Яны зірнулі туды. Было кепска бачна, але Валянцін Пятровіч дастаў з сумкі маленькі ліхтарык і пасвяціў. Данііл мала што разумеў.
— Бачыш, цэгла зусім іншага памеру? Гэта цэгла сямнаццатага стагоддзя, вельмі каштоўная. Яна маленькая, але вельмі, вельмі трывалая. Мы дасюль не можам зразумець тэхналогію, па якой тую цэглу рабілі. Але гэта не ўсё.
— А што яшчэ?
— Ты ў сутарэнні не спускаўся. А мы іх нядаўна адмыслова даследавалі. Я і сам доўга не мог паверыць. Я пераправяраў дадзеныя, і вось толькі пазаўчора атрымаў адказ ад сябра з Кіева, які пацвердзіў гіпотэзу. Дык вось, скляпенні насамрэч належаць дзясятаму стагоддзю, калі тут збіраліся будаваць першую каменную царкву. У князя сродкаў не хапіла, яны паставілі толькі сутарэнні, а далей перайшлі на дрэва. Пасля ўжо драўляны разабралі ды паставілі гэты. А сутарэнні – вельмі моцныя – яны захаваліся. Гэта архітэктура, створаная да хрышчэння Русі, да падзелу цэркваў, калі ні праваслаўных, ні каталікоў яшчэ не было! Ты проста не ўяўляеш, якая гэта культурная каштоўнасць!
— А што калі вы падманваеце?
— Зараз пішу ліст у Маскву, у Інстытут археалогіі, каб прыехала камісія. Гэта будзе помнік усесаюзнай значнасці. Будзем турыстаў сюды вадзіць! І мы, а калі хочаш, то і ты – мы ўсе станем першаадкрывальнікамі.
Данііл не ведаў як рэагаваць. Аргумент быў пераканаўчым. Праўда гэта, ці старажытнасць толькі што нарадзілася ў галаве хітрага гісторыка – ён сам адказаць не мог. Але варта было прынамсі дачакацца камісіі з Масквы. Бо калі раптам праўда… У Даніілавай галаве звонка адпячаталася дата: 988 год – прыняцце хрысціянства ў Кіеўскай Русі!..
Валянцін Пятровіч адкрыў сумку яшчэ раз, схаваў туды ліхтарык, але дастаў тоненькую тэчку з лістамі машынапіснага тэксту. На некаторыя лісты былі наклееныя тэхнічныя схемы і малюнкі.
— Вось другая копія. Пакуль пра гэта ведаем толькі мы ў вузкім коле. Я хацеў дачакацца камісіі, каб казаць абсалютна ўпэўнена, але бачу, што справы ідуць кепска. Передаю яе табе. Пакажы свайму шэфу. Хай даведаюцца!
Яны ўтрох адыйшлі ад касцёла. Валянцін Пятровіч выдахся і больш не ведаў што яшчэ трэба сказаць гэтаму савецкаму абармоту. І тут загаварыла Таццяна:
— Данііл Міхайлавіч, Данііл, дазвольце, я паспрабую яшчэ з іншага боку патлумачыць, чаму гэты храм мусіць захавацца. Разумееце, гарады жывуць па-рознаму. Па-рознаму будуюцца, упускаюць у сябе месцічаў, пераходзяць ад дзяржавы дзяржаве. І паміраюць яны па-рознаму. Адныя ціха і незаўважна становяцца глухаманню, усе з іх імкнуцца з’ехаць. Іншыя не здаюцца – іх часам сціраюць у труху, знішчаюць разам з жыхарамі, каб ніхто нават імя не ўзгадаў. Трэція, змарнаваўшы старасць на доказ уласнай непаўторнасці, ператвараюцца ў гарады-музеі, муміі.
Але заўсёды спробы перайначваць хаду гісторыі спатыкаюцца аб гарады-асобы. Ты не можаш зламаць нічога ў такім горадзе. Хутчэй горад паламае цябе. Сваімі плошчамі, чароўнымі храмамі і ганарлівымі асобамі ён будзе ўгрызацца ў тваю душу і перакоўваць яе на ўгодны яму аднаму манер. Наш Нёман – такі! У дваццатым стагоддзі ён перажывае ўжо чацвёртую дзяржаву, і кожны раз паўстае незалежным гульцом.
Яны пакрочылі ў напрамку замка. Данііл аглядаўся, але больш не спрабаваў уставіць сваё. Таццяна працягвала:
— Вы думаеце, уся гэтая архітэктура, аскетычная ляпніна, арнаменты ўзніклі проста так? Нічога выпадковага! У кожным завітку, у кожным акенным праёме свой сэнс. Вось бачыце гэтыя какошнікі? Гэта жыццё, гэта праход у іншы свет. Бачыце дзверы з разьбой? Там сонца, там карова з цяляткамі, там воін з апушчаным мячом. Кожны завіток тут распавядае пра сваё, а ўсё разам – гэта загавор: “Жыві з мірам, думай аб спрадвечным, працуй на радасць людзям і для Айчыны!”. Бачыце каваныя агароджы на гаўбцах? Даўнія майстры выраблялі іх са старога метала, пераплаўленага ад яшчэ больш старых каваных агароджаў, каб не перарваць традыцыю. Душы дзясяткаў тысяч нябожчыкаў, адпетых у гэтым храме, працягваюць ахоўваць наш спакой. А шмат хто і дасюль ляжыць тут, пахаваны пад гэтай касцёльнай падлогай. Гэта не проста ўзнёслыя словы. Так ёсць!
Падумай, ужо больш як 600 гадоў гэтая нітка цягнецца. Тут усё нашмат сур’ёзней. Дадай душы тысяч немаўлят, ахрышчаных тут, і мільёны пакаянняў, прамоўленых у гэтых сценах – усё ўтварае асаблівую энергію месца, і калі вы пачнеце рушыць гэтыя сцены, уся тая энергія… Куды яна падзенецца? Абрынецца на ўсіх, а потым знікне беззваротна...
Таццяна і Валянцін Пятровіч яшчэ доўга распавядалі Даніілу аб патаемных старонках гісторыі Нёмана, пра войны ды туташніх князёў-пераможцаў. Знайшлося там месца і Напалеону, і нават Антону Чэхаву. Такой колькасці дат ды каралеўскіх імён, колькі ён дазнаўся ў гэты вечар, памочнік па культуры за ўсё жыццё не чуў. А яшчэ людзі, людзі, людзі – усе такія розныя – гераічныя, труслівыя, але аб’яднаныя жыццём у адным горадзе. Аказалася, тут ёсць гісторыя. Тут яе шмат, ажно праз край! Яны вярнуліся ў музей, і, як у той мінулы раз, засядзеліся вялікай кампаніяй да пазна, слухаючы байкі, разглядаючы старадаўнія экспанаты, распутваючы гістарычныя рэбусы, падкінутыя вытрымкамі з архіўных дакументаў. І так хораша было…