— Гэта што, усё пра пякарню?
— Канешне! Зроблена каласальная праца. Гэта гісторыя сабрана літаральна па драбніцах. Спадзяемся, што наша работа дапаможа наступным пакаленням нёманцаў лепш разумець гісторыю свайго горада, не паўтараць продкавых памылак.
— Так трымаць! Пішыце яшчэ! Не паўторым памылак продкаў! – Васілій Іванавіч падскочыў з крэсла ды пачаў трэсці краязнаўцам рукі.
Яны выйшлі, ледзь не кланяючыся і відавочна адчуваючы маленькую перамогу. “Не паўтарым памылак продкаў, не паўтарым”, – прабурчаў сабе пад нос старшыня, падкідваючы пакінуты краязнаўцамі фаліянт.
— Блін, вось пра што яны кажуць? Дык савецкая ўлада па сваёй прыродзе не можа паўтараць тых памылак… – ён пацягнуўся да ўнутранага тэлефона. – Ало, прыёмная? Карацей, у нас тут спіс асоб, якія ваду муцяць. Паглядзіце іх прапіску ды паведамце ўчастковым, каб правялі прафілактычную гутарку, а то яшчэ паўстанне падымуць. Не разумеюць, што савецкая ўлада ніколі не дазволіць сапраўдныя каштоўнасці пабурыць. Тым больш, што яна адрознівае сапраўдныя каштоўнасці ад уяўных, навязаных незразумела якімі сіламі. А гэту тэчку – у архіў.
— Будаўнікоў інфармаваць? – запыталася Ядвіга Антонаўна.
— А навошта? Іх справа – будаваць. Вось няхай і не спыняюцца, а тое будуць потым апраўданні левыя за парушэнне плану. Нам і так хапае, – ён ізноў зазірнуў у разлінеены сшытак. – Добра, ад гэтых адбіліся.
— Праз дзесяць хвілін падыйдзе наш новы галоўны архітэктар. Добры такі хлопец, са сталіцы даслалі.
— Ага, малады, неабазнаны, затое які амбітны! Усё што нам трэба выканае, вокам не міргне!
Пагрукаўшыся, у кабінет увайшоў малады, але ўжо з вялікімі залысінамі, мужчына. Ён тарапліва прывітаўся, прысеў, раскрыў вялікі кардонны планшэт, што прынёс з сабою. У ім аказаліся эскізы і нейкія чарцяжы.
— Ооо, я бачу вы не з пустымі да нас, як кажуць, рукамі, – адразу ўзрадаваўся шэф. – Хоць нехта талковы!
— Вось, таварышы! Адразу да справы. Ёсць шэраг прапаноў па арганізацыі гарадской прасторы на плошчах, што вызваляюцца пасля разборкі састарэлага жылога фонду нізкай гаспадарчай вартасці. Паколькі тэрыторыя ляжыць непасрэдна ў цэнтры Нёмана, дарэчна забудаваць яе сапраўды выбітнымі аб’ектамі. У нас з калегамі адбылася ўжо невялічкая працоўная нарада. Былі выказаныя некалькі вартых ідэй.
— Давай, здзіві нас!
— Квартал, які мы прапануем, будзе называцца “Дружба народаў”. У ім мы ўзвядзем некалькі будынкаў у традыцыях дойлідства розных краін і кантынентаў – як сацлагеру, гэтак і капіталістычнага свету. Пра капіталістычныя мы доўга мелі сумневы, але потым падумалі, што таварышы з абкама супраць не будуць.
Архітэктар разгарнуў першы вялікі ліст з намаляванай развёрткай вуліцы з рознакаляровымі дамкамі:
— Восем пяціпавярховых дамоў будуць у стылі рускага народнага дойлідства. Такія сабе маскоўскія купецкія асабнякі, толькі большых памераў.
— Вы што гэта, купецтва адраджаць задумалі? – зарагатаў Васілій Іванавіч.
— Ды што вы, гэта не больш чым архітэктурная алегорыя. Бо ж і купцам дамы будавалі простыя рускія майстры, арыентуючыся на свой прыродны густ, вынаходлівасць ды шматвекавыя традыцыі. Але гэта не ўсё.
Архітэктар згарнуў папярэдні ды дастаў наступны ліст з белымі дамкамі, спаласаванымі карычневай фарбай у геаметрычныя ўзоры:
— Я звязаўся са сваім сакурснікам, які цяпер працуе ў адным з гарадоў ГДР па абмене. Нямецкія таварышы гатовыя дапамагчы з распрацоўкай праектаў у стылі фахверк. Вельмі эфектныя будынкі паўстануць. Таксама пяціпавярховыя. Можна будзе яшчэ і камандзіровачку зладзіць.
Ён разгарнуў трэці ліст.
— Польскія таварышы дапамогуць са шляхецкім рэнесансам. Гэта таксама два будынкі. Будуць яшчэ некалькі дамоў з Палестыны, я праўда не паспеў іх намаляваць – падтрымаем сяброў, якія цяпер змагаюцца з ізраільскай ваеншчынай. Ну і ў мэтах умацавання супрацоўніцтва з буржуазнымі краінамі – адна галандская камяніца. Мяркую, у цэлым выйдзе гарманічна.
Ядвіга Антонаўна захіхікала, незразумела толькі ад зачаравання праектам ці то проста ад нерваў. Васілій Іванавіч узяўся за галаву:
— Вой жа, разумнік ты наш. Пра маскоўскія дамкі – гэта яшчэ куды ні шло. Усё іншае – лухта! Вам вольніцу дай, дык наогул цэркваў з мячэтамі набудуеце ў рамках умацавання сяброўства. Яшчэ і сінагогу ўлепіце, я вас ведаю. Мы тут з адным касцёлам ніяк не разбярэмся. Туфта твая “Дружба народаў”. Ды і не дазволяць яе. Ідзі, праектуй лепш мікрараёны. Нам новую панэльную серыю ўводзіць да канца года. Можа, дарэчы, і цэнтр ёй таксама забудуем. Выгадна падкрэслім перавагі савецкага прамысловага домабудаўніцтва.