8
Кабінет старшыні аблвыканкама выходзіў вокнамі на той самы стары горад. Васілій Іванавіч стаяў ля вакна, глядзеў на пралятаючы ўдалечыні верталёт ды думаў пра летні адпачынак. Як хораша будзе ўзяць жонку з дачкой, якія цяпер у Маскве, і матануць кудысьці ў Балгарыю. Ды хоць бы і ў Крым. Галоўнае – падалей.
Казалі ж яму сябры ў Маскве: “Нахалеру табе такое начальства? Гэты Нёман – для баб. Абсалютна жаночы горад. Там усё такое маленькае, утульнае і спакойнае, там ніхто не лезе на барыкады. Там усё побач, на кожным куце смярдзіць гэтай праклятай кавай. Павесішся яшчэ! Адно добра, мяжа побач, дык хоць кантрабандыстаў падушыш. А так што? Калі ты баба, самае месца. Як не – заставайся ў сталічных джунглях здабываць зубра”.
Не, усё ж не мелі рацыі гэтыя сябры. Ёсць тут вялікая справа…
У дзверы пагрукаліся і ўвайшла сакратарка Ядвіга Антонаўна, з пакетам яблык у руках:
— Сёння, Васілій Іванавіч, да нас дэлегацыя нёманскіх краязнаўцаў. Штосьці ў іх здарылася, ізноў незадаволеныя расчысткай пляцовак пад новыя сацыялістычныя будоўлі. Дык запісаліся на прыём. Наўпрост да вас. А гэта вось яблычкі, з канфіскаванага.
— О, даражэнькая мая Ядвіга Антонаўна, дык мы хіба сёння зноў будзем трэніраваць абарону ад роднага насельніцтва? Як самім адбівацца ды родны аблвыканкам адстойваць? Кругавую, як кажуць вопытныя байцы, – шэф зарагатаў і адгрыз адразу палову яблыка.
— Так то ж вучэбная трывога, каб тонус не губляць! – на ўсе зубы льсціва ўсміхнулася тая.
— Калі ў нас? – шэф сам адкрыў вялікі разлінеены сшытак з запісамі наведвальнікаў, што падала сакратарка. – У дзевяць трыццаць. Літаральна зараз. Гарматы зараджаныя?
— Дык я ж іх і не разраджала! Нічога, калі цяжка будзе, выклічам на падмацаванне асфальтаўкладчыкаў з трэцяга звяна, – яна таксама куснула яблык.
Такую трошкі свавольную атмасферу дазваляў сабе Васілій Іванавіч з падначаленымі.
— Ну і хрэн з табой. Будзем голымі рукамі. Добра хоць я “кацюшу” захапіў, – ён кіўнуў у бок вялікай мапы “План развіцця Нёмана да 2025 года”, і яны з Ядвігай Антонаўнай гучна рассмяяліся.
Дакладна ў прызначаны час у кабінет паскрэбліся. Дзвер нясмела прыадчынілася. Увайшлі трое. З позіркамі, поўнымі мальбы, яны нагадвалі бедных родзічаў з вёскі. Адзін – смялейшы інтэлігент з цыратавым партфелем, выступіў трошкі наперад і залепятаў:
— В-васілій Іванавіч, добры вам дзень. Мы ад грамадскасці прыйшлі. Ёсць пытанне да гарадской культуры, – тройца выглядала вельмі напалохана і выглядам сваім дэманстравала тыповых прадстаўнікоў разумовай працы.
— Слухаю вас уважліва, – адчаканіў шэф.
— Х-хацім звярнуць вашую ўвагу на разбурэнне дома, які мы з поўным правам можам назваць помнікам гісторыі і культуры, каштоўным набыткам нашага горада. Гэта двухпавярховая камяніца былой пякарні Вайцахоўскіх, што на рагу вуліцы Пралятарскай.
— Гэта там, дзе будуецца новы гарадскі калектар, што мусіць канчаткова вырашыць праблемы ачысткі сцёкавых водаў усяго Нёмана. Каб стала прыгожа і чысценька, – удакладніла Ядвіга Антонаўна. – Ці вы не хочаце, каб у нашым горадзе было чысценька?
— Ці мае наогул гэты дом статус помніка? – стрэліў на ўдачу Васілій Іванавіч, і адразу трапіў.
— Н-на жаль, не. Але мы лічым, што ён з поўным правам можа быць уключаны ў спіс спадчыны, якая ахоўваецца дзяржавай. А разборку ўжо сёння належыць прыпыніць, бо літаральна заўтра-паслязаўтра на яго месцы паўстане чарговы пустыр.
— І хто “мы” такія? – нахабна перарваў іх шэф. Гэты стары рытарычны прыёмчык заўсёды быў у арсенале вопытнага палітработніка.
— Х-хто? Грамадскасць…
— А спісачна?
— В-вось мы ўтрох. Але таксама мы правялі тлумачальную працу сярод жыхароў вуліцы Пралятарскай. Вось подпісы яшчэ васямнаццаці чалавек, – няўпэўненасць прадстаўніка грамадскасці прадказальна павялічылася.
— Несанкцыянаваную агітацыю значыць вялі?