? Гэта гісторыя наша, памяць, багацце шматвякавое – усё ў гэтых мурах. Ты прыехаў сюды і не разумееш гэтага! Ты проста не ведаеш, як можа быць інакш. У свеце турыстаў возяць, цешацца культурным набыткам. Але твой начальнік, і ўсе хто працуе ў аблвыканкаме проста не хочуць гэтага разумець. Павер, будзе іншы час, і ўсё зменіцца – зменяцца людзі, эпоха, і, мабыць, каштоўнасці. Дзяржавы змяняюцца, а гэты касцёл стаіць. Дык хай бы стаяў!

— Вы так дагаварыцеся, Валянцін Пятровіч! Нічога тут ніколі не зменіцца. Савецкая ўлада ніколі з гэтага горада не сыдзе! Ды ўрэшце, я паўтаруся, было б што захоўваць. Гэта ж не Казанскі вам сабор! Ну што тут – адкрыйце энцыклапедыю: касцёл, а тады царква, поўнасцю перабудаваны пасля пажару. Тут нічога старажытнага! Так, аскепак царызму.

— Ды хлусіць жа твая энцыклапедыя! – ускіпеў Валянцін Пятровіч, ды так, што Таццяна сама спалохалася хуткага пад’езду міліцыі. – Гэта няпраўда пра перабудову! Я твайму папярэдніку распавядаў, але яго звольнілі ды цябе ўзялі! Я пра гэта ў газету пісаў, дык не надрукавалі! Я ў гарвыканкам ды аблвыканкам лісты слаў, і прасіў каб у спіс помнікаў уключылі. Не ўключылі! Ты прыглядзіся ўважлівей!

— Дык і адсюль бачна!

— Насамрэч гэта толькі знешні слой цэглы, а ўнутры – сапраўдны старажытны мур, які чакае адкрыцця ды навуковай рэстаўрацыі. Вось хадзем, – ён схапіў Данііла за руку і літаральна сілай пацягнуў да вялікай расколіны.