Каб пачаць, трэ было спярша прыдумаць добрую тэму. Умова адна: каб у ёй ніхто апроч цябе ніфіга не шарыў, і лішніх пытанняў не задаваў. А гэта ж у навуковых колах яшчэ і заахвочваецца! Маўляў, даследуе малады чалавек недасяжныя раней далягляды!
“Камсамол РСФСР – актыўны памочнік партыі ў арганізацыі сацыялістычнага спаборніцтва на гарбарных прадпрыемствах рэспублікі ў гады другой пяцігодкі”. Як вам тэма? Або “Сям’я і шлюб украінскіх сялян у другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя”. Як на падбор! Галоўнае, як мага далей адсюль, і каб чытаць работу было нецікава ад самай першай старонкі.
У ленінку Палёны схадзіў два разы. Першы – каб скласці спіс навуковай літаратуры. Другі – пачытаць кніжку з серыі “Страны и народы мира”. Гэта каб атрымаць сапраўднае акадэмічнае ўяўленне аб прадмеце “даследавання” і быць па ведах нароўні з акадэмікамі. Далей – толькі вольны палёт. Ужо чаго, а фантазіі хапала аж з гакам. Палёны ў драбніцах распісваў матэрыяльную культуру качэўнікаў, паспяхова лавіў адрозненні ў пантэонах паўночных плямёнаў, вылучаў нюансы пахавальных абрадаў і гэтак далей.
Выходзіла бліскуча! Толькі выдатна на ўсіх іспытах, чырвоны дыплом, удзел у міжнародных канферэнцыях і нават дзве публікацыі! Адна – у зборніку Пензенскага педагагічнага інстытута, другая – ва ўніверсітэцкай малатыражцы. Усё гэта разам дазваляла без праблем праскочыць у аспірантуру. Далейшае жыццё бачылася пераважна ў ружовых колерах.
Але нешта сапсавалася. Не, не тое што прафесура прачухалася. Самому захацелася чагосьці большага. Каб павага ад грамадскасці была ці нешта такое. Яно зразумела – з наяўнымі талентамі Фернанам Брадэлем не станеш. Ды што там – да Сказкіна не дабрацца…
“Я навучу людзей ганарыцца героямі, мінулае – бессмяротна!”, – крыкнуў ён мне з вакна адыходзячага на Магілёў цягніка.
Палёны напісаў заяву аб выхадзе з аспірантуры па ўласным жаданні і “адбыў на месца сталай працы”. Праца знайшлася ў Магілёўскім раённым доме культуры, куды ён трапіў па пратэкцыі навуковага кіраўніка. Сэрца паклікала ў шлях: Палёны прыдумаў новы аб’ект прыкладання таленту. Ён проста аднойчы зразумеў, што савецкія грамадзяне, асабліва начальнікі, гісторыі не ведаюць зусім-зусім, а трапятанне перад ёю ў іх надзвычайнае. Адкуль гэта пайшло – таямніца вялікая. Што ні пачынай ім распавядаць – круглыя вочы і дзіцячае захапленне. Але галоўнае – усё прымаюць за чыстую манету.
На няшчасце начальнікаў, на той час акурат прыйшлася хваля ўшанавання загінулых ад фашысцкіх зверстваў піянераў ды юнакоў-падпольшчыкаў. Палёны з ходу прапанаваў усталяваць у гарадскім парку манумент з імёнамі маладых патрыётаў. Каб здабыць тыя слаўныя імёны, яго, выплаціўшы шчодрыя камандзіровачныя, на два тыдні накіравалі ў маскоўскія архівы. Там, ужо ў белакаменнай, фарсіраваннымі тэмпамі адмыслова да шасцідзясяціпяцігоддзя Усесаюзнай піянерскай арганізацыі з’явіліся на свет – былі вынашаныя і народжаныя ў цяжкіх пахмельных муках – імёны чатырох дзясяткаў маленькіх змагароў. Жорсткай запойнай раніцай здзейсніў подзвіг шаснаццацігадовы юнак Аттапырын. Ён уварваўся ў нямецкую камендатуру з двума шмайсерамі, грохнуў палову афіцэрскага складу, вызваліў вязняў-камуністаў, але быў акружаны і маляўніча загінуў, падарваўшы сябе на апошняй гранаце. Сталася гэта за тры дні да вызвалення горада. Слава героям!
Дырэктар Дома культуры быў чалавек ахвочы да грамадскай актыўнасці, таму нажыўку праглынуў лёгка. Ух, колькі ж гонару атрымалася! На цырымонію адкрыцця манумента прыехала цэнтральнае тэлебачанне. Інтэрв’ю ў Палёнага ўзялі адразу чатыры газеты – тры раённыя, адна рэспубліканская. Дырэктар пайшоў яшчэ далей і парупіўся ў гарвыканкаме аб пераназванні адной з гарадскіх вуліц у гонар героя. Усё так і зрабілі.
Я глядзеў па тэлевізары на шчаслівы твар Палёнага і мне здавалася, што ўсё гэтае відовішча задуманае дзеля аднаго толькі гледача.
“Я на крок ад перамогі!”, – амбітна паведаміў ён мне па тэлефоне ў той самы вечар.
Палёны паглядзеў на гэтыя радасныя твары і стала яму млосна. Ён узяў ды паведаміў маладому мясцоваму журналісту пра тое, што ўсе слаўныя гістарычныя падзеі былі толькі плодам фантазіі блізкага да алкагалізму маленькага чалавека. Разлік быў, вядома, на грандыёзны скандал. Палёны нават меў надзею, што яго яшчэ раз пакажуць па тэлевізары.
Але раптам высветлілася, што аб прынцыпах грамадскага ўладкавання малады чалавек ведаў яшчэ недастаткова. Прынамсі, менш за партыйных ідэолагаў. Нявопытны быў. На тым і пагарэў.